Перамога над ідыятызмам

Калі апазыцыя не праявіць самастойнасьці, Лукашэнка выйграе выбары з разгромнай перавагай

Улады злавілі чэскага шпіёна... Мяркуючы з рэпартажу БТ, ён спаў на голым матрацы не па месцы рэгістрацыі. Аднак гэта, напэўна, яшчэ не вянец ідыятызму сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі. Яшчэ ж усё лета наперадзе, а мо й восень... За адны апошнія тыдні ўжо было ўсякага. Лідэры апазыцыі на судзе па-рэнэгацку даказвалі, што яны не былі арганізатарамі Дня Волі. КНГ АБСЭ абвінаваціла апазыцыю ў падрыхтоўцы байкоту выбараў. Лукашэнка запатрабаваў давесьці заробак да 100 даляраў, а апазыцыя спрабавала даказаць, што ён псыхічна хворы. Лукашэнкаўскі парлямэнт ратыфікаваў антыканстытуцыйнае пагадненьне аб адзінай валюце — абы атрымаць пару дзясяткаў мільёнаў даляраў крэдыту. Моладзевыя арганізацыі змарнавалі сілы на бязглуздыя штодзённыя пэрформансы, недастойныя, зьняважлівыя для тых, на каго яны разьлічаныя. Такое ўражаньне, што ў апазыцыі перасталі «адчуваць» свой народ.

Здаровы розум пачуваецца сярод гэтае мітусьні сіратою, якую Бог любіць, толькі долі не дае.

Лукашэнка хоча выйграць выбары з разгромнай перавагай, каб ніхто не паставіў пад сумненьне правамоцнасьці ягонай улады ўсе наступныя пяць год. Таму ён не задавальняецца ўтрыманьнем статус-кво, а хоча падчас кампаніі ўзмацніць кантроль над краінай. Ягоны штаб мае ясны сцэнар працы з апазыцыяй. Ён хоча выставіць проці Лукашэнкі самага адыёзнага кандыдата (у Расеі такім быў Зюганаў, ва Ўкраіне — Сіманенка). Апроч таго, калі Лукашэнка адчуе нават мінімальную небясьпеку, зьявіцца кандыдат ад «трэцяй сілы», які мае адцягнуць частку незадаволеных галасоў і падтрымаць Лукашэнку ў другім туры, калі будзе патрэбна (у Расеі такімі былі Лебедзь і Тулееў, ва Ўкраіне — Марчук). Такая псэўдаапазыцыя, лічы, ужо створаная намаганьнямі маларазборлівых незалежных СМІ. Застаецца толькі пэрсаніфікаваць яе ў кандыдата Сініцына, Казуліна ці Пашкевіча. Лукашэнкаўская сыстэма ўлады дзейнічае вельмі зладжана зь дзяржаўнымі СМІ, якія ўтвараюць какафонію і робяць прамоцыю самым маразматычным выбрыкам апанэнтаў.

Ніколі дэмакратычная апазыцыя не выглядала такою дэзарыентаванаю, як у 2001 г. Такога разброду не было ні ў 1998-м, ні ў 1999-м, ні ў 2000-м. У дэпрэсіі ёсьць аб’ектыўныя гістарычныя прычыны, але добра пастаралася і КНГ АБСЭ сваімі інтрыгамі і імкненьнем дыктаваць правілы гульні. Ну, і засталася фактычна зусім без уласных СМІ. Домаш, зьвязаўшыся з дэмакратамі, ад гэтага моцна церпіць.

Дый усе іншыя ўдзельнікі выбарчае гонкі пакуль або змагаюцца супраць, або надчэкваюць. Тым часам да выбараў застаецца сама болей пяць месяцаў. Дэфіцыт стваральных ідэяў запаўняецца інтрыгамі і домысламі, пошукам кампрамату, угодамі з сумленьнем і грамадзянскім абавязкам. Таму іншы раз здаецца, што, як бы ні скончыліся сёлетнія выбары, беларушчына — а значыць, і Беларусь — выйдуць зь іх са стратамі. І ад такіх думак хочацца, каб пяць засталых какафанічных месяцаў як найхутчэй скончыліся.

У пошуках паратунку міжволі зьвяртаешся да сэрбскага досьведу. Не, не да тактыкі сэрбскай апазыцыі, якой не скапіюеш з-за адсутнасьці незалежных СМІ, дэмакратычных муніцыпалітэтаў, свабодных унівэрсытэтаў і, самае галоўнае, сфармаванае нацыі. Да сьветапогляду пераможнае сэрбскае дэмакратыі: Каштуніца ў часе кампаніі даказаў і сваю адданасьць нацыянальнай сэрбскай традыцыі, і сваю незалежнасьць ад югаслаўскіх Вікаў ды Драшкавічаў. Народны плебісцыт толькі ўхваліў гэта.

Карэнная праблема беларускіх дэмакратычных палітычных сілаў — у іх беднасьці, а значыць, залежнасьці, імкненьні апярэдзіць жаданьні любых выпадковых ці невыпадковых спонсараў і капіяваць, капіяваць, капіяваць. Вырашыць гэтую праблему незалежнае беларускае грамадзтва можа толькі адным спосабам — трэба самім фінансаваць сваіх палітыкаў, болей ахвяраваць грошай на іхную дзейнасьць. Тады палітыкі ня будуць сьлепа несьці дары на ахвярнік бога-Пуціна ці бога-Шарпа, і ў іх хуценька адновіцца і «пачуцьце ўласнага народу», і «пачуцьце ўласнае рэальнасьці», і самастойнасьць.

Калі апазыцыя не пераадолее комплексу грантасоса, нашы спадзяваньні зноў скончацца на ўлётках, якім ніхто ня верыць, і трыюмфальнай сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам за тыдзень да выбараў. А год увойдзе ў гісторыю як «ідыёцкі».

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0