З усёй краіны

 

Паляваньне на ваўкоў

Ваўка і дзьвюх ваўчых забілі паляўнічыя Смургоняў. Яны (а было іх болей за тры дзясяткі) абклалі чырвонымі сьцяжкамі тэрыторыю ў 10 км. І пагналі ваўкоў. Аднаго паранілі. Ды той уцёк.

Апошні раз гэткае масавае паляваньне было 13 год таму. Тады два ваўкі сталіся ахвярамі мясцовых Вільгельмаў Тэляў.

 

Хлопчык і лебедзь

Сакавіцкай раніцай смургонскія мэдыкі выратавалі лебедзя, які прымерз да лёду вадасховішча недалёка ад мясцовага шпіталю. Яго загарнулі ў цёплую коўдру, далі піць і хлеба. І ён аджыў.

У гэты ж дзень тамсама знайшлі 15-гадовага хлопца. Ён замерз, бо спаў п’яны на беразе — выпіў замнога зь сябрамі. Тыя пайшлі, а ён застаўся і памёр.

Тацяна Скарынкіна, Смургоні

 

Драма ў Баранавічах

Маёр міліцыі ў адстаўцы і пэнсіянэрка, якія адцягвалі маладафронтаўца Алеся Фалея ад мікрафону падчас мітынгу на Дзень Волі ў Баранавічах (мы пісалі пра гэта ў мінулым нумары), выявіліся ягонымі бабуляй й дзедам, якія баяліся за ўдзел унука ў палітыцы.

Мікола

 

Берасьцейцы — сазнацельныя

Кіраўніцтва Берасьцейскай вобласці вырашыла не выплачваць заробку ў калгасах і саўгасах да сканчэньня веснавое сяўбы. Гэтыя грошы накіруюць на закуп паліва. Для гэтых самых мэтаў увесну ва ўсіх дзяржразьліковых прадпрыемстваў Берасьцейшчыны забірацьмуць 1% ад прыбытку. Паводле словаў старшыні аблсавету Леаніда Лемяшэўскага, сяляне з разуменьнем паставіліся да рашэньня не выплачваць ім зарплату. «Яны лепш за іншых ведаюць, што ў выпадку зрыву веснавых работ можа адбыцца некіраваная сытуацыя», — сказаў Лемяшэўскі.

Паводле БелаПАН

 

Рэйд “Краю”

24 і 25 сакавіка – сымбалічны зьбег датаў у гісторыі Беларусі. 207 год таму пачалося паўстаньне пад кіраўніцтвам Т.Касьцюшкі, а праз 124 гады была абвешчаная незалежнасьць Беларусі.

Берасьцейская рэйдавая група арганізацыі “Край” 24 і 25 сакавіка наведала мясьціны, зьвязаныя з гэтымі датамі. У Сяхновічах, родавым маёнтку Касьцюшкаў, да адзінага ў Беларусі помніка правадыру паўстанцаў яны ўсклалі вянок, перавіты бел-чырвона-белай стужкай. Гэткі самы вянок на Дзень Волі зьявіўся на могілках жаўнераў войска БНР ген.Булак-Балаховіча ў Берасьці.

Краёвец

 

Шмон на мытні

Дэлегацыю Маладога Фронту і Беларускага Аб’яднаньня Маладых Палітыкаў (25 юнакоў), што ехала ў Чэхію на сэмінар «Перадвыбарныя тэхналёгіі», 4 гадзіны надглядалі на беларуска-польскай мяжы. Правяралі ўсё — нават касмэтычкі, шмінкі, пракладкі, тэрмасы. Перагарнулі ўсе газэты, кнігі, нататнікі, праслухалі аўдыёкасэты, прагледзелі відэафільмы. Сканфіскавалі вядомыя налепкі да акцыяў, некаторыя выданьні. Беларускую моладзь на сэмінары будуць вучыць ня толькі палітолягі, але й чэскія сэнатары, дэпутаты, міністры, а таксама група палітыкаў з Даніі. У рамках сэмінару пройдзе дыскусійны форум «Як змагацца з дыктатурай».

Паводле БелаПАН

 

“Ворша” –2001

Увечары 29 сакавіка каля будынку філярмоніі адбылася жорсткая сутычка маладафронтаўцаў ды БПСаўцаў са скінгедамі. Раней вырашэньне “спрэчных пытаньняў” адбывалася адносна спакойна, аднак, пачуўшы шэраг абразаў у свой бок, сябры БПС разагналі скіноў, паадбіраўшы “зброю” – драўляныя калы й дзягі. Усё адбылося гэтак хутка, што нават міліцыянтам, якія зьявіліся крыху пазьней, нічога на пажыву не засталося.

