Эўропа як блізкае замежжа Расеі

Франсуаза Том,
дацэнтка Сарбоны

 

Летась у кастрычнiку “Газпром”, “Газ дэ Франс”, нямецкі “Вiнтэршаль” да iталiйскі “SNAM” утварылі мiжнародны кансорцыюм дзеля пабудовы газаправоду. Гэтым праектам, што каштуе 7 млрд. даляраў, мае распачацца “энэргетычнае партнэрства” мiж Эўразьвязам ды Расеяй. Праект прадугледжвае павелiчэньне паставак расейскага газу ў краіны Эўразьвязу ў 2 разы ўзамен значных эўрапейскiх iнвэстыцый у расейскi энэргасэктар.

Расея абяцае сыстэму дзяржаўных гарантыяў пад пабудову двух новых газацягаў: аднаго празь Фiнляндыю, другога празь Беларусь i Польшчу. Тымі самымі шляхамі Расея прапануе экспартаваць у Заходнюю Эўропу і электраэнэргiю.

 

А таго газу няма!

Цяпер Расейская Фэдэрацыя экспартуе 60% ад здабытай нафты i 40% газу, і гэта максымум яе экспартнага патэнцыялу. Любое павелічэньне экспарту энэргасыравіны паставіць пад пагрозу ўнутраны расейскі рынак, які й так пакутуе ад недахопу сыравіны. Расейскі экспэрт Станiслаў Меншыкаў пiша: “Энэргетычны мост памiж Расеяй i Эўропай выгодны Расеі толькi геапалiтычна. Мы... сёньня ня здольныя забясьпечыць нi ўласныя патрэбы, нi патрэбы Эўропы”. Каб захаваць вытворчасьць, трэба вялiзныя iнвэстыцыi — 70 млрд. даляраў толькі ў сэктар электраэнэргетыкі, каб захаваць вытворчасьць энэргіі на цяперашнім узроўні, паводле ацэнак Анатоля Чубайса. Аднак гэта не перашкодзiла Расеi пачаць у мiнулым жнiўнi экспарт электраэнэргii ў Нямеччыну.

Цяпер Расея пастаўляе чвэрць усяго газу, што спажывае Эўропа. Але памеры здабычы скарачаюцца: з 643 млрд. м3 у 1991 г. да 563 млрд. м3 у 1999 г., за мiнулы год адбылося скарачэньне на 20 млрд м3, а на гэты год прагназуецца зьмяншэньне на 40—50 млрд. м3. Каб павялiчыць экспарт у Эўропу з 80 да 179 млрд. м3, Расеi трэба 80 млрд. даляраў iнвэстыцыяў. І гэта толькi на абслугоўваньне наяўнай iнфраструктуры, без уліку пабудовы новых газацягаў.

Для такiх iнвэстыцый патрэбныя сур’ёзныя гарантыі. Пуцiн запэўнiвае замежных iнвэстараў, што Расея гатовая “садзейнiчаць забясьпячэньню доўгатэрмiновай энэргетычнай незалежнасьцi Эўропы”. Каб мець магчымасьць паляпшаць свой эканамiчны iмiдж за мяжой, Крэмль узмацняе кантроль за расейскiмi мэдыямi. Пуцiнскiя прапагандысты даводзяць, што аўтарытарны рэжым спрыяе замежным iнвэстарам, нават калi й замахваецца на пэўныя дэмакратычныя каштоўнасьцi.

