Амэрыка гатовая вяшчаць на Беларусь па-новаму

Са старшынём Камітэту кіраўнікоў замежнага радыёвяшчаньня ЗША Маркам Натансонам гутарыць Сяргей Шупа

 

Сяргей Шупа: Сярод слухачоў Вашага радыё ва ўсіх куткох сьвету, напэўна, былі розныя вядомыя людзі...

Марк Натансон: Вось прыклад, які нагадвае мне цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі. Адно з наймацнейшых уражаньняў, якія я меў у канцы мінулага году, гэта калі Нэлсан Мандэла на прыватнай аўдыенцыі ў Злучаных Штатах падараваў мне самаробны радыёпрыймач.

Гэта была дакладная копія таго прыймача, зь якога ён у турме, дзе правёў 20 гадоў, падпольна слухаў “Голас Амэрыкі” і BBC. Тое слуханьне жывіла яго надзеяй, што сьвет чуе ягоныя заклікі, ягоны голас і галасы ягоных паплечнікаў. Паўднёваафрыканскі ўрад тады татальна цэнзураваў усю інфармацыю, што трапляла да зьняволеных. Цікава, ці зьняволеныя ў Беларусі маюць магчымасьць слухаць замежнае радыё ў турме?

С.Ш.: Палітвязень Уладзімер Кудзінаў упершыню даведаўся пра тое, што яго вызваляюць, калі ляжаў у турэмным шпіталі і выпадкова пачуў перадачу Радыё Свабода.

М.Н.: Гэтая гісторыя, пра якую я таксама чуў, служыць для мяне поўным апраўданьнем усіх тых сродкаў, якія мы трацім на міжнароднае радыёвяшчаньне. Калі хаця б адна асоба можа пачуць ад нас пра сваё выратаваньне...

С.Ш.: Як гэта ні сумна, для Беларусі замежнае радыёвяшчаньне і сёньня, у ХХІ ст. мае вялікае значэньне. Якое месца займае вяшчаньне Радыё Свабода на Беларусь у сыстэме прыярытэтаў Камітэту?

М.Н.: Радыё Свабода для Беларусі — вельмі важны прыярытэт. Звычайна мы дапамагаем працэсу пабудовы дэмакратыі, але ў гэтым выпадку мы вымушаныя рэагаваць на сытуацыю, калі няма ніякай свабоды слова або свабода слова вельмі кволая і ёю маніпулююць улады.

С.Ш.: Але аб’ём вяшчаньня на Беларусь застаецца на тым самым узроўні, што і на пачатку 90-х. Ці могуць слухачы Радыё Свабода спадзявацца на пашырэньне вяшчаньня ў найбліжэйшай будучыні?

М.Н.: Рэч у тым, што ня кожнае міжнароднае радыёвяшчаньне захавала свой бюджэт падчас кіраваньня адміністрацыяў як дэмакратаў, так і рэспубліканцаў, разам з новым бюджэтам, запрапанаваным адміністрацыяй Буша. Прычына — у падвышэньні кошту жыцьця. Нягледзячы на тое, што крызысных праблемаў у сьвеце не паменела. І таму сам факт, што бюджэт беларускага радыёвяшчаньня ня быў скарочаны — гэта ўжо паказьнік значнасьці Беларусі. Бо ў цэлым гаворка ідзе пра 67 моваў, на якіх мы вяшчаем на самыя розныя краіны. Беларусь, паўтаруся, вельмі значная. І калі б Кангрэс выдзеліў больш сродкаў, мы былі б радыя пашырыць вяшчаньне на Беларусь і палепшыць тэхнічныя якасьці вяшчаньня.

С.Ш.: Ці плянуе Голас Амэрыкі распачаць вяшчаньне па-беларуску?

