Мусульманская Беларусь

Татары пачалі зьяўляцца ў нашым краі ў XIV ст. — на запрашэньне вялікіх князёў або трапіўшы ў палон. Гэтая разнамасьцевая маса імігрантаў, у асноўным ваяроў рознага этнічнага паходжаньня, цалкам захавала толькі сваю веру і зьвязаныя зь ёй абрады. А вось культуру і мову амаль што страціла. Да таго ж, жаніцца прыбылыя татары мусілі зь беларускамі, бо сваіх кабет ня мелі, праз што згубілі адметнае аблічча.

Трэба адзначыць розьніцу паміж нашымі й казанскімі татарамі (якія яшчэ гадоў сто таму зваліся булгарамі). Нашым шмат бліжэйшыя крымскія татары, хаця й нельга сьцьвярджаць, што гэта адзіны народ. На нашу думку, больш слушна акрэсьліць беларускіх татараў як рэлігійную, а не этнічную групу ў складзе беларускай нацыі.

Як кажа аўтар “Рысале-і-Татар-і-Ляг” (паведамленьне пра становішча татараў у Рэчы Паспалітай, складзенае для турэцкага султана ў 1557—58 г.), іх на той час было дзьвесьце тысячаў, аднак больш праўдзівымі выглядаюць зьвесткі польскага дасьледніка Дзядулевіча. Ён лічыў, што у XV ст. татараў было 10, у ХVI — 30, у пачатку XVII ст — 40, а пры канцы стагодзьдзя (пасьля вайны з Масковіяй) — ізноў толькі 10 тысячаў. Аўтар “Рысале” піша, што мовы сваёй яны збольшага ня ведалі, актыўна ёй не карысталіся, а паслугоўваліся тутэйшай гаворкай.

Для набажэнства татары карысталіся арабскай і турэцкай мовамі, але, каб тлумачыць сэнс арабскіх і турэцкіх тэкстаў, перакладалі іх на беларускую. Апроч таго, паўстала вялізнае мноства мясцовай літаратуры, якая хоць і мела, у асноўным, рэлігійную скіраванасьць, але не пакідала па-за ўвагай і сьвецкае жыцьцё.

Татары прынесьлі ў беларускую культуру сваё пісьмо — “аліф”. Яго называюць “арабскім”, аднак створанае яно хутчэй на пэрсыдзка-цюрскай аснове, пра што сьведчыць наяўнасьць у пэрсыдзкім і беларускім аліфах літараў “п”, “ж”, “ч”, якіх няма ў сапраўднай арабскай абэцэдзе. Наагул, наш аліф розьніцца ад пэрсыдзкае абэцэды толькі наяўнасьцю літараў “дзаль” і “цад” і адсутнасьцю літары “гаф”. Цяжка сказаць, якая цюрская абэцэда найбольш паўплывала на фармаваньне аліфу, бо больш-менш поўнай адпаведнасьці ні з адной з разгледжаных намі абэцэдаў цюрскіх народаў на арабскай аснове (сёньня амаль усе цюрскія народы маюць пісьмовасьць на аснове лацінскага альфабэту) ня знойдзена, хаця відавочнае запазычаньне адтуль спосабу пазначэньня мяккасьці зычных (“к”, “т” і г.д.). Сыстэма пісьма беларускіх мусульманаў прыдатная для выкарыстаньня ня менш за кірыліцу ці лацінку — у гэтым мы пераканаліся, папрасіўшы іранскіх сяброў прачытаць тэксты, пісаныя беларускім аліфам — нягледзячы на акцэнт мы свабодна разумелі чытанае.

За некалькі стагодзьдзяў мусульмане стварылі вялізны аб’ём беларускамоўнае літаратуры. Уся яна падзяляецца на Кітабы, Хамаілы, Тапсіры й Тэджвіды.

Кітаб — кніга вялікага аб’ёму (часам за тысячу старонак), разнастайнага жанру й зьместу. Хамаіл — нешта кшталту малітоўніка, значна меншы па аб’ёме. У Кітабах пануюць беларуская і польская мовы, а ў Хамаілах — арабская й старатурэцкая. Да першай усясьветнай вайны Хамаіл быў у кожнай татарскай сям’і (у кнізе «Литовско-польские татары: наследники Золотой Орды», выдадзенай у 1994 г. у Казані, апавядаецца такі факт: на палёх аднаго з Хамаілаў нейкі афіцэр, паўстанец 1794 г., запісаў, што падчас абароны перадмесьцяў Вільні загінула шмат афіцэраў-татараў). Тапсіры зьмяшчаюць тэксты Кур’ану з падрадковым перакладам на беларускую ці польскую мову і тлумачэньнямі. Тэджвіды — выклады правілаў чытаньня Кур’ану, пісаныя яны па-старатурэцку з падрадковым перакладам на беларускую ці польскую.

XIX ст. было апошнім векам беларускае ісламскае кнігі. Беларускія малны (мулы) трымаліся народнае мовы, несьлі слова Бога й прарока Божага па-беларуску дый стварылі цэлую бібліятэку тэалягічнае літаратуры на беларускай мове.