А як жа выглядае сытуацыя насамрэч? Расейскi энэргетычны сэктар кантралююць алiгархi, што атрымалі ад дзяржавы дазвол на распрацоўку асобных радовiшчаў. Выпадак з “Газпромам” — тыповы. Цьмянасьць гэтага таварыства надзвычайная нават па расейскiх мерках. Замежныя акцыянэры былi вельмi зьдзiўленыя хуткiм уздымам прадпрыемства “Iтэра”, што было заснаванае ў Флярыдзе ў 1992 г. і за тры гады выйшла на чацьвертую пазыцыю сярод уладальнiкаў запасаў газу ў сьвеце. Асноўную частку радовішчаў гэтае прадпрыемства атрымала ад “Газпрому”, своеасаблівай філіяй якога яно, відаць, зьяўляецца. У 2000 г. “Iтэра” давяло здабычу газу да 20 млрд. м3. Памеры вытворчасьцi “Газпрому” зьменшыліся на такую ж лічбу. Акрамя таго, “Iтэра” мае доступ да газаправодаў, што раней было манаполiяй “Газпрому”. Асноўныя адмiнiстратары “Газпрому” маюць частку акцыяў “Iтэры”. У 1998–99 г. “Газпром” заплацiў газам падаткi Ямала-Ненецкай акрузе. Газ быў ацэнены ў 2 даляры за 1000 м3. Па гэткім кошце “Iтэра” скупіла той газ і перапрадала яго на сусьветным рынку па 60 даляраў за 1000 м3. Разьдзел працы між дзьвюма кампаніямі такі: «Газпром» працуе стратна на ўнутраны рынак, бо прадае газ расейскім спажыўцам па занiжаных цэнах (за апошнiя дзесяць гадоў страты склалi каля 10 млрд. даляраў), а «Iтэра» займаецца прыбытковымі пастаўкамі ў СНД.

Расейскi ўрад спрабуе ўзмацняць кантроль над “Газпромам” i абараняць малых акцыянэраў кампанii. Аднак трэба быць асьцярожным з ацэнкамi вынiкаў гэтае палiтыкi. Цалкам магчыма, што мэтай прэзыдэнцкай адмiнiстрацыi, нягледзячы на прапагандысцкую кампанiю, скіраваную супраць алiгархаў ельцынскiх часоў, такіх, як сучасны кiраўнiк «Газпрому» Р.Вяхiраў, ёсьць усталяваньне кантролю за гэтымі прадпрыемствамi праз давераных Пуцiну асобаў. Так, у чэрвенi мiнулага году ўзначальваць кiраўнічую раду “Газпрому” быў прызначаны Дзьмітры Мядзьведзеў, чалавек Пуцiна. У самой радзе ўрад атрымаў 5 месцаў з 11, а былое кiраўнiцтва — толькi 4. Такія справы ў газавым сэктары расейскай эканомікі. А што ў электраэнэргетыцы?

А.Чубайс, расейскі алігарх, кіраўнік манаполіі па вытворчасьці электраэнэргіі, нядаўна заявiў, што Расея будзе змушаная купляць электраэнэргiю ўжо ў 2005 г., калi ня ўкласьці 5 млрд. даляраў у расейскую сыстэму атамных электрастанцыяў. Пляны расейскага кiраўнiцтва на гэты конт пакуль не зразумелыя. Гаворка iдзе аб магчымасьці нацыяналiзацыi часткі акцыяў энэргасыстэмы (пра гэта ўжо казалі былы мiнiстар атамнай энэргетыкi Адамаў i мiнiстар прамысловасьцi Дандукоў, дый Чубайс не згаджаецца) з мэтай павялiчыць долю дзяржавы ў кампанii Чубайса з 52% да 75%.

Але сапраўдная рэформа магчымая, толькi калi ўнутраныя кошты на энэргiю не зраўняюцца з сусьветнымi. Першыя, напрыклад, сёньня складаюць 10–15 даляраў за 1000 м3 газу. Тымчасам Расея, купляючы туркмэнскi газ па цане 38 даляраў за 1000 м3, перапрадае яго за мяжу за 96 даляраў. І гэткая сытуацыя не мяняецца гадамі.

 

Альянс бюракратыі
і алігархаў

Таму можна ўпэўнена казаць, што альянс мiж дзяржаўнай бюракратыяй i алiгархамi, што паўстаў за часамi Ельцына, не паслаблены, нягледзячы на рыторыку пуцiнскай адмiнiстрацыi. Насамрэч Пуцiн змагаецца толькі супраць тых алiгархаў, якiя маюць супрацьлеглыя зь ягонымі палiтычныя амбiцыi, даводзячы iм, хто ў хаце гаспадар. “Дыктатура закону” абмежавалася перасьледам тых, хто адмаўляецца служыць Крамлю — найперш мэдыя-магната Гусінскага.

