04.05.2001 / 13:00

ТЭЛЕВІЗАР

№ 17 (226), 25 красавіка — 4 траўня 2001 г.


 ТЭЛЕВІЗАР

 

Канчатковы дыягназ

21 красавіка ў парку Горкага, дзе “Зубр” ладзіў акцыю “Канчатковы дыягназ”, сабралася чалавек 200. У натоўпе мільгалі белыя халаты сяброў “Зубра”. Дзеі адбываліся адразу ў некалькіх месцах, і трэ было мець спрыт, каб за ўсім усачыць.

 

Дзьве дзяўчыны ў белых халатах з цацачнымі псыхіятрычнымі малаточкамі абстуквалі ахвотных “абсьледавацца”, задавалі пытаньні і давалі жартоўныя парады. Непадалёк маладзёны ў лекарскіх строях ладзілі конкурс на лепшы вар’яцкі крык, абяцаючы пераможцам прызы. Цьвіком праграмы было імгненнае “фота з мазаічным псіхапатам” — чалавекам у кашулі са зьвязанымі за сьпінай рукавамі й вусатай масцы. Фатографу даводзілася адганяць ахвотнікаў увайсьці ў гісторыю: “Ачысьціце тэрыторыю перад псыхапатам! Не чапайце псыхапата рукамі, не хвалюйце ягоную псыхіку!”. Паўз вясёлы натоўп туды-сюды бегаў “санітар”, здаганяючы “хворага” ў такой самай вусатай масцы. На лаве хлопцы апантана гулялі ў настольны хакей. Не пасьпела я агледзецца, як дзяўчат-“псыхіятраў” ужо пацягнулі да міліцэйскіх машынаў. Затрымлівалі як міліцыянты ў форме, так і людзі ў цывільным. Маладзёны супраціўляліся.

“Мы не дапусьцім, штоб у нашай стране забіралі людзей у белых халатах! — падвываў тым часам у мікрафон дзяяч з тварам з пап’е-машэ і футравымі вусамі. — Карочэ гавара, паддзяржыце міня!”. Прамоўцу “падзьдзяржалі” падлеткі-“тэлепузікі” зь мяккімі цацкамі на галовах і чырвона-зялёнымі сьцяжкамі. “Мерапрыемства не санкцыянаванае!.. адказнасьць!.. разысьціся!” — у чарговы раз зароў мэгафон.

У разгар мерапрыемства ў парку былі заўважаныя Элеанора Язерская й колішняя рэдактарка газэты “Імя” Кацярына Высоцкая. Мне падалося, у іхнай размове мільганула слова “рэжысура”...

Іншая зорка экрану — Генадзь Курбека — шпацыраваў у кампаніі маладзёнаў у скуранках, падобных да звычайных мітынговых “ціхароў”.

Тымчасам каля рэчкі пачаўся жывы хакейны матч на асфальце (гульцы фарсілі ў вусатых масках і белых халатах). Потым хакеісты саступілі месца лыжнікам у такой самай “маскхалатнай” уніформе. Лыжы грукаталі аб асфальт. Фінал гэтых гонак быў нечаканы: двое лыжнікаў ускочылі на парапэт гранітнага берагу Сьвіслачы і, пад гул галасоў і воплескі,.. скокнулі ў ваду.

На гэтай аптымістычнай ноце скончыліся гуляньні. Пачаліся затрыманьні.

На выхадзе з парку міліцыянт ветліва папрасіў нас з мужам паказаць дакумэнты. Усьлед падляцела цётка ў цывільным касьцюме вішнёвага колеру і пачала нешта крычаць. Я параіла ёй трохі палячыцца. “205-ты, 205-ты, дайце машыну, — адказала цётка некуды сабе ў станік. – Маўчаць!!!” – дадала яна, не асэнсоўваючы, што ўсе моўчкі слухаюць ейную рацыю.

З “жыгулёў”, што пад’ехалі на выклік, выскачылі двое з шалёнымі вачыма й сталі ў бульдожую стойку. “Гэтыя, думаю, паедуць нармальна”, — ацэньвае нашую нябуйнасьць кабета ў вішнёвым. Стойкі сынхронна зьнікаюць, вочы мякчэюць, нас “запрашаюць пад’ехаць”. “Куды два грузы?” –“У Партызанскі!” — загадвае голас з рацыі.

