БІБЛІЯТЭКА

 

Бацька Айчыны ці крымінальнік?

Новая аповесьць Кастуся Тарасава

Кастусь Тарасаў. Апошняе каханьне князя Міндоўга. Аповесьць. — Менск: Лекцыя, 2000. — 160 с. Наклад 400 ас.ISBN 985-6305-25-Х

 

Надрукаваная летась аповесьць “Апошняе каханьне князя Міндоўга” належыць аўтару славутай “Пагоні на Грунвальд”. Ужо адно гэта зьяўляецца найлепшай рэклямай і павінна прыцягнуць увагу да новага твору. Тым больш, што цэнтральным сюжэтам новай аповесьці аўтар зрабіў раптоўнае і нечаканае каханьне састарэлага, першага і адзінага, караля літоўскага да роднай сястры памерлай жонкі. Такія справы заўсёды выклікаюць цікавасьць і плёткі, бо пошук вытокаў таго ці іншага гістарычнага здарэньня, высьвятленьне, што крыецца за ўчынкамі ўладароў, дазваляюць нашчадкам выразна ўявіць, хто стаяў на чале старажытнай дзяржавы. Несумненная заслуга К.Тарасава ў тым, што ён, мабыць, упершыню паспрабаваў асэнсаваць уплыў канкрэтнага гістарычнага здарэньня на лёсы першых уладароў ВКЛ і лёсы суседніх дзяржаваў у больш-менш вялікім творы. Пісьменьнік пазбаўлены неабходнасьці скрупулёзна сьледаваць гістарычным крыніцам і мае магчымасьць, скарыстаўшы літаратурныя прыёмы, паглыбіцца ў сівую даўніну, узнавіць ход падзеяў і распавесьці пра тыя падрабязнасьці, аб якіх маўчаць скупыя хронікі. Здаецца, у гэтай гісторыі, што адбылася ў другой палове ХІІІ ст., ёсьць усё, неабходнае для захапляльнага раману, але за вонкавай прывабнасьцю хаваюцца складаныя праблемы.

Па-першае, далёка ня ўсе ўчынкі галоўнага героя аповесьці — старога Міндоўга — можна ацэньваць станоўча. Гэта ці не галоўная праблема, зь якой давялося сутыкнуцца К.Тарасаву. Стваральнік Вялікага Княства ня толькі ў сваіх дзяржаўных памкненьнях, але і ў асабістым жыцьці быў супярэчлівай асобай, кіраваў жорстка, і калі жыцьцё ставіла перад выбарам “забіць ці не”, найчасьцей схіляўся да першага. Сумненьні, згрызоты сумленьня і мяккасьць характару не былі ўласьцівыя Міндоўгу. Хітрасьць, разьлік, вайсковая мужнасьць, бясспрэчны аўтарытэт, крайняя жорсткасьць, карысьлівасьць, дбаньне пра інтарэсы ўласнай дынастыі, пра яе замацаваньне на вялікакняскім пасадзе ў Наваградку, патураньне ўласным жывёльным інстынктам — такім паўстае Міндоўг у аповесьці К.Тарасава.

Напэўна, непрывабнасьць вобразу Міндоўга, ягоная крыважэрнасьць і прымусілі М.Ермаловіча адмовіць яму ў праве быць стваральнікам ВКЛ. Па сваіх маральных якасьцях ну ніяк ён не падыходзіў на ролю Бацькі Айчыны. Гэтае месца, згодна зь Ермаловічам, належыць старэйшаму сыну Міндоўга, Войшалку. А ў аповесьці Тарасава апошні паўстае не як хітры дыплямат і прадбачлівы палітык, а як небарака-мніх, што выракся трону і людзкога жыцьця, няздольны кіраваць вялікай дзяржавай. Не пытаньні вялікай палітыкі, не барацьба за права стаць на чале Наваградзкай дзяржавы, ня пошук хаўрусьнікаў, не распрацоўка далекасяжных дыпляматычных плянаў хвалююць Войшалка, а толькі адданае служэньне Богу і боязь зганьбіць новую веру паганскімі звычаямі. На самой справе гэты каралевіч жыў толькі адной марай — ён рыхтаваўся да захопу ўлады. За моцным манастырскім плотам, удалечыні ад непажаданых вачэй і вушэй ён пісаў лісты да новых хаўрусьнікаў. Ні на хвілінку ён не жадае пагадзіцца з думкай, што ворагі Міндоўга настолькі ўзмацніліся, што не дапусьцяць яго да бацькоўскага трону. І пры пошуках хаўрусьнікаў позірк Войшалка скіраваны найперш у бок Пінскага княства. Такім паўстае Войшалк са старонак аповесьці.