Сёньня алiгархi i дзяржаўны апарат кантралююць найбольш прыбытковыя сэктары расейскай эканомiкi і асноўныя фінансавыя плыні. Гэта спрыяе памнажэньню i пашырэньню дзяржаўных карпарацыяў, што кантралююцца людзьмi Пуцiна. Так, Беланiнаву, калегу Пуцiна па ФСБ, даручана стварыць на базе “Россвооружения” i “Промэкспорта” адзінае прадпрыемства “Россоборонвооружение” і дзяржаўную манаполiю па экспарце нафты — “Зарубежнефть”.

Дык якія тут могуць быць гарантыi iнвэстыцыяў? Што перашкодзіць расейскаму ўраду, атрымаўшы грошы, распачаць шавiнiстычную кампанiю супраць “Захаду, што рабуе Расею”? Эўропе застанецца альбо ўсё згубiць, альбо дзейнічаць пад расейскую дуду. Пра менавіта такі сцэнар сьведчыць тое, што большасьць расейскіх бізнэсмэнаў уважае за лепшае трымаць свае капiталы за мяжой. Незразумела тады, чаму Эўракамiсiя (урад ЭЗ) з такiм энтузіязмам ставіцца да iнвэставаньня ў занядбаны расейскі энэргасэктар.

 

Палiтычныя пагрозы

Удзел Расеі ў праекце “энэргетычнага парнэрства” не зьвязаны беспасярэдне зь першаснымі эканамiчнымi патрэбамi краіны. Заможнасьць не зьяўляецца для Пуціна самамэтай: эканамiчнае супрацоўнiцтва — толькi ўмова, сродак аднаўленьня «расейскай велiчы». Як пiша блізкі да цяперашніх маскоўскіх уладаў аналітык С.Караганаў, “энэргетычная iнтэграцыя можа стварыць сур’ёзную базу дзеля зблiжэньня ў палiтычнай, вайсковай, навуковай, тэхнiчнай i адукацыйнай сфэрах”. Таму Расея патрабуе, каб новы газацяг iшоў у абыход Украiны. Значыць, апошняя апынецца перад тупiковай альтэрнатывай: альбо эканамiчная крыза, альбо палітычная залежнасьць ад “Газпрому” цi эўрапейскага кансорцыюму, якi будзе абараняць iнтарэсы Расеi. Гэта палохала Польшчу. Тады Масква запатрабавала ад Брусэлю цiснуць на Варшаву. Як пiша strana.ru: “Расея ўважае за лепшае дамаўляцца ў Брусэлі i iншых заходнеэўрапейскiх сталiцах, ведаючы, што буйнейшыя эўрапейскiя партнэры змогуць паўзьдзейнiчаць на Польшчу”. Iншае расейскае патрабаваньне — зьмяніць стаўленьне ЭЗ да Лукашэнкi i прызнаць легiтымнасьць апошнiх парлямэнцкiх выбараў у Беларусi.

Яшчэ Расея патрабуе ад ЭЗ адмовiцца ад пабудовы нафтаправоду Баку-Джэйхан для экспарту нафты з Каспiю ў абыход Расеi. Як бачым, “энэргетычнае партнэрства” з ЭЗ разглядаецца ў Маскве як iнструмэнт аднаўленьня гегемонii над дзяржавамi СНД — у найлепшых традыцыях савецкай дыпляматыi. Так некалі ў 1918 г. бальшавiкi прапанавалі немцам чвэрць бакiнскай нафты ўзамен дапамогі ў выгнаньні брытанскiх войскаў з Баку i адмовы падтрымлiваць незалежнасьць Украiны; у 1920 г. саветы фiнансава падтрымалі рух Кемаля, каб з дапамогай турэцкiх войскаў захапiць Арменiю i Грузiю; у 1920 г. Каменеў прапаноўваў Лойд-Джоржу выгодныя гандлёвыя ўмовы, каб той адмовіўся падтрымлiваць Польшчу, якая тады ваявала з Расеяй. Сучасны прыклад — праект “Blue Stream”: газаправод, пабудаваны пад Касьпiем iталiйскiм прадпыемставам ENI. За 16 млрд. м3 газу ў год Mасква атрымала ад Анкары гарантыі нэўтралітэту ў чачэнскім пытаньні.

