Patria opressa

Скончыўся вэрдзіеўскі фэст у Беларускай опэры

Два тыдні запар, за выняткам звычайных балетных дзён, у тэатры гучаў Вэрдзі. Публіка спраўна хадзіла на спэктаклі. Зрэшты, наш опэрны цяпер поўны і ў сьвяты, і ў будні. Людзям не стае прыгажосьці ў жыцьці...

Тымразам не хапіла й сьвяточнасьці. Усе спэктаклі ў праграме фэсту добра знаёмыя нашай публіцы, апроч “Трубадура”. (Гэтая опэра – мо найбольш таямнічая і цудоўная з усіх твораў Вэрдзі – не гучала ў Менску добрых 25 гадоў). Знаёмыя й сьпевакі.

На жаль, і вялізны ды шумны галя-канцэрт на добрую палову складаўся з твораў, што ўжо прагучалі падчас фэстывалю, дый выконваліся яны тымі самымі сьпевакамі. Хіба што крытык меў дасканалую магчымасьць ацаніць, зь якімі артыстычнымі сіламі тэатар уваходзіць у XXI ст. І малюнак атрымаўся сумны. Адзінае суцяшэньне – прыгожае, цёплае і гучнае сапрана Тацяны Кнутовіч, як найлепей прыдатнае для опэраў Вэрдзі. Сьпявачку адшукалі год таму ў Маладэчне – яна працавала ў тамтэйшай музычнай вучэльні. У тэатар жа яе ня бралі з той нагоды, што Тацяна камплекцыяй нагадвае маладую Мантсэрат Кабалье. Расказваюць, што ў гарачыню яна складала заплечнік, садзіла туды падрослае ўжо дзіця і шпацыравала па Маладэчне, каб скінуць вагу. Дарма – нічога не дапамагала! Тым часам, у Беларускую опэру штогод набіралі сьпявачак са зграбнымі постацямі і сьціплымі галасамі, а потым ня ведалі, як гэтых “прымадонак” пазбыцца. Нарэшце, розум узяў верх. Застаецца спадзявацца, што Тацяна Кнутовіч зойме належнае месца опэрнай зоркі – з адпаведнай рэклямай, бэнэфісамі і афішнымі спэктаклямі. Хаця, мяркуючы па сытуацыі ў калектыве, чакаць ёй давядзецца доўга, ці не да пэнсіі.

Яшчэ адной прыкметнай падзеяй быў выступ выдатнага барытона Аркадзя Саўчанкі. Ён засьпяваў свой каронны маналёг Рыгалета. Засьпяваў не сказаць каб дасканала (дасканаласьць ніколі не была характэрнай рысай ягоных сьпеваў), але з ашаламляльнай глыбінёй пачуцьця. Адразу згадаліся ўсе тыя салодкія сьлёзы, якія я праліла на ягоных спэктаклях, пачынаючы з маленства. Калісьці ён быў годным партнэрам Зіновія Бабія ды казырнаю картаю тутэйшага кіраўніцтва. Прытым, што гэты ганарысты ўраджэнец Віцебску, у адрозьненьне ад пераважнае большасьці дзеячоў мастацтва, ніколі ня быў чальцом КПСС. Аднак ягоны талент быў настолькі яскравым, што ў 1979 г. яго ўганаравалі тытулам народнага артыста СССР — за ролю маркіза ды Позы ў “Дон Карласе”. Цяпер – па сарака з гакам гадох бліскучае кар’еры і па дзьвюх ці трох апэрацыях на сэрцы – ён выходзіць на сцэну ўсё радзей і радзей. І не таму, што састарэў голас ці не стае жыцьцёвае моцы ды энтузіязму. Адвечная праблема акторскае запатрабаванасьці...

Выключэньнем на агульным фоне прадстала й Тацяна Трацяк, хіба адзіная сьпявачка, якая пацешыла публіку сапраўдным бэльканта – хаця і з налётам нейкае штучнасьці. У гэткай жа манеры засьпявала й Ганна Гур’ева, аднак яна выступала толькі ў ансамблях, дзе далікатныя падрабязнасьці ейнага сьпеву глушыліся напорыстасьцю іншых сьпевакоў ды грукатам аркестру. Тыя ансамблі выконваліся амаль экспромтам: усе намаганьні былі кінутыя на падрыхтоўку г.зв. прэм’еры – канцэртнага выкананьня “Трубадура”, якое адбылося акурат напярэдадні, 24 сакавіка. Ратавала тое, што партнэры памяталі адзін аднаго па колішніх спэктаклях. А вось у славутым квартэце з “Рыгалета” гэтая тактыка не спрацавала, бо партыю Джыльды сьпявала Гур’ева, якая ніколі не выконвала гэтай ролі на сцэне (а шкада!). Ня дзіва, што ўдзельнікі квартэту выглядалі спалоханымі.

Агулам жа якасьць сьпеваў засмуціла. Галасы, прыдатныя для Мусаргскага, аказаліся непрыгожымі ў Вэрдзі. Ну, а тым сьпевакам, што выдатна выступаюць у опэрах Моцарта і Расіні, не стае душэўнага жару, атуляючай цеплыні, пяшчотнасьці, моцы. Асаблівым расчараваньнем для мяне сталіся апошнія “набыткі” опэры – сапрана Тацяна Раеўская і тэнар Уладзімер Раеўскі. Абодва — леташнія выпускнікі Кіеўскае кансэрваторыі. Уладзімер родам з Маладэчна, ягоная цётка Тамара Раеўская ў 1980-х была вядомай эстраднай сьпявачкай. Галасы ў Раеўскіх невыразныя, з старамодным “барашкам”.

Затое пацешыў хор. Намаганьнямі Ніны Ламановіч ён ператварыўся ў калектыў высокага ўзроўню. Акурат хору і прыпалі найбольшыя аплядысмэнты, калі ён засьпяваў “Va pensiero” – славутую малітву паняволеных габрэяў з опэры “Набука”, зь якой суайчыньнікі Вэрдзі ішлі на барыкады, адваёўваючы сваю незалежнасьць. Аплядысмэнты і воклічы доўжыліся добрыя 10 хвілінаў – сапраўдная патрыятычная маніфэстацыя! Так сьвяткавалі ў Опэры прыўкрасны дзень 25 сакавіка. І можна быць упэўненымі, што энтузіязм нашае публікі ўзгарэўся б з новаю сілаю, калі б яна зразумела першыя словы хору з опэры “Макбэт” – “Patria opressa” (“Радзіма прыгнечаная”). Гэты кавалак музыкі калісьці таксама выклікаў буру…

Што датычыць астатніх вечароў вэрдзіеўскага фэсту, дык яны не адзначаліся нічым асаблівым, апрача ўлётак, гастралёраў зь Літвы ды “Аіды”, у якой сэнсацыйна засьпявала Натальля Руднева. “Аіда” – гэта заўжды падзея, жывая гісторыя нашае Опэры. 48 гадоў безупыннага існаваньня на сцэне – амаль як “Паўлінка”. Моцны спэктакль змайстравала калісьці Ларыса Александроўская! Калі верыць тэатральным легендам, найлепшай Аідай – нават лепшай за Гулегіну – была Соф’я Друкер. Яна сьпявала геніяльна і пратрымалася на сцэне шмат гадоў, нягледзячы на сваю ўпрост фэнамэнальную таўшчыню. У тэатры аж дагэтуль памятаюць, як Амнэрыс мусіла падымаць Аіду з каленяў, бо, укленчыўшы, устаць тая сама ўжо не магла. Ну, а потым надышоў час Зіноўя Бабія, Надзеі Губскай, Гулегінай… І нават Натальля Кастэнка, нягледзячы на нестасоўнасьць голасу, не магла ўтрымацца ад спакусы і выступала ў гэтым спэктаклі зь вялікім посьпехам.

Цяпер адных няма, другія далёка, трэція скончылі кар’еру дый перайшлі на выкладчыцкую працу… Няўмольная хада часу! Важна аднак, каб традыцыя працягвалася і слухачы атрымлівалі тое, што ім належыць.

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0