Дачка, пляменьніца і жонка

25 кастрычніка 1997 г. Радашкавічы сьвяткавалі сваё 550-годзьдзе. Сьвяткавалі шыкоўна і па-дзяржаўнаму — наехала шмат гасьцей і з сталіцы, і з Жыровічаў. А мэтраў за дзьвесьце ад пляцоўкі, дзе ладзілася сьвята, сьцішана ляжала ў сваёй старой хатцы хворая, са зламанай нагой, Вера Сьнітка — адна з найстарэйшых жыхарак мястэчка, дачка таго слыннага Сьніткі, які ў сваю пару клапаціўся пра асьвету і культуру Радашкавічаў, пляменьніца Аляксандра Ўласава, удава Браніслава Тарашкевіча. Спадарыня Вера — сама гісторыя. Яна нарадзілася ў лютым 1901 г., і перад яе вачыма прайшло ўсё стагодзьдзе, некалькі пакаленьняў людзей.

 

З усіх радашкавіцкіх сьвятаў, якіх спн.Вера нямала бачыла за свой век, ёй найбольш запомніўся кірмаш 1913 г.: “Ладзілася якаясь выстава. Мяне і яшчэ адну маю прыяцельку апранулі ў беларускія нацыянальныя строі. Мы сноўдалі на той выставе і надзялялі кірмашоўцаў газэтай “Наша Ніва”. Гэтае сьвята ладзілі бацька спн.Веры і яе дзядзька Саша, Аляксандар Уласаў. Дык хацелася б найперш пачуць пра іх.

“Мой тата, — распавядала спн.Вера, — нямала зрабіў для асьветы Радашкавічаў. Прыкладам, 28 верасьня 1907 г. “Наша Ніва” паведамляла: “У Радашкавічах адкрылася гарадзкое вучылішча, каторага ўжо даўно чакалі. Памешчык Сьнітка падараваў дом пад вучылішча”. Праз тры гады ў Радашкавічах была заснаваная рамесная вучэльня, і зноў, паводле “Нашай Нівы”, аб “яе адкрыцьці шмат стараўся п. С-ка” (“Наша Ніва”, 10 чэрвеня 1910 г.)”.

Пра грамадзкую і творчую дзейнасьць Аляксандра Ўласава мы ведаем багата. А які ён быў чалавек? Пра гэта магла расказаць толькі Вера Андрэеўна.

“Дзядзька Ўласаў дужа любіў гумар. Быў вельмі дасьціпны. З словамі гуляўся, гарэзіў. Неяк аднаго разу кухарка нагатавала варэнікаў. Частуе яна яго тымі варэнікамі. Зьеў місу, просіць: “Шчэ дайце”. Далі яшчэ. Зьеў і кажа: “Але і нясмачныя вашы варэнікі!” А кухарка на гэта: “Зьлітуйцеся, пане! Бог з вамі! Гaніце, а самі ўсё зьелі”. І абодва сьмяюцца. Адзін з сытасьці, другая — што дагадзіла пану”.

У сямейным альбоме Веры Сьніткі я бачыў ідылічны здымак. ...Лета. Вясковы дворык. На ўслончыку пасьля працы праведнай, усьцешаны жыцьцём, сядзіць сам сэнатар — босы, дзябёлы. Побач жоначка Аляксандра, якая, пакуль не сасватаў яе з Уласавым беларускі сэнатар Назарэўскі, настаўнічала ў Баранавічах. Пры іх на траўцы двое хлопчыкаў. Адзін штосьці пілуе, другі малатком лупіць, цьвікуе. Які ж я быў зьдзіўлены, калі пачуў, што Ўласаў ня меў дзяцей, а гэтыя хлопчыкі — прыёмныя, жончыны. Але ён іх любіў, бавіў зь імі час і нават не хацеў, каб ведалі, што гэта не ягоныя дзеці. Звалі аднаго Алег, другога — Зьміцер. Да навукі яны, як ні крыўдна было Ўласаву, не гарнуліся. Больш да гаспадаркі былі схільныя. Калі хто ім чытаў, дык яны вушы затыкалі, каб ня чуць. Адзін з пасынкаў, Алег, пасьля стаў кіроўцам. А Зьміцер зусім нікім. У 1940 г. іх вывезьлі разам з маткай у Пермскую зямлю...