Дастаткова прасачыць за палiтыкай Расеi ў дачыненьнi да краiнаў СНД, каб сталася зразумелым, што ад самага пачатку энэргетычнае пытаньне было прыступкай да аднаўленьня расейскага панаваньня над СНД.

30 кастрычнiка 2000 г. падчас парыскага самiту Расея прапанавала павялiчыць на 30% пастаўкi газу i нафты ў Эўропу наўзамен павелічэньня ролі Расеі ў вырашэньні блiзкаўсходніх і балканскіх пытаньняў ды зьмяншэньня выплатаў Парыскаму клюбу. Яшчэ Расея спадзявалася з падтрымкаю Эўропы заблякаваць рэалізацыю амэрыканскай праграмы супрацьракетнай абароны. Аднак роля Расеі ў эўрапейскай палiтыцы пакуль абмяжоўваецца адзiным расплывістым мэханiзмам “спэцыяльных кансультацыяў”. Расейцы былi вельмi абураныя тым, што да вызначальнае сустрэчы ў вярхах лідэраў краінаў Эўропы ў Нiцы так i ня быў вызначаны характар iхнага ўдзелу ў сыстэме эўрапейскай бясьпекі, а таксама тым, што францускi ўрад не пажадаў выступіць з асуджэньнем хвалі антыпуцiнскай крытыкi ў францускай прэсе.

Расея не пярэчыць разьвіцьцю працэсу эўрапейскай iнтэграцыi, зразумеўшы, што гэта шанец выціснуць ЗША з эўрапейскай вайсковай сфэры i заняць іхнае месца. Ажыцьцяўляць свой плян Крэмль зьбіраецца праз двухбаковыя дамоўленасьці з буйнымi эўрапейскiмi краiнамi (Вялікай Брытаніяй, Нямеччынай, Францыяй, Iталiяй) і паступовае дасягненьне іхнай энэргетычнай залежнасьці ад Масквы.

Асноўным эўрапейскiм партнэрам Расеi сёньня застаецца Нямеччына. “Мы павiнны iнтэграваць Расею ў палiтычным, эканамiчным пляне, як i ў пляне бясьпекi i абароны”, — адзначыў канцлер Шродар падчас вiзыту ў Маскву 26 верасьня 2000 г. Заходнія апалягеты, “энэргетычнага партнэрства” даводзяць, што супрацоўнiцтва мiж Эўропай i Расеяй спрыяе “стабiлiзацыi” апошняй. Выказваньне гэтае вядомае шчэ з часоў “разрадкі”. Але ж сёньняшняе “энэргетычнае партнэрства” можа толькі ўмацаваць сёньняшні рэжым — нафта- i газадаляры пойдуць на падтрымку бюракратычных структураў i расейскiх алiгархаў. Захад згодны заплюшчыць вочы на гэта, абы Пуцiн спыніў цяперашняе расейскае безуладзьдзе, якое так палохае Эўропу.

Аднак нельга забывацца на несувымерныя амбiцыi расейскага кіраўніцтва. Эўфарыя ад лёгкіх перамогаў унутры краiны замiнае рэалiстычнаму ўспрыманьню міжнароднай сытуацыі. Цяперашняя расейская стратэгія на заходнім кірунку ўжо заслужыла назву “чэкiсцкай дыпляматыі” — з уласьцівымі ёй пераацэнкай эфэктыўнасьцi манiпуляцыяў, пагардай да партнэраў, распыленьнем высiлкаў, прыманьнем сваiх жаданьняў за рэчаiснасьць. Гэткае ёсьць і вынiкам стварэньня Пуцiным “інфармацыйнай вэртыкалi”.

Але гэта не зьмяншае пагрозы рэалiзацыi праекту “энэргетычнага партнэрства”, які пагражае пераўтварыць Эўропу ў “блiзкае замежжа” Расеi. Будуючы “энэргетычны мост”, эўрапейцы ў лепшым выпадку страцяць грошы, у горшым — незалежнасьць.

 

Скарочана пераклаў з францускай Юрась Лiхтаровiч

паводле Franзoise Thom, “Union europйenne — Russie: le partenariat йnergйtique”, (Франсуаза Том, “Эўрапейскі Зьвяз — Расея: энэргетычнае партнэрства”) / Gйopolitique, #72, сьнежань 2000.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0