Адсутнасьць станоўчай фігуры ў аповесьці, альтэрнатыўнай Міндоўгу, — гэта, на мой погляд, памылка аўтара. Бо вобраз галоўнага змоўшчыка — князя Трайната, які заняў вялікакняскі трон у Наваградку адразу пасьля забойства Міндоўга, амаль што не распрацаваны ў беларускай гістарыяграфіі. Наагул ён не ўспрымаецца як беларускі ці хаця б найманы беларускі князь.

Генадзь Туровіч

 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

Каляндар памятных дат на 2001 г. / Склад. Я.Саламевіч, Маст. Л.Ледзянёва. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя, 2001. — 91 с. — Наклад 1000 ас. ISBN 985-11-0192-3

Толькі ў сакавіку «Беларуская энцыкляпэдыя» выдала каляндар памятных датаў. Каштуе 1 т. р.

Я.Крук. Сымболіка беларускае народнае культуры. — 2-е выд., стэрэатып. — Менск: Ураджай, 2001. — 350 с.: іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-04-0334-9

Першы наклад кнігі хутка прадаўся праз малую цану — 750 р., другое выданьне каштуе ажно 4,5 т.р.

В.Гаўф, Э.Т.А.Гофман, Ш.Пэро. Прыгажуня ў сонным лесе: Казкі / Для мал. шк. веку; Пераклады ў бел. мову; Укл. У.Карызна, Маст. В.Сідарава. — Менск: Юнацтва, 2001. — 254 с.: іл. — (Бібліятэка замежнае дзіцячае літаратуры). — Наклад 3000 ас. ISBN 985-05-0013-1

Усяго за 750 р. — творы найвыдатнейшых эўрапейскіх казачнікаў у перакладах Кандрата Крапівы, Якуба Коласа ды іншых беларускіх пісьменьнікаў.

У.Мархель. Водгульле / Пераклады на бел. мову. — Менск: Тэхналёгія, 2000. — 142 с. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-458-009-1

Кніга складаецца зь дзьвюх частак — «Карона» й «Літва». У ёй сабраныя апошнія пераклады з польскамоўных паэтаў Беларусі й польскіх песьняроў п.п.ХІХ ст. Каштуе 1,7 т.р.

Г.Бураўкін. Чытаю тайнапіс вачэй: Вершы пра каханьне / Для стар. шк. веку; Маст. У.Савіч. — Менск: Юнацтва, 2001. — 158 с.: іл. — Наклад 2000 ас. ISBN 985-05-0301-7

У кнігу ўвайшлі 110 вершаў Бураўкіна пра каханьне, напісаных у розныя гады. Шмат якія былі пакладзеныя на музыку й сталіся папулярнымі песьнямі. Каштуе 1,2 т.р.

Г.Тумаш. Лісіца з Расохі: Вершаваная казка. — Менск: Юнацтва, 2001. — 50 с.: іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-05-0439-0

Гэткая добрая казка! Кніжка каштуе 950 р.

Л.Казлоў. Беларусь на сямі рубяжох (ХІ — пач. ХХ ст.). — Менск: Арты-фэкс, 2000. — 60 с.: іл. — Наклад 300 ас. ISBN 985-6119-44-8

Трэцяе выданьне (1-е — 1993 г. (разам з А.Цітовым), 2-е — 1998 г.) кнігі пра гісторыю фармаваньня дзяржаўных межаў Беларусі. У менскай кнігарні «Сьветач» каштуе 1,5 т.р.

Віктар Мухін

ліст у рэдакцыю

Заўсёды заглядаю ў рубрыку “НН” “Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю” і, у залежнасьці ад магчымасьцяў кішэні, стараюся набыць тое ці іншае выданьне. Вось набыў і “Элегіі забытых дарог”. Як на мой погляд абываталя, зь якога яшчэ не напоўніцу вычхаўся дух савецкай школы, дык файная кніжка на прыстойнай беларускай мове.

Аднаго толькі не магу ўцяміць — як гэта М.Багдановіч здолеў адгукнуцца вершам на сьмерць Каруся Каганца?

В.Васілёнак, Менск

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0