Агляд сярэднеэўрапейскіх падзеяў

У Браціславе — “Маркіза”, у Празе — ірацкія шпіёны

Вугоршчына зьбіраецца надаць адмысловыя правы суайчыньнікам, што жывуць у суседніх краінах. Калі гэтая пастанова будзе прынятая, больш за 3 мільёны мадзяраў, што жывуць у Славаччыне, Румыніі, Украіне і Сэрбіі, атрымаюць адмысловы статус “вугорцаў з суседніх краінаў”. Гэта дасьць ім права на працу 3 месяцы ў год на тэрыторыі Вугоршчыны, а таксама зьніжкі на праезд вугорскай чыгункай і бясплатны доступ да платных бібліятэк і ўстановаў культуры. Сем’і, што жывуць па-за межамі гістарычнай радзімы, але аддаюць дзетак у вугорскія школы, будуць мець права на штомесячную дапамогу ад вугорскага ўраду (80 даляраў на кожнае дзіця). Акурат гэта выклікае найбольшы пратэст у суседзяў. Славацкія нацыяналісты лямантуюць, што з-за матэрыяльных выгодаў стаць “вугорцамі з суседняе краіны” захочуць і многія славакі (дзеля гэтага і шмат якія беларусы парабіліся б вугорцамі). Лідэр румынскіх нацыяналістаў Тудар заклікаў урад забараніць людзям, што атрымалі “статус вугорцаў з суседняе краіны”, займаць грамадзкія пасады.

Адна з мэтаў пастановы — імкненьне спыніць эміграцыю замежных вугорцаў у мэтраполію. Атрыманьне вугорскага грамадзянства аўтаматычна пазбаўляе статусу “вугорца з суседняе краіны”.

Уладальнік найбуйнейшага славацкага камэрцыйнага ТВ “Маркіза” Павал Руска заснаваў уласную палітычную партыю — Саюз новага грамадзяніна (па-славацку абрэвіятура назвы гучыць як ANO і ў перакладзе на беларускую значыць “так”). Тры гады таму “Маркіза” падтрымала на выбарах дэмакратычны хаўрус, які адхіліў ад улады Мэч’яра. Калі Руска адышоў ад дэмакратаў, “Маркіза” пачала востра крытыкаваць урад. Руска — папуліст, які валодае магутным апаратам прапаганды. У аснове ягонай палітычнай праграмы — праблемы беспрацоўя, злачыннасьці ды аховы здароўя.

Выбары ў Славаччыне адбудуцца ў наступным годзе.

З Чэхіі выслалі ірацкага дыплямата Ахмада Халіла Ібрагіма Саміра, што кіраваў ірацкай выведкай у Чэхіі, Славаччыне і Польшчы. Ён найбольш прыглядаў за ірацкай апазыцыйнай эміграцыяй — у Празе месьціцца ірацкая служба Радыё Свабодная Эўропа. Самір прыехаў у Прагу ў 1999 г., пасьля таго, як ягоны папярэднік папрасіў палітычнага прытулку ў Вялікай Брытаніі, хаваючыся ад Садама. Беларускіх дыпляматаў з Чэхіі яшчэ не высылалі.

У Сэрбіі ўзбуджаныя крымінальныя справы супраць асобных вайскоўцаў, што ўчынілі злачынствы падчас косаўскіх апэрацыяў. Аднак прэсавы сакратар Генштабу абвергнуў сьцьверджаньні, што ў Косаве быў адмысловы аддзел, які спальваў целы забітых і зьнішчаў іншыя сьляды злачынстваў.

Сяргей Рак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0