Кітаб Хасяневіча

У аддзеле рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі ёсьць колькі мікрафільмаў беларуска-татарскіх тэкстаў, напісаных аліфам, — тры Кітабы 1832—40 г. і Тапсір канца XVIII ст. Адтуль і ўзяты прапанаваны вашай увазе тэкст Кітабу, пісанага ў Сьмілавічах малнам Ібрагімам Хасяневічам (прашчурам сяньняшняга галавы Аб’яднаньня татараў Беларусі Ібрагіма Канапацкага) за месяц рамазан 1832 г. (ісьціньнік кнігі належыць прыватнай асобе). Пра дату напісаньня сьведчыць надпіс па-расейску, па-польску і па-татарску (то бок беларускімі словамі, напісанымі аліфнымі літарамі) пры канцы кнігі.

Паколькі гэты Кітаб пісаўся найперш для асабістага ўжытку пабожным чалавекам і сьвятаром (як свайго роду канспэкт прынцыпаў жыцьця і веры), а не для чытаньня іншымі людзьмі, паколькі пісаньне насіла характар рэлігійнага, а не вытворчага ці гістарыяграфічнага акту, аўтар не заўжды пасьлядоўны ў тым, што піша. Часам Хасяневіч, запісаўшы палову нейкае прыпавесьці, згадвае, што забыўся сказаць нешта важнае на пачатку тэксту, дый зноў тады пачынае расповед наноў (гэтым вызначаецца, напрыклад, тэкст пра карчмарку, у якім мы выпраўлялі такія відавочныя парушэньні лёгікі апавяданьня). Для публікацыі ў газэце мы апусьцілі нязначныя кавалкі тэкстаў, цьмяныя паводле свайго зьместу, і далі загалоўкі ягоным часткам. Трэба зазначыць і тое, што аўтар часам не разумеў сэнсу асобных словаў і выразаў на арабскай і турэцкай мовах, якія ведаў на слых. Тым ня менш, у арабскіх тэкстах памылак амаль няма. Пераклад цытатаў з Кур’ану зроблены намі з арабшчыны, мы пільна зважалі на Тапсір (багаслоўскае тлумачэньне) Сьвятой Кнігі, карыстаючы з дапамогі праф.Галамінежада.

Некалькі аналягічных па сюжэце тэкстаў былі надрукаваныя раней спн.Александровіч-Мішкенене, але большасьць зь іх ніколі не друкавалася ні ў якіх варыянтах.

Аўтар Кітабу пісаў словы так, як яны, на ягоную думку, гучалі б, — так і зьявіліся словы накшталт “прафда” (праўда), “юкі” (уюкі) — што можа быць і вынікам моды на пальшчызну. Тое, што ў некаторых сказах побач сустракаюцца дзеясловы з фіналямі як “-л-”, так і “-ў-” (“прышоў і мовіл”) можна тлумачыць тым, што “кніжны” фіналь “ал” (пад уплывам царкоўнаславяншчыны) звычайна прымае дзеяслоў з “узьнёслым, урачыстым” значэньнем (мовіл), а “аў” маюць больш “прыземленыя, абыдзённыя” (учыніў), якіх няма ў царкоўнаславянскай мове. Мабыць, той, хто пісаў гэтую кнігу, у нейкай ступені валодаў польскай і царкоўнаславянскай мовамі, бо раз-пораз зьбіваўся на іх (зьмяняючы граматычныя формы ці ўжываючы паасобныя палянізмы, накшталт “авоц”). Сын Ібрагіма Хасяневіча Якуб таксама стварыў два Кітабы, мікрафільмы якіх таксама захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы. Якубавы Кітабы напісаныя нашмат болей палянізаванай мовай.