Язэп Купцэвіч

 

Пацярпелыя за Беларусь

25 сакавіка за раздачу ўлётак у Берасьці быў затрыманы Віктар Кучынскі. У Горадні быў затрыманы журналіст Зьміцер Ягораў. У Гомелі міліцыя затрымала двух удзельнікаў пікету да Дня Волі: старшыню гомельскае суполкі КХП-БНФ Уладзімера Старчанку й актывістку гэтай арганізацыі Алесю Кацапаву. 26 сакавіка ў Віцебску быў затрыманы з газэтай “Народны прэзыдэнт” і налепкамі “Зубра” 17-гадовы Аляксей Альшанка. У той жа дзень з асобнікамі газэты “Наша Свабода” была затрыманая Вольга Карач. Прайшлі суды над затрыманымі на менскім Дні Волі: на 10 ночаў арышту асуджаны сябар Маладога Фронту зь Ліды Зьміцер Чубарэнка. Былі асуджаныя таксама Язэп Бурко, Ніна Ярмалінская, дацэнт пэдінстытуту Віктар Бекіш, намесьнік старшыні гарадзкой арганізацыі АГП Уладзімер Раманоўскі, лідчук Зьміцер Кузьміцкі. Студэнту мэдычнай вучэльні Максіму Куксу далі штраф 114 тыс., столькі ж — і стаматолягу Эліне Новік, якая прыехала ў Менск са Случчыны (яе амонаўцы зацягнулі ў аўтобус толькі за тое, што яна не аддавала ім бел-чырвона-белага сьцяжка), на столькі ж пакаралі і пэнсіянэра Міхала Валочку, і дэпутатку Людмілу Гразнову. 27 сакавіка пасьля пэрформансу пратэсту супраць хлусьні на БТ быў затрыманы Павал Севярынец. 29 сакавіка падчас футбольнага матчу Беларусь — Нарвэгія быў затрыманы Аляксандар Атрошчанкаў. 30 сакавіка ў Берасьці за раздачу спэцвыпуску «Нашай Свабоды» затрымалі маладафронтаўцаў Сержука Бахуна, 15-гадовага Яўгена Пляшко і 17-гадовага Андрэя Хоміча. У Магілёве выключылі з унівэрсытэту актывістку Маладога Фронту Ганну Зюзіну, студэнтку філфаку. Чакаюцца затрыманьні Віктара Івашкевіча, Вячаслава Сіўчыка, Аляксея Караля, Цімоха Дранчука, Уладзімера Кішкурны, Пятра Голасава і Сяргея Міхнова за ўдзел у шэсьці 25 сакавіка.

 

Танцы ў вольны дзень

На “Вольных Танцах”, што адбыліся 24 сакавіка ў “Акварыюме”, традыцыйна сабраліся беларускія рок-гурты, каб адзначыць Дзень Волі.

З азначэньня “рок” вылучаўся хіба “Стары Ольса”, што ў гэты дзень быў прадстаўлены адной асобай — чалавекам-аркестрам зь дзьвюма дудамі, на якіх ён граў і музыку ХVІ ст. (баляды й “бяседныя” песьні, у рытм якіх трэба стукаць кубкам па стале), і свае сучасныя творы, якія слухаліся гэтак жа аўтэнтычна і жыва.

Потым быў загадкавы Zet, які менш чым за год стаўся лідэрам беларускага гард-кору. Асабліва падчас выступу ўразіла неўтаймаванасьць рытм-сэкцыі і не абмежаваныя рамкамі стылю магчымасьці вакаліста. Zet робіцца ўсё больш папулярным у андэграўндавых колах, дзе мае імідж новага NRM-у.

«Новае Неба» ў чарговы раз вярнулася з “Ластаўкай”, “Цэпэлінамі” і “Прэзыдэнтам”, якога пакуль яшчэ актуальна заклікаць ісьці дамоў. Кася сьпявала як ніколі прыгожа і рокава.

«Безь Білета» праанансавалі свой сольны выступ на Дзень дурня ды выканалі “Маю краіну Беларусь”, па магчымасьці традыцыйна — разам са слухачамі, чаго традыцыйна ж і дасягнулі.

Абсалютна новыя песьні прапанаваў слухачам «Уліс», які знаходзіць усё новыя шляхі для сваіх бясконцых падарожжаў па музычных прасторах. Але тэксты са зваротам да ўяўнага беларуса не выклікаюць ні аптымізму, ні адчуваньня сьвята — “ты забіваеш сябе…”, “замарожаны…”.

Заклік Сяргея Бялевіча з БМА ды Касі Камоцкай годна адзначыць заўтрашні Дзень Волі быў прыняты да ведама прысутнымі, бо на нядзельных народных гуляньнях можна было пабачыць большую частку як музыкаў, гэтак і слухачоў.

Вікторыя Ластаўкіна

 

навіны гаспадарскія

Тармажэньне

Паводле зьвестак міністэрства статыстыкі, эканамічны “ўздым” краіны спыніўся. За студзень-люты 2001 г., у параўнаньні зь леташнімі паказьнікамі, агульны валавы ўнутраны прадукт павялічыўся ўсяго на 0,6%.

