Перабольшаны Чарнобыль

Маштабы бяды меншыя, чым мы баяліся, — сьведчаць навукоўцы
з камітэту ААН у справах наступстваў атамнага апраменьваньня

Тэмаю папулярнага польскага часопісу «Ўпрост» ад 14 студзеня стала сэнсацыйна пададзеная падборка матар’ялаў пад загалоўкам «Чарнобыль — найбольшы блеф ХХ стагодзьдзя». Польскія журналісты грунтаваліся на дакладзе, падрыхтаваным Навуковым камітэтам ААН у справах наступстваў атамнага апраменьваньня (UNSCEAR)

 

Даклад рыхтавалі 142 спэцыялісты з 21 краіны. Яны прыводзяць у дакладзе наступныя лічбы: толькі ў 134 супрацоўнікаў ЧАЭС, пажарных і ратаўнікоў, што змагаліся зь нягодай непасрэдна на станцыі, разьвілася прамянёвая хвароба, і 30 зь іх памёрлі. 381 тыс. ліквідатараў атрымалі дозы апраменьваньня ў сярэднім у 10 разоў ніжэйшыя за небясьпечны для жыцьця ўзровень (1000 мілізывэртаў). Няма зьвестак, якія б сьведчылі, што за 14 гадоў пасьля Чарнобылю недзе вырасла лічба захворваньняў на рак, сьмяротнасьць або нейкія іншыя захворваньні, зьвязаныя з апраменьваньнем. Адзіны рост захворваньняў, які зафіксаваны ў забруджаных раёнах, — гэта рост псыхасаматычных хваробаў органаў дыханьня, страваваньня і нэрвовай сыстэмы, ніякім чынам не зьвязаны з радыяцыйным забруджваньнем, але непасрэдна абумоўлены радыёфобіяй, страхам за сябе і за дзяцей, перадусім боязьзю захварэць на рак.

Першымі ахвярамі страху ў 1986—1987 г. сталі ненароджаныя дзеці. Колькасьць спаронаў тады вырасла ў пэўных рэгіёнах Беларусі да 25%: жанчыны баяліся, што народзяць мутантаў. Між тым, ніякага росту генэтычных адхіленьняў у дзяцей зафіксавана не было, — сьцьвярджае даклад. — Ды ён і немажлівы, — мяркуюць дасьледчыкі з ААН, — бо і ў ахвяраў Хірасімы й Нагасакі ня выяўлена ніякіх генэтычных парушэньняў. Адзіным сапраўды рэальным наступствам аварыі могуць быць 1800 выпадкаў раку шчытавіцы, зарэгістраваных у дзяцей зь Беларусі, Украіны, Расеі за 14 гадоў пасьля Чарнобылю (з прычыны атрыманьня вялікай дозы радыёактыўнага ёду ў першыя дні па аварыі). Але й ня ўсе гэтыя выпадкі абумоўленыя Чарнобылем. Рак шчытавіцы, пішуць экспэрты UNSCEAR, разьвіваецца праз 6—9 гадоў пасьля апраменьваньня, а ў лічбу 1800 уваходзяць і выпадкі раку, зафіксаваныя за год і два пасьля аварыі. Проста раней адпаведная статыстыка зусім не вялася, дык няма з чым параўноўваць. Такіх дасьледаваньняў да аварыі ў Беларусі і Ўкраіне папросту не праводзілася. На Чарнобыль сталі сьпісваць усё запар. Тыповы прыклад — скандалы вакол фільмаў «Чарнобыль: ускрыцьцё хмары» (Францыя, 2000) і «Ігар — дзіця Чарнобылю» (Брытанія, 1998). У апошнім гаворыцца пра Ігарка з-пад Менску, які нарадзіўся ў 1988 г. зь недаразьвітымі ручкамі-ножкамі. Фільмы прыпісвалі чарнобыльскай катастрофе віну за генэтычныя парушэньні, якія сустракаюцца ва ўсіх краінах. Гэта выклікала рэзкі пратэст францускіх і брытанскіх навукоўцаў.

Часопіс «Упрост» называе Чарнобыль «прыбытковым мітам». Фінансавая дапамога часткова асядае ў кішэнях тых, хто яе разьмяркоўвае. Яна таксама ідзе спэцыялістам, што працуюць у сфэрах, зьвязаных зь «ліквідацыяй наступстваў». Перабольшаньне страху выгоднае таксама міжнароднаму экалягічнаму руху, які мае справядлівыя мэты, але не заўжды карыстаецца сумленнымі сродкамі.

Часопіс «Упрост» цытуе інтэрвію Ўладзіслава Астапенкі, кіраўніка беларускага Інстытуту радыяцыйнай мэдыцыны, які заявіў агенцтву Reuters, што «ў выніку чарнобыльскай аварыі Беларусі пагражае дэмаграфічная катастрофа: ужо некалькі гадоў сьмяротнасьць перасягае нараджальнасьць, колькасьць абортаў — лічбу родаў, а дзяцей з генэтычнымі ганамі штогод нараджаецца 2,5 тыс.». Часопіс абвінавачвае Астапенку ў поўнай некампэтэнтнасьці або наўмыснай маніпуляцыі грамадзкай думкай. Дэмаграфічны крызыс спасьціг ня толькі Гомельшчыну, але й «чыстыя» Чувашыю ці Баўгарыю, гэтаксама й там вырасла і лічба абортаў. Гэта агульнарэгіянальная тэндэнцыя, зьвязаная з эканамічным і маральным крызысам. А сытуацыя з генэтычнымі парушэньнямі ў Беларусі яшчэ больш чым аптымістычная. Бо незалежна ад Чарнобылю ў любой чалавечай папуляцыі іх бывае ў сярэднім каля 6% — г.зн. у 5 разоў болей, чым фіксуе ў Беларусі сп.Астапенка.