У Партызанскім РУУС халодна, як у падвале. Мы паводзімся вольна, гутарым між сабой і зь міліцыянтамі пра акцыю, дыягназ і жыцьцё. Чалавек у цывільным (і на акцыі, і ў пастарунку рэй вялі людзі ў цывільным зь іншага, не міліцэйскага, ведамства) спрабуе спыніць гутаркі. “Мы ня самі сюды прыйшлі, дык будзьце ласкавыя нас трываць!” – кажу яму. Людзі з вайсковай выпраўкай чамусьці паважаюць нахабства ў ветлівай форме. Хутка мы нават усьміхаемся адно аднаму. (Ня хочаш быць ахвяраю – ня будзь ёю!)

Нас, затрыманых у парку, 38 чалавек. У тым ліку — сталага веку мужчына, якога прывезьлі з тралейбуснага прыпынку ў кайданках, і дзьве бабулі (зьбіралі пустыя бутэлькі. Торбы са шклатарай у іх канфіскавалі). Плыўцы-лыжнікі таксама тут. Ім дазволілі пераапрануцца ў сухія белыя халаты.

Простыя міліцыянты пераконваюць, што нас вось-вось адпусьцяць. Затэлефанаваць дачцэ, якая дома адна, мне не дазваляюць. Усіх здымаюць на відэа, бяруць адбіткі пальцаў, просяць распавесьці пра гуляньні й пасьмейваюцца. Відаць, што міліцыя нічога не вырашае ў лёсе “палітычных” і чакае “асаблівага распараджэньня” з рацыі. Чакаем і мы – у актавай залі. Менавіта тут зьяўляецца першы амонавец-“адмарозак”: “наяжджае” на дзяўчат і нікога не пускае ў прыбіральню. Я паведамляю амонаўцу, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў зьбіраюся зрабіць унёсак у выпраўленьне дэмаграфічнай сытуацыі ў краіне. “Усе вы тут цяжарныя!” — кажа ён і чапляецца да некага з-за выбітага зуба. “Зубы ўстаўляюць, а вось з мазгамі — цяжэй!”. Агульны рогат. Прыводзяць затрыманую Кацярыну Шабан. Дазнаемся пра другога “адмарозка” ў цывільным, Новікава. Ён ўдарыў Кацю па твары так, што дзяўчына атрымала лёгкае страсеньне мазгоў. Віктар Мухін, іншы затрыманы аўтар “НН”, патрабуе, каб міліцыянты размаўлялі з намі па-беларуску. Я кладуся спаць, але ненадоўга. Нас ужо вядуць уніз. “Калі з маімі дзецьмі нешта здарыцца, адказваць у судзе будзеце вы асабіста”, — кажу нейкаму начальніку ў адказ на камплімэнт. Той зьдзіўлена змаўкае.

Пакуль міліцыянты вырашаюць, што рабіць з нашымі пратаколамі, сканчаюцца законныя тры гадзіны, адведзеныя на “высьвятленьне асобы”. Той самы “адмарозак” не дае ўставаць з крэслаў, гучна размаўляць... Нахабны амонавец вар’яцее ад маіх словаў, што ён тут ніхто. Сварымся. Усе пачынаюць заступацца за мяне. Амонавец б’е па галаве самага хударлявага й малога хлапчука. У адной дзяўчыны пачынаецца гістэрыка: “Я не разумею, чаму нашая міліцыя зьбівае людзей – проста так!!!”. Віктара Мухіна тройчы клічуць, каб вызваліць, і тройчы вяртаюць назад. Мы распачынаем супольны “страйк”: сынхронна тупаем па падлозе, б’ем у ладкі, скандуем: “Тры гадзіны! Тры гадзіны!”, “Жыве Беларусь!”, “Слава нацыі! — Сьмерць вогарам!”. Ахоўнікі слупянеюць і... глядзяць з павагай. “Адмарозак” бяжыць па начальства, якое таксама слупянее і сыходзіць далажыць пра нас. І тут ажыўляюцца бабулькі: “Гэй, вярніце сканфіскаваныя сумкі!” – “А што ў іх?” – “Як што?! Даляры! Улады ж кажуць: нам “заплацілі”, мы “прадаліся”!”.

