З усёй краіны

 

Прапаў “Малыш”

Дэфіцыт дзіцячага харчаваньня ўжо каторы тыдзень адчуваюць астравецкія маці. Яно зьнікла зь дзяржаўных крамаў. Днямі, праўда, абяцаюць завезьці 160 кг з Ваўкавыску і разьмеркаваць па рэцэптах. Вось і нарадзі паспрабуй дзіця — карміць няма чым.

 

Бацька, грошы!

Калі ўся краіна жыве абяцанкамі пра 100-даляравы заробак, то астравецкія настаўнікі глядзяць на гэта больш рэалістычна. Бо нават той мінімальны заробак улады ня ў стане выплаціць своечасова. Перад мінулымі выходнымі настаўнікі, і то ня ўсе, атрымалі толькі аванс за сакавік. З астатнім папрасілі пачакаць. І як тут вучыць добраму, сьветламу...

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

 

Аўталаўкай выгадней

У красавіку Крычаўскі райсавет прыняў сэнсацыйную пастанову. Цяпер кожны прадпрымальнік, каб мець права гандляваць, павінен плаціць 50% мінімалкі за адзін працоўны дзень. Так, калі крама ці шапік адчыненыя ўсе 30 дзён у месяц, гаспадару давядзецца выкласьці 85500 рублёў. Раней гэткае права каштавала 7 мінімалак у месяц. Гандляваць з аўтамашынаў выгадней — плаціш толькі 10% ад мінімальнага заробку. А замежнаму грамадзяніну, які пажадае адчыніць у Крычаве краму, гэта будзе каштаваць толькі… тры мін. заробкі. Таму некаторыя тутэйшыя гандляры шукаюць магчымасьць атрымаць расейскія пашпарты. Ні дзяржаўныя крамы, ні крамы любой іншай формы ўласнасьці новым зборам не абкладаюцца.

 

Аброк

Кожны крычаўскі калгасьнік, у якога маецца карова, мусіць прадаць дзяржаве ня менш за 2000 л малака ў год. Цэны на малако нізкія, выплаты ўвесь час затрымліваюць. А здаваць малако людзі мусяць, інакш ім сена не дадуць.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

 

Аміяк для кракадзіла

Уцечка аміяку прывяла да гібелі жыўнасьці і багавіньня ў стаўку Гарадзенскага заапарку. 25 красавіка атрута трапіла ў рачулку Гараднічанку з прадпрыемства «Гандальмаш». Эколягі спынілі працэс гальванікі, які і стаўся прычынай аварыі.

Канцэнтрацыя аміяку ў рэчцы была вельмі малая, таму ніякай шкоды Нёману, прытокам якой зьяўляецца Гараднічанка, ад гэтага ня будзе. Дырэктар Гарадзенскага заапарку Цэліна Пагерыла кажа, што на сёньня ваду ў заапарку пачысьцілі; птушкі, якія выжылі пасьля аміячных ваннаў, адчуваюць сябе нармальна.

 

Мара Панікоўскага

Супрацоўнікі Гомельскага рэгіянальнага агенцтва эканамічнага разьвіцьця бясплатна раздалі жыхарам Сьвяцілавічаў (Веткаўскі раён) 300 гусяў. Акцыя праходзіла ў рамках праекту агенцтва «Ўстойлівае разьвіцьцё пасёлку Сьвяцілавічы», які ажыцьцяўляецца пры падтрымцы пасольства Вялікай Брытаніі. Сьвяцілавічы знаходзяцца ў зоне высокае радыяцыі. Жыхары пасёлку (600 сем’яў), працуюць у калгасе, зарабляюць мізэрна, таму харчуюцца радыяцыйнымі ягадамі, грыбамі і дзічынай.

Згодна з ідэяй праекту, сем’і павінны пачаць гадаваць гусі, каб ужываць у ежу хаця б чыстае ад радыяцыі мяса. Пакуль агенцтва адабрала для працы ў праекце 17 сем’яў — найбольш прадпрымальных і актыўных жыхароў. Канчатковая мэта праекту — стварыць у Сьвяцілавічах каапэратыў па разьвядзеньні гусяў.

