тэма нумару
Расшыфраваны Кітаб
У паспалітай сьвядомасьці Беларусь — чыста хрысьціянскі край. Ды побач зь Беларусяй Уніяцкай, Праваслаўнай і Каталіцкай заўжды існавала Мусульманская Беларусь. Мусульманскія мігранты стагодзьдзямі ўліваліся ў беларускае насельніцтва, палохалі яго сваімі норавамі і лютасьцю (як цяперашнія “хачыкі”), прымалі ягоныя мову і культуру (як цяперашнія), жаніліся зь беларускамі, захоўвалі веру і зьвязаныя зь ёй абрады (як цяперашнія). Вялізны корпус беларускамоўных тэкстаў, запісаных арабскай графікай, ляжыць пластом у бібліятэках і прыватных архівах: амаль няма спэцыялістаў, здольных расчытаць іх. Нават сярод сёньняшніх беларускіх татараў.
За расшыфроўку Кітабаў узяліся Сяргей Богдан ды Вячаслаў Гушча, менскія студэнты, што спэцыялізуюцца ўва ўсходніх мовах. Яшчэ дзесяць гадоў таму гэткае было немагчыма, бо аддзяленьні арыенталістыкі адкрыліся ў менскіх унівэрсытэтах толькі пасьля заваёвы Беларусяй незалежнасьці.