Аднак залішне драматызаваць сытуацыю няма падставаў. Увесну мінулага году ўрад нарэшце адважыўся скараціць друк пустых грошай, і многія прадпрыемствы страцілі магчымасьць нарошчваць аб’ёмы вытворчасьці дзякуючы няспыннай інфляцыі. Статыстычныя паказьнікі росту проста наблізіліся да рэальных.

Адначасова на мяжы банкруцтва апынулася палова прадпрыемстваў краіны. Знос асноўных вытворчых фондаў даўно перасягнуў крытычныя 70%. Нават міністар эканомікі сп.Шымаў ужо не хавае праўды: без актыўнай мадэрнізацыі вытворчасьці год празь пяць можна… страціць прамысловасьць. Краіна ўвогуле рызыкуе застацца безь бюджэту.

“Нацыянальная эканамічная ідэя”, аб пачатку пошуку якой зноў было абвешчана на мінулым тыдні, набывае гэтым разам больш-менш канкрэтныя абрысы: вызначыць для Беларусі некалькі адносна канкурэнтаздольных на сусьветных рынках галінаў (сельскагаспадарчае машынабудаваньне, лёгкая прамысловасць і г.д.) і мэтанакіравана ўкладаць у іх сродкі — ствараць своеасаблівы “падмурак”. А ўжо потым дапамагаць сфэрам з патэнцыйна нізкай рэнтабэльнасьцю.

Пры канцы 80-х — пачатку 90-х такія рэформы адбываліся ва Ўсходняй Эўропе, але там, каб пазьбегнуць выбуху беспрацоўя сярод работнікаў “непэрспэктыўных” прадпрыемстваў, усяляк заахвочвалі прадпрымальніцтва. А ў нас “свой шлях” — чарговую перарэгістрацыю (яе тэрмін скончыцца 1 ліпеня) прайшлі толькі 40% прыватных бізнэсоўцаў Менску. Што казаць пра іншыя, менш “рынкавыя” рэгіёны Беларусі?

Сяржук Іваноўскі

 

спартовы тыдзень

Патрыёты

На справаздачнай сходцы Нацыянальнага алімпійскага камітэту ўпершыню прагучала лічба мэдалёў, што плянуецца прыперці ўзімку з алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сыты — тры. Нашыя асноўныя надзеі — біятлён ды фрыстайл.

 

Малафееў, падобна, рыхтуе Беларусі новы 1982 г. Нацыянальная дружына ў сераду на апошняй хвіліне, дзякуючы нязграбнаму, але ўсё ж голу Рамана Васілюка вырвала перамогу ў нарвэжцаў. Перапоўнены стадыён “Дынама” быў у экстазе. Чакаем пачатку лета ды візытаў у Ерэван ды Осла.

А хакеісты зь мячом ад душы павесялілі. На чэмпіянаце сьвету беларусы прайгралі 5 гульняў — закінулі толькі 1 мяч, прапусьціўшы ажно 92... Трэба пры гэтым адзначыць вартую гульню беларусаў супроць расейскай зборнай, адзіную, якую нашы прайгралі не з двухзначным лікам, ды ў якой, да таго ж, беларусы закінулі свой унікальны мяч. Патрыёты!

Баскетбалісты “Горадні-93”, чэмпіёны Беларусі, ня выйгралі хатняга турніру за права ўдзелу ў прэстыжнай Паўночнаэўрапейскай баскетбольнай лізе. Эўропа пакуль як-небудзь пераб’ецца бязь іх.

Богусь Біятлянёнак

 

жарт

Пераабралі на другі тэрмін прэзыдэнта Алімпійскага камітэту адной сінявокай краіны. З гэтае нагоды быў зладжаны банкет у коле паплечнікаў. І ў парыве ўдзячнасьці да электарату прэзыдэнт сказаў:

— Ну што, таварышы? У кожнага з вас ёсьць свой маёнтачак, дзялка, іншамарка. Цяпер час і пра народ падумаць!

Пачуліся аплядысмэнты. Пасьля аплядысмэнтаў прагучэў голас:

— Адабраем, Аляксандар Рыгоравіч! Ну хоць бы з душ зь дзесяць для пачатку можна…

 

Так сказаў Лукашэнка

“Рыхтуйце парад, прыводзьце ўсё ў рух. Гэта павінен быць найлепшы агляд нашых Узброеных Сілаў. Вы павінны паказаць нават тое, чаго мы ніколі ня бачылі і ня ўмеем рабіць. Выдумвайце, рабіце і паказвайце народу, што вы можаце яго абараніць”.

А пра генэрала Чумакова ён сказаў, што той — «чалавек абсалютна надзейны, што немалаважна было ўчора і асабліва — сёньня». «Гэта чалавек, які як мог, так служыў, — канстатаваў А.Лукашэнка. — Я не магу яму прад’явіць прэтэнзій, болей чым ён заслугоўвае. Гэты чалавек сваю ролю выканаў”.

Паводле БелаПАН


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0