Праз чатыры з паловай гадзіны, перш, чым адпусьціць нас, начальства РУУС моцна выбачалася. Злосны амонавец Ігар старанна абшуквае маю сумку й кішэні паліто: баіцца, што нашая гутарка запісаная на дыктафон. “Можаш забраць касэту, калі так страшна! Там нічога няма, акрамя суду над чалавекам, які застрэліў падобнага да цябе”. Ігар апраўдваецца, што я “пагражала яму расправай”, і дорыць мне сканфіскаваны значак з надпісам: “Я ведаю, хто самы галоўны дурань у краіне”.

На выходныя за кратамі засталіся 16 чалавек, у тым ліку тры зусім маладыя дзяўчыны і адна з бабулек. Што ж да “канчатковага дыягназу”, дык гэта была самая калярытная акцыя апазыцыі за апошнія гады.

Тацяна Сьнітко


Гатовы на кускі разарваць

Жыхары вёскі Азёры на Гарадзеншчыне адзінагалосна абралі Лукашэнку дэлегатам на ІІ Усебеларускі народны сход ад свайго калгасу «Азёры». Як сказаў на сходзе намеснік старшыні, дзякуючы Аляксандру Рыгоравічу, калгас мае сучасны сьвінагадоўчы комплекс, дзе гадуюцца 12 тысяч сьвіней і за апошнія гады перавысіў паказьнікі 1990 г. па раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Жаданьне вылучыць ўсенароднага дэлегатам прагучала таксама на сходах працоўных калектываў Менску, Баранавічаў, Магілёва, Барысава, Гарадзенскага і Хойніцкага раёнаў. Сам Лукашэнка вырашыў абрацца ад Першамайскага раёну Менску.

Паводле БелаПАН

 

Ніякіх Бангалораў!

У суботу Малады Фронт, у гонар юбілею парку Дружбы народаў, зьбіраўся апошні раз схадзіць на плошчу Бангалор

 Рэклямы не было, бо мелася быць не буйная акцыя, а хутчэй пэрформанс — прайсьці празь людную Камароўку з кавалкамі белай палатніны замест транспарантаў ды ўрачыста ўкапаць на Бангалоры шыльдачку “Сюды больш ня ступіць нага апазыцыянэра”. Чалавек 15 пайшлі ад Варвашэні “калёнай па адным” па ходніках. На рагу Чырвонай і Харужай наляцеў АМАП на чале зь дзядзькам у цывільным — адабралі прасьціны. Маладафронтаўцы рушылі далей у суправаджэньні АМАПу. А як павярнулі зь людных месцаў на Кульман — амапаўцы ўсіх “павязалі”. Кіраўнік апэрацыі, шэф Савецкага РАУС, неласкава “запрасіў” да сябе ў машыну й вашага карэспандэнта. Але, выявілася, адсутнасьць журналісцкага пасьведчаньня яго не цікавіла — як толькі засьвяціў фатастужку, адразу выпусьціў. Баяўся чамусьці, што ў кадар можа трапіць.

Cуды над удзельнікамі “апошняга паходу” пачнуцца 25 красавіка.

Дзяніс Носаў

 

Цана газэты

Рэдактары ўсіх незалежных беларускіх газэтаў зьвярнуліся да прадстаўніка АБСЭ па свабодзе сродкаў масавай інфармацыі Фраймута Дувэ са зваротам, у якім просяць дапамагчы спыніць ціск на незалежныя СМІ ў Беларусі. “Найбольш пашыраная сёньня эканамічная дыскрымінацыя, — пішуць яны ў прыватнасьці. — Для рэдакцыяў недзяржаўных газэтаў вызначаюць заведама завышаныя тарыфы на распаўсюджваньне, экспэдыяваньне, перасылку й дастаўку пэрыядычных выданьняў. Гэта вынік манапольнага становішча на рынку аб”яднаньня “Белпошта”, якое ўваходзіць у структуру Міністэрства сувязі. У 2000 г. тарыфы на распаўсюджваньне недзяржаўных СМІ былі амаль у пяць разоў вышэйшыя, чым на дзяржаўную прэсу. Такая нэгатыўная тэндэнцыя захавалася і ў 2001 г., хоць пад ціскам журналісцкай грамадзкасьці “Белпошта” змушаная была зьменшыць апэтыты: розьніца ў тарыфах складае 3,3 разы”. “НН” далучылася да звароту. Калі б удалося дабіцца ад уладаў спыненьня дыскрымінацыі, і падпісная, і раздробная цэны на газэту істотна зьнізіліся б. Але ўчора стала вядома, сп.Дувэ ў Беларусь не прыедзе: Менск адмовіўся выдаць яму візу.

 

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру