Залатая жыла на мяжы

Дэмакраты традыцыйна высьмейваюць Рыгоравіча: адкуль у яго грошы на «прэзыдэнцкія фонды» для падтрымкі вундэркіндаў і г.д? Не з уласнага ж заробку ці ганарараў гэтыя фонды папаўняюцца. Ня выключана, што ў гэтых мэтах выкарыстоўваецца славуты «канфіскат».

 

Раней канфіскаванымі на мяжы таварамі распараджалася выключна Рада бясьпекі. Тады ніхто ня меў права да іх дакранацца, рэалізацыя адбывалася толькі празь Менск. Лукашэнка стварыў камісіі пры мясцовых уладах для ацэнкі й продажу сканфіскаваных рэчаў — збольшага дробязяў ды таго, што хутка псуецца. Быў таксама створаны Дэпартамэнт па гуманітарнай дзейнасьці пры прэзыдэнце, які забірае сабе найлепшыя «кавалкі» — сканфіскаваныя на мяжы аўтамабілі і аргтэхніку. Як, па якім кошце і каму гэта прадаецца — мытнікі ня ведаюць.

І апошняя цікавая акалічнасьць. Дагэтуль грошы ад продажу канфіскату ішлі ў бюджэт. А зараз дэпартамэнт будзе пакідаць іх на сваім рахунку. Не інакш, на прэзыдэнцкую кампанію. Тым больш, што ўсе гэтыя сродкі і рахункі — нікому не падкантрольныя.

Сяргей Краўцоў, Горадня


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0