Паводле БелаПАН

 

Анёльскія крылы

Анёл працы скульптара Ігара Голубева пакінуў сваё месца на могілках воінаў другой сусьветнай вайны ў Воршы. Скульптуру давялося адправіць у сховішча музэю, бо невядомыя адпілавалі анёлу крылы.

 

Back in the USSR

На конкурсе гарэлак у Бэльгіі добрай прызналі водку Клімавіцкага заводу. Праўда, назоў гатунку-пераможцы можа выклікаць трымценьне ня толькі ў бэльгійцаў, але і ў значнае часткі нашых грамадзянаў — «СССР». Другое месца (што азначае — абы-які) заняў бальсан з аўтэнтычным назовам «Клімавіцкі», нават не за якасьць, а за аздабленьне бутэлькі. У хуткім часе завод распачне вырабляць новы гатунак бальсану, аснову якога будуць складаць мёд ды ягады, і адчыніць дзьве новыя фірмовыя крамы ў Магілёве й Менску.

 

Раварыстка зьедзе?

26-гадовая раварыстка Натальля Маркаўнічэнка, двухразовая чэмпіёнка свету ў вэлятрэку, можа ўзяць расейскае грамадзянства. «Я дагэтуль ежджу на чужым ровары (за 4 тыс. даляраў) і ня маю формы (300 даляраў за камплект). Ня маю і кватэры. Афіцыйную прэмію далі дык проста сьмешную... Пытаньне аб зьмене грамадзянства вісіць у паветры. У траўні ў мяне першыя спаборніцтвы. Спадзяюся, што праблемы хаця б з роварам і формай да гэтага часу вырашацца. Я б хацела выступаць за Беларусь. Я тут вырасла». А Расея ласая на беларусак. Мэр Масквы ўжо ўнёс яе ў сьпіс кандыдатак на атрыманьне жытла ў расейскай сталіцы.

Паводле БелаПАН

 

Камвольніцы мітынгавалі

Стыхійны мітынг працаўніц камвольнага камбінату адбыўся 27 красавіка ў Менску. 400 жанчын перакрылі рух на вул.Маякоўскага. Яны патрабавалі своечасовай выплаты заробку. Свайго дабіліся і пакуль супакоіліся.

 

Матарызаваныя ліцьвіны

У Жодзіне кааліцыя «Маладыя Ліцьвіны» правяла байкерскі прабег, прысьвечаны 15-годзьдзю Чарнобыльскай катастрофы, у якім узялі ўдзел 10 матацыклістаў. Удзельнікі наладзілі ў розных месцах 3 пікеты, на якіх раздавалі выданьні на чарнобыльскую тэматыку. Міліцыянты лавілі моладзь, але не злавілі, толькі КДБэшнікі з камэрай здымалі байкераў для сваіх архіваў.

 

На падушцы добра ехаць

«Сьвірская суднаверф» (пад Пецярбургам) пабудавала ўжо тры катэры на паветранай падушцы клясы «Гепард» для беларускіх памежнікаў. Усяго, згодна з кантрактам, расейцы пабудуюць 5 катэраў, кожны зь якіх каштуе каля 20 тыс. даляраў, для аховы рэчак на мяжы з Украінай і Латвіяй. Да месца прызначэньня катэры не паплывуць, а, відаць, паедуць чыгункай.

Паводле БелаПАН

 

12% беларусаў працуе толькі на сябе

Гарадзенская міліцыя выкрыла падпольную майстэрню па вытворчасьці зброі.

Там знайшлі два самаробныя пісталеты, абрэз, патроны да рэвальвэра й аўтамата Калашнікава. Вытворчасьцю займаўся 54-гадовы беспрацоўны, токар па спэцыяльнасьці. Такіх майстроў, што зарабляюць усім, чым хочаш, — у краіне нямала.

