04.05.2001 / 13:00

З усёй краіны

№ 17 (226), 25 красавіка — 4 траўня 2001 г.


 З усёй краіны

 

Хадыку лепшае

Менскія лекары змагаюцца за жыцьцё лідэра БНФ Юр’я Хадыкі. Як распавёў Лявон Баршчэўскі, здароўе спадара Хадыкі пагоршылася пасьля няўдалай апэрацыі. Колькі дзён Хадыка знаходзіўся ў крытычным стане ў рэанімацыі – адказалі ныркі... Напярэдадні Радуніцы яму палепшала, але сытуацыя яшчэ няпэўная.

Трымайцеся, спадару Юр’ю, не паддавайцеся нягодзе!

Тацяна Сьнітко

 

Мірон у Радашкавічах

Пазаўчора ў віленскую рэдакцыю “НН” затэлефанаваў чалавек з Радашкавічаў і расказаў, што на высачэзным коміне больніцы павесілі бел-чырвона-белы сьцяг. Каля яго — цыдулка з эмблемай Маладога Фронту і подпісам: “Хто здыме гэты сьцяг Хрыста, перад ім і адкажа. Мірон”. Відаць, сам Мірон і званіў.

А.К.

 

Кааліцыя моладзі

18 юнацкіх суполак злучыліся ў перадвыбарную кааліцыю, каб агітаваць за ўдзел у выбарах. Адпаведны мэмарандум яны падпісалі на сустрэчы ў Вільні ўчора. Сярод іх як вядомыя — Малады Фронт, Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў, так і невялікія культурніцкія й спартовыя зьвязы.

Б.Т.

 

Тапелец

Дзьве гадзіны мясцовыя рыбары вудзілі рыбу на Вяльлі. Сядзелі на дрэве, нахіленым над вадой, і ня ведалі, што пад імі мярцьвяк. Пакуль чыясьці вуда за яго не зачапілася. Сьледчая група амаль гадзіну даставала нябожчыка. У кішэнях, акрамя грабянца і 6 рублёў, не было нічога. І вопраткі не было, і чаравіка на правай назе.

Зь месяцы два таму прапаў бязь вестак чалавек. Выпісаўся з псыхіятрычнай лякарні, а дадому не вярнуўся. Экспэрт вызначыў дату сьмерці — 5 лютага. Увесь час гаротнік праляжаў у вадзе.

 

Камунізм па-ашмянску

У Смургонскі суд накіраваная справа 45-гадовага граждана з Ашмянаў. Ён абрабаваў дзьве крамы: у сваім родным горадзе і ў вёсцы Чухны Смургонскага раёну. Зь вясковай зьнёс усё. Склаў багацьце ля хаты ў лесе. Міліцыянты дапільнавалі злодзея, калі той ішоў да свайго “складу” па чарговую бутэльку і бляшанку шпротаў. За пару дзён камунізму ў асобнай хаце злачынца зьеў і выпіў амаль усё, што пакраў. Ненаедная такая вантроба.

Тацяна Скарынкіна, Смургоні

 

Беспранцыпны доктар

Кіраўніка аднаго з аддзяленьняў Магілёўскага скурвэндыспансэру затрымалі пры атрыманьні ад пацыента хабару 108 000 беларускіх рублёў. Гэтулькі ён браў за тое, што ня ставіў на афіцыйны ўлік як вэнэралягічнага хворага. Лекаваньне ж пры гэтым гарантаваў.

 

П’яны Вялікдзень

Гарэлка нарабіла на Вялікдзень шмат бяды на Берасьцейшчыне. 15 красавіка ў баранавіцкі шпіталь зь сечанымі ранамі прывезьлі 41-гадовую касірку крамы Н. Яе скалечыў былы муж, 47-гадовы таксіст, які, учыніўшы гэткае, сам засіліўся. У Пінску зламысьнікі зьбілі мясцовага жыхара, адабраўшы 91 даляр, 5 тыс. рублёў і дакумэнты. У вёсцы Какорыца Драгічынскага раёну ў Вялікую ноч загарэлася хата фэльчара Бязьдзежскай больніцы З. У агні загінула гаспадыня і яе беспрацоўны палюбоўнік. А ўсё таму, што палілі ў ложку.

 

Інфляцыя

Паводле зьвестак Мінстату, за першы тыдзень красавіка цэны вырасьлі на 2%. Гэта нямала — самы высокі паказьнік росту з пачатку году. Усяго з пачатку году яны ў Беларусі вырасьлі нібы на 15,4% (у 2000 г. за гэты ж час — на 34,5%).

Паводле БелаПАН

 

Навіны за тыдзень

Пацаны скралі С-300

Беларуская вайсковая пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу супраць сямі курсантаў Вайсковай акадэміі. Падчас навучаньня хлопцы, відаць, пасьпелі расчаравацца ў матэрыяльных выгодах будучай афіцэрскай кар’еры. І вырашылі паклапаціцца аб сваім дабрабыце самі. Маючы доступ да навучальнага комплексу супрацьпаветранай абароны С-300, курсанты паціху «трыбушылі» яго. Балазе, попыт на радыёдэталі, якія ўтрымліваюць каштоўныя мэталы, на Ждановіцкім рынку быў і застаецца вялікім.