М.Н.: Тут ёсьць філязофская розьніца паміж першапачатковай місіяй Голасу Амэрыкі і таго, што мы называем «сурагатным», або альтэрнатыўным вяшчаньнем. Маю на ўвазе ня толькі Радыё Свабода, але й радыё Свабодная Азія ды інш. Аднак зь цягам часу мы бачым, што мяжа паміж гэтымі відамі вяшчаньня часам сьціраецца. Напрыклад, у Афрыцы, дзе Голас Амэрыкі асьвятляе мясцовыя падзеі, а ня толькі падзеі ў ЗША і сьвеце. Тым часам, альтэрнатыўныя станцыі, як Радыё Свабода і Свабодная Эўропа, маюць на мэце глыбей інфармаваць пра мясцовыя падзеі. У гэтай справе Камітэт вырашыў наступнае: не ўва ўсіх выпадках, але ў большасьці выпадкаў, калі на пэўную краіну працуюць абедзьве службы, напрыклад, і Голас Амэрыкі, і Радыё Свабода — лепш зрабіць выбар і ўзмацніць адну з гэтых службаў, каб яна магла найлепей паслужыць гэтай краіне. Так што наўрад ці можна чакаць адкрыцьця беларускай службы на Голасе Амэрыкі.

С.Ш.: Беларусь, бадай, адзіная краіна ў Эўропе, дзе Радыё Свабода ня мае мясцовай рэтрансьляцыі. Ці плянуе Камітэт нешта зрабіць для выпраўленьня сытуацыі?

М.Н.: Так. На жаль, не магу паведаміць дэталі.

С.Ш.: Вашага «так» ужо дастаткова... Ці спыніце Вы вяшчаньне, калі аднойчы беларускія ўлады пачнуць глушыць Вашу трансьляцыю, як было за савецкім часам?

М.Н.: Ні ў якім разе! Для мяне глушэньне — гэта паказьнік посьпеху вяшчаньня на краіны з таталітарным рэжымам, якія не дазваляюць людзям фармаваць сваё меркаваньне наконт пачутага. Мы не баімся глушэньня. Мы вяшчаем на Кубу ўжо шмат гадоў, ад самага пачатку ўлады Кастра. Там нас глушылі заўсёды, і ніколі, падкрэсьліваю, ніколі амэрыканскі ўрад не спыняў вяшчаньня на краіну, якая глушыць перадачы. Наадварот.

С.Ш.: Беларусь — ня толькі краіна, на якую вяшчаюць Вашыя радыёстанцыі, гэта таксама краіна Вашых продкаў. Што Вы ведалі пра Беларусь, які яе вобраз захоўваўся ў Вашай сям’і?

М.Н.: Мой дзед зьехаў, калі яму было 15 гадоў. Ён уцёк, запісаўся ў канадыйскае войска і ваяваў у першую сусьветную вайну. Дык вось, ад дзеда я чуў не пра палітыку ці што там адбывалася, а пра людзей, традыцыі. Мой дзед, які жыў у Мінэсоце, куды прыехаў з Канады пасьля першай вайны, любіў рыбалку і любіў харчавацца рыбай. Дык вось, гэта я ўспрымаю як адну з традыцыяў, якія ён захаваў са сваіх дзяціных гадоў у Беларусі. У Вас шмат рэчак і азёраў, і людзі, напэўна, шмат займаюцца рыбалкай. Вось што я захаваў пра Беларусь ад маіх дзядоў. Толькі нядаўна я даведаўся, як завецца мястэчка, адкуль мой дзед, — Баранавічы. Магчыма, калі-небудзь наведаю гэтыя мясьціны.


Марк Натансон — адзін з найбуйнейшых дзеячоў кабэльнай тэлевізіі ў ЗША, удзельнік многіх мэдыйных праектаў, старшыня Камітэту кіраўнікоў замежнага радыёвяшчаньня ЗША (BBG). Камітэт кантралюе ўсё ўрадавае неваеннае міжнароднае вяшчаньне Злучаных Штатаў, а менавіта дзейнасьць пяці службаў: Голасу Амэрыкі, Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, Радыё і ТV Марці, WORLDNET Тэлевізію, Радыё Свабодная Азія. Продкі М.Натансона жылі ў Баранавічах.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0