Дзядзьку Аляксандру выпадала апекавацца ня толькі пасынкамі. Пасьля сьмерці брата Юркі (Жоржа) Уласаў забраў ягоную жонку Антаніну з чатырма сіротамі, уладкаваў у сіроцкі прытулак каля Варшавы. А лета яны бавілі ў Мігаўцы...

Ва Ўласава былі браты. Старэйшы, Аляксей, жыў у Сыбіры, выпісваў “Нашу Ніву”; Юрка (Жорж) меў ці то жандарскі, ці то паліцэйскі чын; Павал быў вайскоўцам; Мікалай, як і ягоны бацька, працаваў на пошце. Былі й сёстры — Лізавета і Марыся. Дзед Сьнітка юнаком быў закаханы ў Маню, хацеў браць замуж, але тая памерла ад сухотаў у васемнаццаць год. Тады ён наважыўся ўзяць малодшую — Лізавету.

Жыў тады ў Радашкавічах і лекар Ян Офэнбэрг, які ня толькі лекаваў местачкоўцаў, але далучаў іх да культуры: разам зь Ядвігіным Ш. ладзіў літаратурныя вечарыны. Вера ў яго на руках нарадзілася. Офэнбэрг, пакуль жыў у Радашкавічах, цікавіўся, як яна расьце, гадуецца. Потым з Варшавы пісаў да яе, бываў у іх у гасьцёх. “Аднойчы лекар танчыў з мамай, — згадвала спн.Вера, — а майму малому брату Севу гэта вельмі не падабалася. Дык ён хапаў яго за ногі і замінаў. Раўнаваў”.

А вось Лявіцкіх — ні Ядвігіна Ш., ні ягонай дачкі Ванды — спн.Вера ня памятала, хоць, відаць, бачыла іх — мо на гэным самым радашкавіцкім кірмашы, дзе яшчэ дзяўчынкай красавалася ў нацыянальным строі...

Уласаў жыў у Мігаўцы наездамі. Кіравала фальваркам ахмістрыня Антоля. Курносая, бялявая, у дзядзькавых гадох, сьмешная такая. Дзядзька Аляксандар і зь ёю гарэзіў. Калі яна на стол падавала, ён прыпяваў:

— Антоля! Гоп-гоп! Зьбірай на стол!

Ва Ўласаве, паводле словаў спн.Веры, неяк гарманічна спалучаліся энэргія і лянота. Ён любіў, каб моладзь займалася гімнастыкай, дзеля чаго меў у Мігаўцы цэлы спартовы гарадок. Усіх вучыў катацца на ровары — умацоўваў кіроўніцу ручніком, садзіў “вучня” на седала, а сам тупаў побач.

У 1922 г. спн.Вера выйшла замуж за Браніслава Тарашкевіча. Распавядаючы пра мужа, яна ўвесь час называла яго Тарасам. Чаму? Ён жа Бронік, Браніслаў?

“А ведаеце, як ні дзіўна, я і не пацікавілася, калі жылі разам. Тарас і Тарас... А вось пачала думаць, пачалі людзі пытацца, а я і ня ведаю... Мусіць, гэта з студэнцкіх гадоў... Мой Бронік быў вельмі дапытлівы юнак, прагнуў парнаскіх вяршыняў. А тут і прозьвішча такое — Тарашкевіч. Яно ж мусіць ад імя Тарас — тараскевіч... Вось і пайшло... Тарас ды Тарас! Да яго так усе зьвярталіся. І Янка Купала, і Алаіза Пашкевіч-Цётка...”

Вось так, згадка за згадкай, мы і сьвяткавалі з спн.Верай 550-ю гадавіну Радашкавічаў... Ніводнага стогну, нараканьня. Толькі ўспаміны. Калі паўставала нейкае непаразуменьне, невыразнасьць, замінка — тут як тут была дачка Ірына. Яна ж ня раз чула мацерыны згадкі, яны для яе сталіся сваімі.

Веры Андрэеўны ўжо няма. Памерла 7 траўня 1998 г., пад салаўіны пошчак, тры гады не дажыўшы да свайго сёлетняга стагодзьдзя. Дык няхай гэтыя згадкі, занатаваныя мною, стануцца сьветлай істужкай у ейны юбілейны вянок.

Уладзімер Содаль


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0