 

Звольнілі Бяласіна

Яўген Бяласін, аўтар “НН”, кіраўнік берасьцейскай суполкі БНФ, звольнены з пасады старшага выкладчыка катэдры замежных моваў Берасьцейскага ўнівэрсытэту, дзе адпрацаваў 20 год. Фармальна Бяласін прайграў конкурс на права працаваць на пасадзе старшага выкладчыка. Потым на катэдры зьявіліся дадатковыя месцы, аднак удзельнічаць у новым конкурсе яго ніхто не запрасіў. Бяласін лічыць, што ён звольнены з прычыны палітычных поглядаў, удзелу ў акцыях пратэсту й шматлікіх публікацыяў у незалежнай прэсе. Паводле яго словаў, унівэрсытэт паціху пазбаўляецца ад палітычна актыўных выкладчыкаў. Рэктар унівэрсытэту Плецюхоў — ведамы лукашыст.

Б.Т.

 

Трактары для Садама

Ірацкая прыватная фірма «Капры карпарэйшн», якая да ўвядзеньня эмбарга ажыцьцяўляла зборку чэскіх трактароў «Зэтар», зараз будзе зьбіраць нашыя «Беларусы». МТЗ плянуе прадаць братняму Іраку 3000 трактароў (патрэба ірацкага рынку — 45000 машынаў).

Паводле БелаПАН

 

Ізноў гамбурскія жыды?

У цэнтры Віцебску, на Ўсьпенскай горцы, падчас пракладкі тэлефоннага дроту да будынку абласнога КДБ знайшлі чалавечыя косткі. На думку археоляга Ігара Цішкіна, гэта парэшткі закатаваных вязьняў турмы НКВД.
Косткі наўрад ці належаць ахвярам нямецкай акупацыі. Месцы масавых расстрэлаў падчас вайны знаходзіліся за горадам, бо немцы баяліся распаўсюду інфэкцыйных хваробаў. Не падобнае пахаваньне й да старых могілак — няма ніводнага фрагмэнту адзеньня ці труны. А Юрка Віцьбіч, які знаходзіўся ў Віцебску ў часе нямецкай акупацыі, згадваў, што ў ліпені 41-га, перад адыходам Чырвонай арміі, тут пасьпешліва расстралялі некалькі соцень палітвязьняў.

Вызначыць паходжаньне парэшткаў мусіць адмысловая экспэртыза. Але ў 1991 годзе, калі была зробленая аналягічная знаходка, экспэрты засьведчылі, што на Ўсьпенскай горцы збольшага знайшлі косткі жывёлаў. Між тым некалькі мяхоў гэтых костак ды сапраўдных чалавечых чарапоў дагэтуль захоўваюцца ў сутарэньні Віцебскага епархіяльнага ўпраўленьня.

Паводле Радыё Свабода

 

Дзе Глыбоўскі?

13–15 красавіка ў гатэльным комплексе МАЗу (Герасіменкі, 8) праходзіла міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная праблемам студэнцкага самакіраваньня. 14 красавіка каля 8-й вечара ў гатэль завіталі людзі ў цывільным, якія шукалі «чалавека ў панамцы» — ганаровага сябра Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў Ільлю Глыбоўскага. Агенты 007 запатрабавалі ў адміністрацыі сьпісы ўдзельнікаў і ключы ад іхных пакояў. Адміністрацыя згадзілася адчыніць толькі пакой Глыбоўскага. Там нікога не было. Раптам кадэбісты ўбачылі, як «чалавек у панамцы» сядае ў таксоўку. Уздагон выправіліся дзьве машыны спэцслужбаў. Людзі ў цывільным выцягнулі бедака з машыны, паклалі тварам на капот, але, разгледзеўшыся, зразумелі, што гэта не Ільля, адпусьцілі (гэта быў Алесь Міхалевіч, былы кіраўнік ЗБС).

Супрацоўнікі спэцслужбаў перасьледавалі большасьць таксовак, якія ў той вечар развозілі ўдзельнікаў канфэрэнцыі. Назіраньне за гатэлем трывала цэлую ноч. Усё ж Глыбоўскага гэтак і не злавілі — ён, паводле пэўных зьвестак, уцёк праз акно ў суседні лес.

Навошта спэцслужбам спатрэбіўся Глыбоўскі? Ён быў сябром дэпартаванага чэха Міхала Плаўца. Агенты спэцслужбаў арыштавалі Плаўца, павезьлі на допыт, а ператрус кватэры, дзе жыў чэх, пакінулі на пасьля па мілай расейскай звычцы “да завтра падаждёт”. Калі ж назаўтра прыйшлі пад дзьверы, плёмба была сарваная, а ў кватэры застаўся толькі зашмуляны сеньнік і пустая пляшка з-пад піва. Дык разьюшаныя кадэбісты кінуліся шукаць Плаўцавых сяброў. Гэтак можна растлумачыць прыгоды тае суботы.

