Сяргей Варыводзкі

Вышэйшае за страх

 

Чарнобыль. Быў ён ці не? Нібыта быў. Адпаведныя дзяржаўныя інстытуцыі функцыянуюць, радыяцыйны фон кантралюецца, гуманітарная дапамога паступае, народ абсьледуецца, лечыцца і рэабілітуецца, дзяцей возяць за мяжу адпачываць (няясна, праўда, ад чаго). Рэгулярна зьбіраюцца навуковыя канфэрэнцыі, праблемы ставяцца і рашаюцца, народ прызвычаіўся, жыве сабе.

Пры гэтым аварыя на ЧАЭС дасёньня застаецца найістотнейшым Страхам, у якім жыве Беларусь. Супаўшы па часе з пачаткам Перабудовы, яна сталася перадвесьцем пераменаў, што зьмянілі нашае жыцьцё, прынесьлі незалежнасьць, інфляцыю, галечу, адсутнасьць пэрспэктываў і арыентацыі. Чарнобыль і цяпер яшчэ ўзмацняе працэсы дэградацыі й разбурэньня. Страх пасьля катастрофы трохі сьцішыўся, але застаецца ў падсьвядомасьці ці пераходзіць у тупую стомленасьць ад згадкі пра яе. Ну колькі можна! Страх дыктуе свой узор паводзінаў: баяцца — хавацца — унікаць. Навуковымі й дзяржаўнымі захадамі рады яму не дасі.

Але жыць пры Чарнобылі трэба. Калі спадзяемся ўвогуле жыць тут надалей, трэба ўсьвядоміць: жыць з Чарнобылем давядзецца і нам, і нашым нашчадкам. Страх можна перамагчы, калі паставіцца да Чарнобылю, як да пэўнага выпрабаваньня, кшталту вайны, палётаў у космас, экспэдыцыі на полюс, выжываньня ў пустэльні ці альпінізму. Па стаўленьні да іх (а дакладней па ўдзеле — уласным, чынным ці адвольным) чалавецтва падзяляецца на Герояў і проста людзей. Апошнія мусяць усё трываць, не набываючы ніякага станоўчага досьведу. Першыя, нават аднакроць далучыўшыся да Здарэньня, выпрабаваўшы сябе ім — ніколі не застаюцца ранейшымі. Вядома, перажываюць такія Здарэньні ня ўсе. Але выбар, як загінуць — на жабрацкім шпітальным ложку ці ў выпрабавальным агні — застаецца за чалавекам. Млявае народанасельніцтва няздольнае нават убачыць Выбар. Яму прасьцей баяцца, піць, наракаць на злыя ўлады й марыць паслаць дзяцей за мяжу (як яшчэ нядаўна ў горад).

Выпрабаваньне даецца лёсам ня кожнаму народу. Нашыя Продкі годна прайшлі набегі, няўроды, маравыя пошасьці, голад. Мы маем Чарнобыль. Дык будзьма ж вартымі яго, каб дзеці бачылі вышэйшае за страх.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0