На Інтэрнэт-сайце беларускіх прафсаюзаў www.praca.by прыводзяцца такія зьвесткі: з 9 990 200 жыхароў Беларусі працаздольных — 5 928 000 (59,3%). Эканамічна актыўнае насельніцтва, то бок тыя, хто працуе ці шукае працу — 4 542 000 (51%), зь іх 104 000 (2,3%) — зарэгістраваныя на біржы працы беспрацоўныя. А вось эканамічна неактыўнае насельніцтва — тыя, хто можа працаваць, але не працуе й працы не шукае, складае 1 386 000 чалавек. Без навучэнцаў працаздольнага веку (530 000) і цяжарных жанчын (150 000) атрымліваецца 706 000 (амаль 12% ад працаздольнага насельніцтва), якія нідзе не працуюць, ня вучацца, не сядзяць зь дзецьмі й не шукаюць працы! Большасьць з гэтых людзей займаюцца працай у “шэрым сэктары” эканомікі або проста крымінальшчынай.

Б.Т.

 

З Горадні

Канскія ільвы й конскія яблыкі

 

Расейскі рэжысэр Дз.Астрахан здымаў у Горадні сцэны для фільму аб генацыдзе габрэяў «Бабін Яр»

 

Фільм робіцца на экспарт і, відаць, будзе агучвацца на ангельскай мове. У “масоўках” удзельнічала з тысячу гарадзенцаў. Ролю нямецкіх жаўнераў выконвалі 300 салдатаў унутраных войскаў. Напэўна, дзеля большага падабенства да гета ўначы невядомыя размалявалі жыдоўскімі зоркамі сьцены сядзібы БНФ, якая знаходзілася ў раёне здымак. Ня менш адыёзна выглядалі сьляды, пакінутыя расейскай кінагрупай. Два дні цэнтар гораду сьмярдзеў экскрэмэнтамі: усе вуліцы, на якіх здымалі ўкраінскіх габрэяў і фашыстаў, былі засыпаны конскімі яблыкамі. Спатрэбілася гэтага дабра, бадай, ня менш за тону.

Сяргей Краўцоў, Горадня

 

Навіны гаспадарскія

Цэны рэагуюць млява

За студзень-сакавік зьнізіліся паказьнікі прамысловай вытворчасьці, вырасла колькасьць стратных прадпрыемстваў, а падаткавікі не дабралі ў бюджэт краіны 80% заплянаваных грошай. Таму няма адкуль узяць сродкі на патрэбы сацыяльнай сфэры (дзеля браку фінансаваньня ўжо скарачаюць нормы харчаваньня ў некаторых дамох-інтэрнатах). На мінулым тыдні Ярмошын прызнаў: калі ў хуткім часе сытуацыя ў гаспадарцы ня выправіцца, дасягнуць сярэдняга 100-даляравага заробку можна будзе толькі з дапамогай “друкаркі”.

Кіраўнік Нацбанку П.Пракаповіч ня страчвае спадзеваў на інвэстыцыі МВФ, які зьбіраецца правесьці маніторынгавую ацэнку эканомікі і па ейных выніках даць альбо ня даць нам крэдыты. Але й тут не абышлося безь непаразуменьняў: насуперак дамоўленасьцям з МВФ дзяржава загадала-ткі камэрцыйным банкам выдзеліць пазыкі на пасяўную. На другую папярэднюю ўмову — скасаваць кантроль за цэнамі — Лукашэнка адрэагаваў забаронай павялічваць іх больш чым на 0,8–1% у месяц. Цэны, аднак, на забарону адрэагавалі млява і за першыя тры тыдні красавіка вырасьлі на 3%.

У такіх варунках урад рабіў стаўку на дапамогу Расеі ў рамках “рублёвай зоны”. Але і “ўсходні кірунак” у чарговы раз дае збоі. Гучны праект новага расейскага газаправоду празь Беларусь у Заходнюю Эўропу, відаць, застанецца толькі на паперы. “Газпром” распрацаваў новы плян — класьці трубы па дне Балтыйскага мора. Цяпер робіцца тэхнічна-фінансавае абгрунтаваньне такога праекту. Калі ён будзе ўхвалены, разьлікі беларускіх уладаў хоць на якую карысьць ад “сяброўства” з Расеяй падмануцца.

