Беларусь праз 100 гадоў

Марскі порт Горадня

прачнуўся ў час. 100 год мінула, як я згадзіўся стацца лябараторным пацуком у напаўлегальным выпрабаваньні. Прафэсар Кашэўскі шукаў валанцёра, а я — схованку ад міліцыянтаў… Атрымаўшы колькі ўколаў і начапіўшы нейкі напысьнік, я паклаўся ў тэрмакамэру. Сёньня прачнуўся. Паміж учора і сёньня — пустка ў 100 гадоў. Пражыўшы пару месяцаў у ХХІ ст., я стаўся жыхаром ХХІІ-га. З траўня 2001 г. — у травень 2101 г.

Найбольш мяне насьцярожыла адсутнасьць журналістаў падчас майго ачомваньня. Як патлумачыў д-р Кашэўскі (выліты прапрадзед), у гэтым няма патрэбы. Камэры-мікрачыпы назіраюць за намі й трансьлююць на Сусьвет.

Хоць кішкі мае марш гралі, перш-наперш я, як палітуцякач, пацікавіўся палітычнай сытуацыяй. А ну як вынайшлі, крый Божа, эліксір несьмяротнасьці, і дыктатар, галоўная прычына маіх уцёкаў, не памёр? Памёр! — кажа Кашэўскі. Як і ўсе Вашы знаёмыя й сябры і мільярды іншых былых сучасьнікаў, ціха дадаў ён.

Эліксіру ня вынайшлі, але ж розных штучак напрыдумлялі за стагодзьдзе — фіранкі выконваюць ролю электроннага экрану...

Кашэўскі папярэдзіў, што адаптавацца да новай рэальнасьці мне трэ будзе паступова, каб пазьбегнуць псыхалягічнага шоку. Напачатку ён уключыў мне — на тых самых фіранках — фільм кшталту хронікі падзеяў у сьвеце. Галоўнае, што іх (нас?!) цяпер цікавіць, турбуе і яднае — пацяпленьне на Зямлі, ад якога растае Антарктыда. Я пабачыў жывы этэр са спадарожніка — апошні лапік лёду вакол паўднёвага Полюсу. Шкада пінгвінаў… І Ледавіты акіян больш зусім не ледавіты. А вось адзначаецца сусьветны дзень памяці Нідэрляндаў — адзінай краіны, якую зусім не ўдалося ўратаваць, яна цалкам сышла пад ваду. Яго сьвяткуюць нашчадкі галяндцаў ва ўсім сьвеце і іншыя небаракі разам зь імі. Дзень Нідэрляндаў, Гамбіі, Гвінэі-Бісаў і акіянскіх выспаў для сьвету — як дзень Хатыні і Курапатаў для Беларусі, патлумачыў Кашэўскі, — дзень смутку й салідарнасьці. Змаганьне з акіянам зьяднала ўсе цывілізаваныя народы.

Паказалі Балтыйскае мора, што пачало пашырацца ў сярэдзіне ХХІ ст. Узровень вады ў ім узьняўся на сотню мэтраў. Эстонія, Латвія (акрамя Латгаліі), Піцерская акруга цалкам адышлі да каралеўства рыбаў. Скандынавы цяпер жывуць на высьпе. Амаль уся Летува пад вадою. Вільня з ваколіцамі нагадвае Вэнэцыю — вулічкі старога места ператварылася ў каналы.

