Гуртам бацькі не паб’еш

“Кааліцыя пяцёх” мае сэнс, калі прэтэндэнты абавязуюцца зьняць свае кандыдатуры на карысьць аднаго, які назьбірае найбольш подпісаў

25 красавіка Ўладзімер Ганчарык, Сямён Домаш, Павал Казлоўскі, Сяргей Калякін і Міхаіл Чыгір заявілі, што будуць каардынаваць дзеяньні падчас перадвыбарнай кампаніі. Заўтра яны маюць правесьці супольную прэс-канфэрэнцыю.

 

У сумеснай заяве “група кандыдатаў” выклала свае асноўныя задачы і прынцыпы: вывад краіны з зацяжнога крызысу, пад’ём нацыянальнай эканомікі на аснове распрацаванай супольнай праграмы, што прадугледжвае эфэктыўнае выкарыстаньне геапалітычнага становішча Беларусі, стварэньне спрыяльных умоваў для вытворчасьці, інвэстыцыяў, разьвіцьця ўсіх формаў уласнасьці. У дакумэнце гаворыцца, што перамога на прэзыдэнцкіх выбарах неабходная для «рэальнага павышэньня дабрабыту людзей, пераадоленьня беднасьці і галечы, надзейнай сацыяльнай абароны пэнсіянэраў, інвалідаў, чарнобыльцаў, навучэнцаў, дапамогі сям’і; забесьпячэньня правоў і свабодаў грамадзянаў; належнай барацьбы са злачыннасьцю; ліквідацыі чыноўніцкага cамавольства і карупцыі, перасьледу іншадумцаў; рэабілітацыі незаконна асуджаных, устанаўленьня вінаватых у зьнікненьні людзей». Палітыкі абвесьцілі, што яны гатовыя ўмацаваць мясцовыя Саветы і органы самакіраваньня, што верне ўладу народу. У праграме блёку гаворыцца, што яе рэалізацыя прывядзе да разьвіцьця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Расеяй «у Саюзе дзьвюх сувэрэнных дзяржаваў», да ўсталяваньня добрых адносінаў з краінамі Эўропы і ўсяго сьвету, пераадоленьня міжнароднай ізаляцыі Беларусі.

Пад гэткімі задачамі мог бы падпісацца і Лукашэнка. Такім чынам, можна лічыць, наша грамадзтва парадаксальным чынам наблізілася да дасягненьня нацыянальнага кампрамісу ў бачаньні прыярытэтаў свайго разьвіцьця. На паперы, прынамсі... Рэальныя ж дзеяньні новага прэзыдэнта — хто б ім ні стаў — будуць далёкімі ад “праграмных заяваў”. Таму мы й будзем выбіраць аднаго з кандыдатаў не па ягоных словах, а па справах. Балазе кожны зь іх — і Домаш, і Казлоўскі, і Лукашэнка — справаў за жыцьцё зрабіў шмат.

Стварэньне “шырокай кааліцыі” было ідэяй, якую падтрымлівалі такія магутныя “суб’екты беларускае палітыкі”, як Майкл Козак, пасол ЗША ў Беларусі, і Ганс-Георг Вік, пасол АБСЭ. Гэтая ідэя можа даць эфэкт, калі кандыдаты абавяжуцца зьняць свае кандыдатуры на карысьць аднаго — таго, хто назьбірае найбольшую колькасьць подпісаў выбарцаў, хто б ён ні быў. Гэта нялёгка: камуністу Калякіну прыйшлося б пагадзіцца з пэрспэктывай самаадсоўваньня на карысьць дзяржаўніка Домаша, і наадварот. Аднак гэта ўжо і было б уменьнем паставіць нацыянальныя інтарэсы над асабістымі і партыйнымі. Усе іншыя варыянты могуць прывесьці да непатрэбнай валтузьні. Калі “група кандыдатаў” застанецца друзлая і шматлікая, масавая сьвядомасьць альтэрнатывы Лукашэнку не зафіксуе.

Барыс Тумар


У інтэрвію Радыё Рацыя намесьнік старшыні БНФ Вячаслаў Сіўчык заявіў, што не разумее палітыкаў “кааліцыі пяцёх”, якія ўключылі ў сумесную заяву пункт пра разьвіцьцё “Саюзу Расеі й Беларусі”. “Я лічу, што ніводзін з тых, хто падпісвае такі зварот, ня можа быць кандыдатам у прэзыдэнты, якога падтрымае партыя БНФ”, — заявіў ён.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0