Паштовая скрынка

 

Пятру Я. Аж злосьць бярэ ад Вашай “Беларусі праз 100 гадоў”. Вы напісалі не фантазію, не прагноз і ня ўтопію. “Шклоў — сталіца Беларусі”? “Прэзыдэнт клянаваўся”? “Талібы будуць бамбіць маўзалей”? “Усе будуць змушаны гуляць у хакей”? Гэта апантанасьць сёньняшнім днём. 100 гадоў таму пра гэткае не было й почуту, дык з чаго гэткаму застацца праз 100 гадоў? Большая частка Вашага допісу — шумавіньне сучаснасьці, пра якое і за 50 гадоў ніхто не згадае, дзе там за 100. Гэта небясьпечная для псыхікі абсэсія Лукашэнкам.

Андрэю М. з Горадні. А ну ж “нейкія зьмены ў грамадзтве” не распачнуцца ўжо “ў бліжэйшыя пяць гадоў”? Што, хіба й жыць ня будзем? Беларусь праз 100 гадоў — не Беларусь праз 20 гадоў. У тым то і штука, каб уявіць сабе такую Беларусь, дзе ўжо нас ня будзе. І “бліжэйшыя год-два будуць вырашальнымі” для тае “Беларусі праз 100 гадоў” ня больш, чым бліжэйшыя гадоў сем-восем. Такі закон часу. Як будзем за гадоў 10—15 змагацца, няцяжка сабе ўявіць, бо змагацца будуць усё тыя самыя. А во праз 100 — калі ўсё зьменіцца не да спазнаньня?

Сяргею С. з Горадні, Ільлю К. зь Менску. Дужа цікава. Адно што ўмовы рубрыкі вымагаюць развагаў не пра “Беларусь цягам 100 гадоў”, а пра “Беларусь па 100 гадох” — не аб працэсе, а аб выніку. Вярнецеся, перапішэце. А зацемкі аб працэсе перарабеце ў асобныя нарысы — знойдзецца нагода надрукаваць.

Аднаму з назіральнікаў з Ашмяны. Ня думаю, каб недзе знайшліся міліцыянты, што перашывалі б сьвятыню на кашулі. А напісана жвава. Пішэце яшчэ, што на душы.

Эльяшу Б. зь Менску. Таму яны і не даюць Вам зьбіраць подпісы за незалежнасьць, што канстытуцыя і законы для іх нічога ня значаць. Яны, у адрозьненьне ад Вас, ня людзі эўрапейскае культуры, для якіх закон — гэта непарушнае ўсталяваньне, аснова бытаваньня. Вы трымаецеся за кожную літару закону і канстытуцыі, бо гэтак Вас прывучылі стагодзьдзі рымскага права і літоўскіх статутаў, а іх — не. Цікавей было б, каб Вы расказалі, як людзі рэагуюць на Вашы прапановы, і не ў агульных рысах, а даслоўна.

Аляксандру Ў. з Гомеля. З урыўку пра немцаў і вартавога пачнеце новую нізку.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0