Невядома, дзе Ільля цяпер. Дакладна толькі тое, што ён на волі, што яму нічога не пагражае. І што 20-га ён адсьвяткаваў Дзень народзінаў.

Б.Т.

 

Музыка на шляху

23 красавіка ў парк-клюбе “Менск” БМА прэзэнтавала канцэрт чэскіх рок-гуртоў Echt!, MCH Band i Už jsme doma, які адбыўся ў рамках туру “Чэская музыка на шляху”.

 

У Чэхіі з музыкай тыя ж праблемы, што і ў нас: музычны рынак перанасычаны ангельскімі і амэрыканскімі, часта нізкаякаснымі запісамі (у нас — расейскімі), а чэскія гурты ня могуць прабіцца на радыё.

Музыка чэхаў — цікавы сымбіёз традыцыйнага року і славянскай аўтэнтыкі. Іхная нацыянальная адметнасьць адчуваецца ў ёй вельмі яскрава — і гэта пры тым, што ў двух з трох гуртоў сольныя партыі граліся на акадэмічным саксафоне. А нашыя рокеры, збольшага, накладаюць беларускія тэксты на зьбітыя ангельска-амэрыканскія формы. Тутэйшы слухач, безумоўна, задаволены, але ў Эўропе гэткая музыка нецікавая, бо ў ёй беларускай адметнасьці ня бачна — традыцыйны рок-н-рол, рытм-н-блюз і г.д.

Вікторыя Ластаўкіна

 

Навіны гаспадарскія

Гульні бяз правілаў

Сельгасвытворцы пры любых умовах павінны сабраць большы ўраджай, чым летась, — такі загад прагучаў на чарговым сэлектарным шоў. Але, нягледзячы на аптымістычныя рапарты кіраўнікоў абласных “вэртыкаляў”, такіх праблемаў з грашыма, палівам і якасным насеньнем, як сёлета, у калгасаў не было ніколі. А большасьць “чарнобыльскіх” рэгіёнаў засталіся безь мінэральных угнаеньняў, то бок бяз шанцаў атрымаць больш-менш экалягічна чыстую прадукцыю.

Вакол сельскай гаспадаркі насьпявае і міжнародны скандал. Беларусь паабяцала прадаць у Расею 500 тыс. тонаў мяса. На мінулым тыдні прайшла інфармацыя, што гэтую задачу плянуецца вырашыць шляхам рээкспарту ялавічыны з Чэхіі — краіны з рызыкай распаўсюджваньня эпідэміі яшчуру. Цяпер Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі клянецца, што ніякіх перамоваў наконт гэтага з чэхамі не было. Хаця афіцыйна гэтая інфармацыя дагэтуль не абвергнутая.

Нечаканасьцю мінулага тыдня сталася спыненьне Менскага аўтазаводу. Прадпрыемства ня можа набыць неабходную колькасьць рухавікоў у Яраслаўлі — няма грошай. Цяпер беларускі ўрад рыхтуецца часткова вызваліць МАЗ ад падаткаў, але невядома, ці гэта дапаможа. Відаць, буйны расейскі бізнэс вырашыў папросту “прыціснуць” МАЗ, а потым зьявіцца ў якасьці адзінага “выратавальніка” і без асаблівых цяжкасьцяў атрымаць дазвол на прыватызацыю прадпрыемства.

Тым часам прыватныя прадпрымальнікі сталіцы сьвяткавалі маленькую перамогу. Менскі гарсавет падтрымаў іх у спрэчцы з мэрам Паўлавым і ня даў згоды на падвышэньне стаўкі падаткаў.

Сяржук Іваноўскі

 

Спартовы тыдзень

Саша ды хакей

У непрыемную сытуацыю трапіў лідэр нашай футбольнай зборнай Аляксандар Хацкевіч.

 

Лабаноўскі, трэнэр кіеўскага «Дынама», дзе гуляе беларус, перавёў яго ў дублёры. Мо Лабаноўскі не дае Хацкевічу практыкавацца на полі, каб зьменшыць нашыя шанцы ў хуткіх гульнях з армянамі ды нарвэжцамі? Украінцы маюць на два балы меней за зборную Беларусі і мараць пра нашыя паразы. 2 чэрвеня, у дзень гульні з армянамі, Эдуард Малафееў сьвяткуе дзень народзінаў. Вось падступны Лабаноўскі і рыхтуе «падарунак»...

Нашы хакеісты ў суботу будуць гуляць на першынстве сьвету ў Нямеччыне з чэмпіёнамі плянэты, чэхамі. Потым — з швайцарцамі ды немцамі. Каб выйсьці ў наступнае кола, трэба заняць не апошняе месца ў групе. Нашыя добра папрактыкаваліся — на мінулым тыдні двойчы адцягалі за вушы аўстрыякаў, а ў нядзелю – латышоў: 6:3. Праўда, у панядзелак самі ад іх атрымалі — 1:3.

З чэмпіянату Эўропы вярнуліся з бронзавымі мэдалямі нашыя валейбалісткі. Малайчынкі!

Богусь Біятлянёнак


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру