6 чэрвеня

Разагналі абаронцаў

Каля двух дзясяткаў вернікаў, пераважна моладзь, былі разагнаныя міліцыянтамі каля кляштару бэрнардынаў у Менску. А 20‑й гадзіне моладзь сабралася на малітву, і празь некалькі хвілінаў зьявіліся міліцыянты. Прысутным нагадалі, што зьбірацца на сумесныя малітвы можна толькі з дазволу гарадзкіх уладаў.

Тэатральная дзея

Ініцыятары стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» зладзілі пэрформанс перад будынкам Камітэту рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Савеце міністраў. Два хлопцы, выконваючы ролю катаў, трымалі за завязаныя рукі дзяўчыну, апранутую ў белае адзеньне з плякатам: «Я веру». Перад гэтай пантамімічнай кампазыцыяй некалькі маладзёнаў трымалі расьцяжку «Маю права на веру».

З чыгуначнага вакзалу

Увечары 6 чэрвеня зь Беларусі быў дэпартаваны пратэстанцкі пастар, грамадзянін Польшчы Яраслаў Лукасік. На чыгуначным вакзале сталіцы сьвятара праводзілі каля 80 чалавек, у тым ліку пастары пратэстанцкіх цэркваў, вернікі і сябры Я. Лукасіка.

Магілёўскія донары

Магілёўскія донары атрымалі адказ з парлямэнту на свой зварот з нагоды скарачэньня льготаў. «Падчас падрыхтоўкі дадзенага законапраекту рэалізаваць прапановы па захаваньні льготаў асобным катэгорыям грамадзянаў камісіі не ўдалося», — гаворыцца ў адказе, які падпісаў старшыня камісіі па працы, сацыяльнай абароне, справах вэтэранаў і інвалідаў Сяргей Камянецкі.

На судзе над Шчукіным

У Віцебску ў часе суду над праваабаронцам Валер’ем Шчукіным, міліцыянты затрымалі пяць чалавек. Падтрымаць Шчукіна да суду Першамайскага раёну прыйшлі каля 50 чалавек. Прыкладна праз гадзіну пасьля пачатку працэсу судзьдзя Гур’ян абвесьціла перапынак. У гэты самы час адбылася сутычка паміж моладзьдзю, якая пачала гукаць «Ганьба», і міліцыянтамі. У выніку сутычкі былі затрыманыя пяцёра чалавек — Алесь Дзеравянка, Андрэй Данілеўскі, Зьміцер Лісіёнак, Генадзь Шарах і Алесь Круткін. Крысьціну Шацікаву, Алену Багданаву і Крысьціну Міхайлаву забрала машына хуткай дапамогі. У апошняй мэдыкі зафіксавалі страсеньне мазгоў.

Спроба №5

Арганізацыя «Малады фронт» чарговым разам падала дакумэнты ва Упраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму для дзяржаўнай рэгістрацыі.

Нагадаем, што мінулы раз, пасьля ўстаноўчага сходу, які адбыўся 7 траўня, дзяржаўныя органы адмовіліся зарэгістраваць «Малады фронт».

7 чэрвеня

Вызвалілі да суду

На двух актывістаў, Алеся Дзеравянку і Зьмітра Лісіёнка, што былі затрыманыя за падтрымку Валер’я Шчукіна, склалі пратаколы аб непадпарадкаваньні патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі і ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Андрэя Данілеўскага і Генадзя Шараха абвінавацілі толькі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Непаўналетні Алесь Круткін быў вызвалены.

Студэнт судзіцца

Адлічаны з 4‑га курсу Акадэміі кіраваньня Юрась Алейнік сабраў прэс‑канфэрэнцыю, на якой паведаміў пра зварот у суд з нагоды свайго адлічэньня. Бараніць у судзе хлопца будзе праваабаронца Алег Гулак.

8 чэрвеня

Паўкруглы стол

На круглы стол у Гарадзенскім унівэрсытэце імя Янкі Купалы, прысьвечаны спрэчнай рэканструкцыі гістарычнай забудовы, не пусьцілі мясцовых краязнаўцаў — гісторыка Андрэя Вашкевіча і журналіста Алеся Залеўскага. Унівэрсытэцкае начальства выклікала міліцыю. Карэспандэнту радыё «Свабода» Сяргею Астраўцову ўнівэрсытэцкая ахова перашкаджала фатаграфаваць.

Шчукін застаецца

Суд Першамайскага раёну Віцебску пакараў праваабаронцу Валер’я Шчукіна штрафам на паўтара мільёна рублёў. Суд прызнаў В.Шчукіна вінаватым у зьнявазе членаў і работнікаў апарату выбарчых камісіяў падчас кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў 25‑га скліканьня (арт. 189 КК). Акрамя таго, праваабаронца павінен выплаціць 250 тысяч кампэнсацыі маральнае шкоды для члена апарату Віцебскай абласной выбарчай камісіі Тацяны Буевіч, аплаціць судовыя выдаткі і штраф 170 тыс. рублёў, нібыта ня выплачаны ім яшчэ у 1999 годзе за ўдзел у «Маршы Свабоды».

Крымінальная справа

У дачыненьні да менскага актывіста Зьмітра Лісіёнка распачата крымінальная справа. З.Лісіёнак быў затрыманы ноччу 8 чэрвеня каля будынку УУС Віцебскай вобласьці (ноччу на будынку зьявіліся графіці «Свабоду Шчукіну!»). Яму інкрымінуецца арт. 339 КК Беларусі (хуліганства).

Дачка за бацьку

Рэчыцкае аддзяленьне «Беларусбанку» № 323 патаемна сьпісала 539 тысяч рублёў з рахунку 11‑гадовай Ліды Шабетнік. Дапамогу ад дзяржавы дзяўчынка атрымлівала з прычыны страты маці. Бацька 11‑гадовай дзяўчынкі, старшыня абласной арганізацыі Сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамады) Алег Шабетнік, быў завочна пакараны судом Цэнтральнага раёну Гомелю штрафам на суму 1 мільён 550 тысяч рублёў (720 даляраў ЗША) за перавоз праз украінска‑беларускую мяжу матэрыялаў устаноўчай канфэрэнцыі Саюзу левых партый і пяці асобнікаў брашуры «Аб кульце асобы Лукашэнкі». Пачынаючы з сакавіка, сп. Шабетнік пералічваў на пададзены судом рахунак па 200 тысяч рублёў.

10 чэрвеня

Плэнэр у Горадні

У Горадні прайшоў аднадзённы мастацкі плэнэр з удзелам беларускіх і польскіх мастакоў. Творцы зафіксавалі ў малюнках падрыхтаваныя да зносу старыя будынкі.

Фінькевіча абмежавалі

Адказны за выхад у горад маёр Уладзімер Міхайлаў дазволіў Артуру выйсьці ў горад на паўтары гадзіны. 9 чэрвеня палітвязьню дазволілі знаходзіцца па‑за межамі камэндатуры няпоўныя 2 гадзіны. Раней кіраўніцтва спэцкамэндатуры альбо не дазваляла хлопцу наагул выходзіць у горад, альбо дазваляла на цэлы дзень. Праз абмежаваньні Артур ня мае магчымасьці наведаць лазьню і цырульню, пры тым, што неахайны выгляд зьняволенага можа стаць падставай для спагнаньня. У спэцкамэндатуры душ рамантуецца. Нагадаем, што 4 чэрвеня Артуру Фінькевічу адмовілі ў датэрміновым вызваленьні.

Дашкевіча наведаў адвакат

Па словах Аляксандра Галіева, Зьміцер Дашкевіч пераведзены на больш лёгкую працу, на здароўе ня скардзіцца. Нагадаем, што Зьмітра Дашкевіча асудзілі на паўтара году зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Пра стан здароўя Клімава

Былы дэпутат Андрэй Клімаў ужо трэці тыдзень знаходзіцца ў Менскім турэмным шпіталі. Туды яго перавялі са сьледчага ізалятару пасьля сардэчнага прыступу. Жонцы палітыка Тацяне ўдалося перадаць мужу ў шпіталь патрэбныя яму лекі.

11 чэрвеня

Грышчэню дапыталі

У Баранавічах мясцовы КДБ чарговы раз правёў допыт моладзевага актывіста Яраслава Грышчэні. Яраславу прадэманстравалі кінанарэзкі з суду над актывістамі незарэгістраванага «Маладога фронту» 28‑29 траўня, дзе ён прымаў актыўны ўдзел. Актывіста пыталіся, ці выйшаў ён з «МФ», што рабіў у гэтыя дні ў Менску, як апынуўся ля суду. Нагадаем, што ў дачыненьні да Я.Грышчэні 10 траўня была заведзеная крымінальная справа па арт. 193 (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?