Сыстэма дамбаў і помпаў спыняе Нэптуна на падыходах да Беларусі. Горадня — адзін з найвялікшых балтыйскіх портаў. Нёманскі фарватэр, былое рэчышча Нёмана, быў пашыраны ў 80-х. Дзякуючы разнастайным мерапрыемствам беларускага ўраду штогод у вады адваёўваецца некалькі квадратных кілямэтраў. Рэшткі тэрыторыі прыбалтыйскіх краінаў перададзеныя пад апеку Беларусі, якая адна ў рэгіёне здольная пасьпяхова змагацца з акіянам. Новая фэдэрацыя завецца Вялікая Літва. Яе сталіца — Нясьвіж. Туды ўжо перанесеныя Вострая Брама й касьцёл Сьв. Ганны. Іншыя сьвятыні чакаюць свайго часу. Латышы гуртуюцца на рэштках сваіх земляў, аднак і ў Полацку кожны другі жыхар — латыш. Эстонцы ў бальшыні эмігравалі ў Фінляндыю, дзе ім вылучылі землі на ўсходзе пад Новую Эстонію…

Я бачу сваю навюткую (векавую?!) торбу, што стагодзьдзе прастаяла ля тэрмакамэры, і не вытрымліваю. Няўжо адтуль за сто гадоў ніхто ня скраў трох пляшак добрага грузінскага «Кіндзмаравулі»? Ня скралі!!! І, выдушыўшы корак усярэдзіну, разьліваю па колбах. Кашэўскі ненастойліва пярэчыць, відаць, толькі дзеля прыліку — маўляў, можа адбіцца на Вашым здароўі. І прызнаецца, што ніколі такога старога віна ня піў.

Мы ляснулі патрохі, і падалося мне, што Кашэўскі добры хлопец, толькі крыху дзіўнаваты. І чаму ён ня мае ніякіх памочнікаў? Мо пра наш экспэрымэнт ня ведае ніхто, апроч сям’і Кашэўскіх? Мо ў іх такія экспэрымэнты забароненыя? А мо і алькаголь строга забаронены, што ён гэтак на яго кідаецца? А мо ён алькаголік нейкі?

— Кіславатае, затое гістарычнае!..

Тымчасам на электроннай фіранцы пачаліся навіны тыдня. На экране маніфэстанты палілі пудзілы беларуса й украінца ў нацыянальных строях. Гэта палешукі дамагаюцца аўтаномій у складзе Беларусі і Ўкраіны і большых гарантыяў ад прарыву акіянскіх водаў у палескія нізіны. Іхныя радыкалы аб’ядналіся ў тэрарыстычную групоўку “Палескі Балотны Рух”, які правёў шэраг тэрактаў: закідаў памідорамі старшыню парлямэнту Беларусі падчас яго паездкі ў Салігорск, дзе сканчаецца перапрацоўка адвалаў вытворчасьці калійнай солі, абліў фарбай прэзыдэнта Ўкраіны. Учора Найвышэйшы Суд Беларусі забараніў ПБР.

— Што ты мне пра гэтых палешукоў, ты мне пра маскалёў распавядзі, пра незалежнасьць! Чым скончылася барацьба з акупантамі?..

Захмялелы Кашэўскі па-змоўніцку заўсьміхаўся.

— Галоўная зьмена — што “дз” і “дж” цяпер пішам адной літарай. А Расеі тваёй ужо 50 год як няма, ёсьць 12 краінаў Байкальскае дамовы. Павышэньне ўзроўню акіяну моцна дэзынтэгравала яе, падзяліўшы на кавалкі.

І дадаў нібы завучаную ў школе думку:

— Абвешчаная ў 1991 г. незалежнасьць — галоўны чыньнік, які ўплываў і будзе ўплываць на лёс Беларусі. Суправаджаў і надалей будзе суправаджаць яе, як анёл-абаронца.

Мы адкаркавалі другую бутэльку віна і ўсё глядзелі і глядзелі некім старанна адабраныя навіны. Хапае і ў іх (у нас?!) беспрацоўя, міграцыі, экалягічных праблемаў, наступстваў радыяцыі, новых хваробаў…

І пасьля трэцяй пляшкі я зароў:

— Адпраўляй мяне яшчэ наперад, яшчэ на сто, дзьвесьце, тысячу год! Працягвай экспэрымэнт! Там, напэўна, будзе лепш.

І палез ізноўку ў тэрмакамэру, па свой квіток да Раю, дзе ўжо пэўна добра будзе ўсім.

Равяка Руслан


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0