 

Пра карчмарку

Быў адзін-адзін Абід, багамолец ненаўчоны. Ішоў да мячэці. Міма карчмы дарога была. Карчмарка сваю чалядку выслала, казала таго Абіда ў свой дом узваць. Скора той Абід увашоў. Зараз дзьверы замкнула, а ў той карчмаркі адно дзіця было. Карчмарка мовіла: “Эй, Абід, ня выпушчу цябе, калі ты адзін куфаль гарэлкі ня вып’еш, або зы мною добраю волю ня ўчыніш, або дзіця не заб’еш. Межы тых трох рэчаў адну што ня ўчыніш, то цябе ня выпушчу, гвалт крыкну, скажу: “Гэты Абід мяне гвалціць”.

Абід, тыя слова чуўшы, пачаў мысьліць: блуд учыніць трудна да мячэці [страшна, перш чым ісьці ў мячэць] і ці дзіця ў нявіннасьці забіць [страшна], альбо [дык лепш ужо] адзін куфаль гарэлкі выпіць і пайці ад яе. Як выпіў адзін куфаль гарэлкі — упіўся, потым [выпіў] і другі — п’яны стаў, і з шынкаркай блуд учыніў, і дзіця забіў.

З тых прычын, карчма — шайтанскі дом нячысты, усім грахам галава. Эй, мусульмане, слухайце, не чыніце тых грахоў, помніце на судны дзень, што маем памерці. Ведайце жа, сьмерць жаднага не адпусьціць, ад няе ўцяканьня нет.

 

Сьвіньня і ліхі чалавек

Мусульманін мовіць: “Хвалю Богу, што мяне Пан Бог мусульманінам стварыў, а ня жыдам”. Жыд мовіць: “Хвалю Богу, што мяне жыдам стварыў, а не кафірынам” [немусульманінам]. Кафірын мовіць: “Хвалю Богу, што мяне Бог кафірынам стварыў, а не сабакам”. Сабака мовіць: “Хвалю Богу, што мяне Бог сабакам стварыў, а не сьвіньнёй”. Сьвіньня мовіць: “Хвалю Богу, што мяне Бог сьвіньнёй стварыў, а не ліхім чалавекам”.

 

Ці сьпіць Пан Бог

У Кітабу Шуруту Салавату [кніга патрабаваньняў да “правільнага” намазу — малітвы] піша: ”Муса-прарок у Пана Бога пытаў: “Пане Божа, ці сьпіш ты”.

Пан Бог рэк [казаў]: “Муса-прарок. Прынясі мне два шкляніцы, поўныя вады”.

Наліўшы, Муса прынёс, поўныя вады наліўшы.

Пан Бог рэк: “Муса, азьмі [вазьмі] ў абедве рукі”.

Муса ўзяў.

Пан Бог рэк: “Трымай моцна”.

Пан Бог на яго сон прыпусьціў. Муса заснуў. Шкляніцы з рук выпусьціў — [яны] пабіліся, вада разьлілася. Пан Бог рэк: “Муса, што чыніш? Чаму шкляніцы пабіў, з рук выпусьціў, ваду разьліў?”.

Муса рэк: “Пане Божа, зграшыў”.

Пан Бог рэк: “Муса заснуў і шкоду зрабіў. Калі б Пан Бог заснуў, зямля і неба з усіткім напалненьнем з моцы з рук маіх выпала б, іж [якая] была б шкода. С тым прыкладам, мне, Богу, нельга спаць на вякі вякоў”.

 

Пра век Божы

Муса-прарок у Пана Бога пытаў: “Пане Божа, хачу чаго пытаць, але ня смею”.

Пан Бог рэк: “Пытай, табе пазволена зы мною, Богам, мовіць”.

Муса рэк: “Пане Божа, як ты даўно Богам? Як даўно справуеш Боствам [як даўно ты Бог]?” Пан Бог рэк: “Муса, вялікай рэчы пытаеш. Казаў бы цябе таго часу срога [люта] скараць, агнём спаліць, ніжлі [бо] ласку божу і гнеў правышаеш, ажэ [але ж паколькі] пазволіл табе з сабою гаварыць — прабачам то цябе”.