Наша грамадзтва любіць сьпісваць на радыяцыяю беды, зьвязаныя з заніжанымі сацыяльнымі стандартамі, культурнаю катастрофаю ці страшэннаю беднасьцю краіны, карані якіх трэба шукаць зусім не ў Чарнобылі. Ад «палітычнага і культурнага Чарнобылю» нашым людзям больш пакутаў, чым ад экалягічнага.

Паніка агарнула сьвет па выкідзе ў атмасфэру вялікіх колькасьцяў радыёактыўных рэчываў у красавіку 1986 г. Стварылася атмасфэра страху, якая дагэтуль паралізуе грамадзкую думку. Выбух рэактара ў Чарнобылі ня быў аднэй з найбольшых трагедыяў, — такую выснову робіць UNSCEAR, — наступствы аварыі стала перабольшвалі.

У Беларусі ніхто дагэтуль не паспрабаваў абвергнуць вывады, зробленыя UNSCEAR. Нічога істотнага не адказалі ў нашых акадэмічных інстытутах і журналістам «НН» — усё агульныя фразы пра «атамнае лобі».

Палітычнае значэньне чарнобыльскага міту зьмяншаецца. Але ня меншае колькасьць «панікмэйкераў», якія эксплюатуюць радыяфобію, — ад Алексіевіч да Бандажэўскага. У першых шэрагах «агітатараў за няшчасьце» — кіраўніцтва чарнобыльскіх раёнаў. Яно высмоктвае зь бюджэту сродкі, што маглі б быць укладзеныя ня ў Брагін, а ў Карэлічы. Зь імі ж — чарнобыльскія «дзіцячыя фонды», вакол якіх дзясяткі тысячаў людзей цынічна кормяцца з сыстэмы «гуманітарнай дапамогі» і «аздараўленьня дзяцей».

«Мы яшчэ не асэнсавалі гэтай касьмічнай катастрофы», — на апошнім тыдні зноў уся незалежная прэса ад газэты «День» да «Навінаў БНФ» брыняла апакаліптычнымі інтэрвію Сьвятланы Алексіевіч. Да нагнятаньня «чарнобыльскай гістэрыі» падключаецца й «ітэра-газпромаўскае лобі» ў Беларусі: пабудова атамнае станцыі пад Дуброўнаю істотна зьменшыла б залежнасьць Беларусі ад паставак расейскага газу і нафты.

«Чарнобыльскае лобі» адстойвае думку, што «Беларусі выгадна акцэнтаваць увагу на наступствах Чарнобылю», бо гэта дазваляе прыцягваць у краіну гуманітарную дапамогу і фінансавыя субсыдыі. Субсыдыяў проста няма. Памеры дапамогі істотна саступаюць шкодзе ад «радыяцыйнага іміджу» прадукцыі нашай сельскай гаспадаркі і нашай краіны як такой.

У любым разе, мы мусім імкнуцца да праўды і толькі праўды: што ў наступствах Чарнобылю бясьпечна, а што небясьпечна. Звычка ўспрымаць Чарнобыль як «касьмічную катастрофу», «абсалютную бяду» наносіць шкоду людзям нават на пабытовым узроўні: паколькі з абсалютнай пагрозай немагчыма змагацца, дык людзі і махаюць на ўсё рукой. «Чаму гэта сваю бульбу есьці можна, а грыбы зь лесу — не? А, усё адно не ўратуешся...» З-за паўсюднага перабольшваньня людзі страчваюць асьцярожнасьць. «Агітацыя за няшчасьце» замінае разумець і ліквідаваць рэальныя наступствы катастрофы.

Патрэбныя праўдзівыя статыстычныя зьвесткі і рэальная карціна. Інакш нашай «агітацыі за няшчасьце» хутка зусім перастануць верыць у сьвеце. І тады мы пазбавімся тае часткі дапамогі, якая сапраўды патрэбная. Патрэбная праўда пра Чарнобыль, трэба пераламіць тую атмасфэру няпраўды, што пануе ў нашым грамадзтве скрозь.

Чарнобыльскае забруджваньне было нагодай удыхнуць новае жыцьцё ў адсталы паўднёвы ўсход краіны. Гэтага не адбылося. Паляпшэньне інфраструктуры (транспартнай, пабытовай) не суправаджалася зьмяненьнем структуры эканомікі. Можна лічыць, што добрая частка інвэстыцыяў пайшла на глум...

Пэўныя беларускія зьвесткі пацьвярджаюць рацыю дакладу UNSCEAR. Паказчыкі колькасьці захворваньняў нязначна розьняцца па рэгіёнах краіны. На Гомельшчыне і Магілёўшчыне яны вышэйшыя, але вышэйшыя прыкладна на столькі, на колькі там горшая агульная сацыяльна-эканамічная сытуацыя, г.зн. роўна настолькі, наколькі «якасьць жыцьця» ніжэйшая, чым на Гарадзеншчыне ці Берасьцейшчыне, а, скажам, узровень злачыннасьці вышэйшы.

Калі «Ўпрост» мае рацыю, беларусы могуць уздыхнуць з палёгкай: цяжар, зь якім краіна ўступае ў новае тысячагодзьдзе, не такі вялікі, як меркавалася. «НН» вернецца да гэтай тэмы.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0