Сяржук Іваноўскі

Спартовы тыдзень

Прадулі

Беларускія хакеісты будуць змагацца за 13—16 месцы на чэмпіянаце сьвету

Пасьля паразы ад чэхаў 1:5 нашы прайгралі і швайцарцам 2:5 ды пазбавілася ўсіх шанцаў на выхад з групы. Дакладней, з групы беларусы выйдуць, аднак гуляць будуць за права захаваньня прапіскі ў вышэйшым хакейным дывізіёне.

Некалькі месяцаў таму беларусы зь цяжкасьцю пераадолелі алімпійскую кваліфікацыю, цяпер — «пракол» у Нямеччыне. У чым рэч? Сярэдні век беларускіх гульцоў — амаль 29 гадоў, 11-ці гульцам ідзе ўжо чацьверты дзясятак. Аднак гэтыя хакеісты, нягледзячы на век, відаць, сапраўды зьяўляюцца цяпер найлепшымі, бо ня маюць рэальнай канкурэнцыі з боку маладых (Кальцоў ды Калюжны — шчасьлівыя выняткі).

Прыходзіць час, калі стары збан больш ня можа насіць ваду, а новы яшчэ ня зьлеплены. Малафееў у футболе апошнім часам добра паказвае, што, нават маючы гульцоў на два склады, трэба абкатваць рэзэрвы, якія заўтра стануць асноўнай сілай. Мусіць быць трывалая пераемнасьць паміж зборнымі — юніёрскай, моладзевай ды нацыянальнай. Інакш будзем ізноў дуць швайцарцам.

Зрабіцца самастойнымі суб’ектамі гаспадараньня хакейным клюбам перашкаджае дзяржава, якая таксама ня мае грошай, але тым ня менш хоча ўсё кантраляваць. Так, як было ў СССР. Але ў Саюзу былі нафтадаляры, у Беларусі іх няма. Можна занядбаць вялікі сад, але сабраць сякі-такі ўраджай. А можна даглядаць некалькі яблыняў з тым жа вынікам. Пакуль мы гэтага не зразумеем — будзем бязь яблыкаў.

У той жа дзень, калі беларусы прайгралі швайцарцам (на трыбунах было заўважана колькі нашых заўзятараў), немаладая зборная Латвіі з падтрымкай некалькіх тысячаў свіх заўзятараў перамагла амэрыканцаў 2:0.

Богусь Біятлянёнак

 

Пацярпелыя за Беларусь

18 красавіка ў Бабруйску на канцэрце гурту «Deviation» за маханьне бел-чырвона-белым сьцягам затрымалі маладафронтаўца Андруся Дундукова. У ноч на 26 красавіка за расклейваньне ўлётак у Менску затрымоўвалі Генадзя Банкевіча, мужа і жонку Рабянковых. У Віцебску на 10 ночаў пасадзілі Юрася Карпава ды Рамана Салаўяна за акцыю пратэсту, зладжаную 26 красавіка. Усе апошнія чацьвёра — сябры КХП-БНФ. У Салігорску падчас пікету пратэсту з нагоды ўгодкаў Чарнобылю затрымалі Анатоля Лобана і Сяргея Суліма. 27 красавіка ў Магілёве за раздачу бюлетэню сваёй арганізацыі былі затрыманыя маладафронтаўцы Марына Кузьміна, Ірына Царова, Андрэй Хоміч. У Горадні ўчора на першатравеньскім мітынгу затрымалі лідэра тамтэйшага Маладога Фронту Вадзіма Саранчукова, Зьмітра Іваноўскага з БНФ, кіраўніка аддзелу Моладзі АГП Уладзімера Чырвоненку, Сьвятлану Нех з Маладой Грамады, Андрэя Сьцяпуру з МФ, кіраўніка аддзелу МГ Валянціна Аскірку, кіраўніка аддзелу Народнай Грамады Міхала Патрэбу, а таксама Міхася Карневіча, Паўла Мажэйку, Валер’я Кісяля, Дзяніса Івашына, Дарку Яскевіч, Фелікса Гавіна, Міхася Айрапецяна, Андрэя Мялешку, Вэраніку Быстрыцкую ды шчэ тры чалавекі. У Берасьцi на першатравеньскім шэсьці за раздачу газэты “Рабочы” арыштавалі Ўладзiмера Вялiчкiна i Кiрылу Данька.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0