Муса спалохаўся, паў на зямлю тварам, ад памяці адышоў.

Пан Бог рэк: “Муса, устань, адкажу табе на пытаньне тваё”. І рэк: “Як бажэнствам справую даўно, ведай, яшчэ да стварэньня зямлі, і неба, і ангелаў, стварыў сто семсот тысячаў месцаў. Кожнае места так высока, як ад зямлі да неба. Места і вежы насыпаў зярнятамі, малымі, як мак або гарчыца, і стварыў аднаго птаха зялёнага, катораму птаху казаў на кожны дзень па аднаму зярняту браць і есьць, і той птах водлуг [паводле] расказанага [загаду] майго Божага па аднаму зярняту браў і еў. Так век той птах быў і з’еў тыя зярняты з усіх мест і веж, усе выбраў, ні аднаго не засталося зярнята. Потым птах той умер. Так кольку тысячаў крат год прайшло, самы лічбы акро[м] мяне, Бога, ніхто ня ведае, ня можа зрахаваць [зьлічыць].

Потым у тых местах стварыў людзей сем крат сто тысяч, з тых людзей [адзін] зграшыў, [грэх] учыніў. За той грэх сро[га] гневам абрушыўся. Тыя места і вежы паламаліся, патаўкліся, за ніц [на нішто] пашлі з волі маёй Божай, і людзі паўміралі. Потым у семдзесят год стварыў зямлю, і неба, і ангелаў, потым Адама прарока. Отож, Муса, як Пан Бог даўно есьць, ніхто таго не пытаў, бо таго ведаць ніхто ня можа. Еднак трэба пытаціся і ведаць, што быць можа.

[Далей рэзкі пераход сюжэту.]

Есьць дом адзін Божы, і маем Бэйт-уль-Мокаддыс [cьвяты горад, да якога зьвернута малітва, тут маецца на ўвазе Ерусалім], каторы дом спачатку сьвету быў. [Cэнс, відаць, такі: Ёсьць горад Ерусалім, і гэты горад ад пачатку сьвету быў.] Пан Бог яго асьвяціў і ўвялічыў, і ўзяў яго на чвортае неба моц’ю сваёю Божаю праз ангелы [з дапамогай анёлаў]. Цяпер у тым доме Божым Іса-прарок мешкае... [Далей ідуць тры незразумелыя паводле сэнсу радкі, што нагадваюць урыўкі разважаньняў.]

 

Пра вала і Давыдаў суд

Давід-прарок, у яго голас харошы быў. Як бывала, Кнігу Забур [кніга прарока Давіда] чытае — тагды да яго птахі, з вады усялякія стварэньня, на кожны дзень мужоў, жанок, дзевак зьбіраліся чатыры тысячы, слухалі.

Аднаго дня бэны ісраэлі жыдоўскага народу [г.зн. жыды] прышлі і мовілі: “Скажы нам а суднам дню. Якая справа мае быць, аб’яў нам”.

Давід мовіл: “Я вам на Байрам [сьвята ахвяраваньня ў месяцы зоўль-хаджы (штогод зьмяшчаецца на 11 дзён)] буду казаць”.

Калі яны забраліся на Байрам, Давід-прарок сеў на мунбару [адмысловае ўзвышэньне, на якое ўздымаецца мална, каб прамаўляць да вернікаў].

А межы ісраэлямі быў адзін багаты вельмі; што есьць на сьвеце, усё меў — скарбу, перла, злата многа меў. Вала меў вельмі харошага, людзі мовілі, хто бы таго вала ўдарыў, то яго самога будзе біць, а калі б хто забіў, то яго самога заб’е, хто яго відзіў, ніхто не чапаў.