На жаль, дасёньня нашыя навукоўцы не займаліся гэтымі кнігамі сур’ёзна. Вывучэньне літаратуры беларускіх мусульманаў пачалося з працы А.Мухлінскага “Изследованіе о происхожденіи и состояніи литовских татаръ” (СПб, 1857), дзе ён падаў узоры тэкстаў з трансьлітарацыяй на кірыліцу. Кніжка прайшла амаль незаўважанай — напрыклад, Я.Карскі скарыстаў са зьмешчанага ў ёй матэрыялу толькі ў 1922 г. Пасьля вывучэньнем Кітабаў займаліся Я.Станкевіч, А.Шлюбскі, В.Вольскі да вайны і А.Антановіч пасьля вайны, які выдаў самую грунтоўную на сёньня працу па гэтым пытаньні — “Беларускія тэксты, пісаныя арабскім пісьмом” (Вільня, 1968). (Менавіта ён, прааналізаваўшы 23 кніжкі XVII—XX ст., прыйшоў да высновы, што польскамоўныя Кітабы, відаць, былі перакладзеныя не з усходніх моваў, а зь беларускай.) У 21-й кнізе “Запісаў” Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтваў у Нью-Ёрку была надрукаваная нізка тэкстаў, падрыхтаваных Г.Александровіч-Мішкенене, а ў 1995 г. С.Шупа і Г.Александровіч-Мішкенене выдалі беларуска-турэцкі размоўнік 1836 г.

Цяжка вызначыць, зь якіх моваў беларускія татары перакладалі свае кнігі. Калі зірнуць у надрукаваныя ў “Запісах Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва” (1994, том 21) тэксты, мы ўбачым — “зь языка фарсійскага і турэцкага”. Адкрыем узоры тэкстаў, пададзеныя ў кніжцы Мухлінскага, — і ўбачым там згадку пра “Мухаммада, Пана Арабскага й Пэрскага”. Таму нельга казаць, што гэтыя тэксты перакладаліся выключна зь цюрскіх моваў, хаця сапраўды ў Кітабах часта-густа і спатыкаюцца турэцка-беларускія слоўнікі.

Многія навукоўцы ў працах пра беларускіх татараў выяўляюць сваю некампэтэнтнасьць. Як, напрыклад, у артыкуле У.Сьвяжынскага “Цюрскія і арабскія мовы ў моўнай сытуацыі Вялікага Княства Літоўскага” (надрукаваны ў зборніку матэрыялаў ІІ міжнароднай навукова-практычнай канфэрэнцыі “Ісламская культура татараў-мусульманаў Беларусі, Летувы і Польшчы і яе ўзаемадзеяньне зь беларускай і іншымі культурамі”, Менск, 1996) — “для перадачы спэцыфічна беларускіх гукаў беларускія татары... дапоўнілі арабскае пісьмо дзьвюма неабходнымі літарамі”. Тады як у арабскай абэцэдзе 28 літараў. Калі дадаць яшчэ 2, будзе 30. Але ў альфабэце беларускіх мусульманаў 33 літары (альбо “харфы”), пра што ён сам ніжэй і піша. Пра іншыя матэрыялы гэтых зборнікаў і такое літаратуры часам проста няма чаго й сказаць: пабачыш назвы артыкулаў — і адразу разумееш, што яны ненавуковыя. Напрыклад, “Аб структуры Божага імя” (з графікамі і табліцамі). Дарэмна шукаць вычарпальную інфармацыю пра Кітабы і ў Энцыкляпэдыі Гісторыі Беларусі — нічога, акрамя агульных фразаў, там няма. Бібліяграфія да дадзенага артыкулу складаецца ўсяго з 9 крыніцаў, зь якіх 7 прыпадае на 20-я гады і толькі дзьве — на наш час (прычым адна зь іх — польская). Прыходзіцца часам сумнявацца і ў тым, што аўтар чытаў тыя кніжкі, пра якія піша, — скажам, легенду пра ўзьнясеньне Мухаммада на неба В.Несьцяровіч называе паэмай, хоць твор гэты ніяк пад азначэньне паэмы не падпадае.

Літаратуру беларускіх мусульманаў моцна панішчылі войны мінулага стагодзьдзя. Са Сьмілавічаў, кажуць, у 60—70-я мяхамі вывозілі кнігі, многія зь якіх у 90-х сплылі ў Савудаўскую Арабію й Кувэйт. Ёсьць падставы меркаваць, што існаваў беларускі пераклад усёй Сьвятой Кнігі Кур’ану. Ён да гэтага часу ня знойдзены, але хто ж яго шукаў...

Матэрыялы тэмы нумару падрыхтавалі Сяргей Богдан і Вячаслаў Гушча

 

За дапамогу ў пошуках дзякуй сп.І.Канапацкаму і доктару M.А.Галамінежаду з унівэрсытэту Машгаду (Іран)


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0