У том месьце адна жонка-ўдава была і сына аднаго мела. Абое дзень [і] ноч Бога прасілі. Хата іх у Бэйт-уль-Мокаддысу была. У той хаце майстат быў. Водла майстату [тут — запавет, спадчына] адно дзерава было, называлі нар [“гранат” ад пэрс. “anar”]. На кожны дзень [на дрэве высьпявалі] па дзьве авоцы [плады]. Адзін авоц матка ела, а другі сын еў. За тое Богу хвалу чынілі.

Сын мовіл да маткі: “Эй, матка. Покі будзім [жыць] у Бэйт-уль-Мокаддысу, толька на дзень па ягадцэ, па адной маем пажытку”.

[Яна] Мовіла: “Гэты авоц пажываючы, Богу хвалу чынім, калі б нам [каб] Бог гэтага пажытку не адабраў”.

Калі ўсталі рана — на дзераве нічога нет.

Матка мовіла: “Відзіш, Богу хвалу не чыніў — Бог міласьцівы, і той пажытак адняў. Сягоньня галодны засталіся”.

Тры дні і тры ночы галодныя былі.

Сын мовіл: “Эй, матка, прасі Бога, штоб нам даў халальны рызк [хлеб надзённы, атрыманы халальна, г.зн. без парушэньняў законаў шарыяту] дал”. Матка да’оі [малітвы] пела, сын амінь казаў. Таго ж часу таго багатага вол да хаты іх прышол і мовіл: “Эй, Загідова [жаночае імя], я ваш пажытак. Зарэшце [зарэжце] мяне”. Сын узяў нож, зарэзаў вала, мяса ў скуру ўвярнуўшы, схавалі. Колька разоў варыўшы, елі — яшчэ горай галодныя сталі.

Таго багатага колька дней вала шукаюць, не найдуць. У іх хаце не пыталі. Адна старая жонка старая прышла да іх, на дзьвярах кроў бачыла і ў хату увашла, тое мяса відзела. Матка мовіла: “Сын, нашто зарэзаў, лепей было [з] чыстым жыватом богу кланяціся”.

Цяпер у страху тая старая баба пашла і таму багатаму сказала. Той багаты называўся раіс [“начальнік, галоўны”, пасада, блізкая па сваім значэньні да старосты], прышоў зь людзьмі, і тую Загідку і сына, б’ючы, да Давіда прыгналі.

Давід пытаў: “Вала для чаго зарэзаў?”

Яны мовілі: “З Божай моцы вол языком мовіл: “Я ваш рызк. Зарэшча [зарэжце] мяне і ежце”. Я для таго зарэзаў”.

Раіс мовіл: “Вол? Як? Меў гаварыць? Лжыце! [хлусіце]”

Давід мовіл з Божага расказу: “Божа мовіць, — потым Давід мовіл. — Эй, раісу, тысячу залатых азьмі, заплаці [сабе за крыўду]”. Раіс не хацеў.

Давід мовіл: “Скуру, поўную золата насыплю, азьмі”. Раіс не хацел: “Давід, як воля Божа, так чыні”.

Давід-прарок мовіл той Загідцэ: “Ку прафдзе прыйдзі”. Тая Загідка мовіла: “У той хаце колька дней галодныя былі, і з таго дзерава нічога не радзіла, і з голаду нічога не маглі чыніць. У Бога халальнага рызку прасілі. Гэты вол да дзьвярэй прышоў і мовіл: “Я ваш халальны пажытак”.

“Як яны самі зазналі, — раіс зарадаваўся, мовіл. — Самі на сябе вызналі нам [прызналіся]”. У том часе Джабраіл да Давіда [прышоў] і мовіл: “Ад Пана Бога расказане [загад] тое, што[б] ты людзям на Байрам забраціся [сабрацца] казаў, няхай збяруцца. Таго часу раісу вырак учыніш”. Давід людзям казаў забраціся.

Як забраліся на Байрам, Давід сеў на майстаце, колька айятаў із Забуру чытаў, усе слухалі.

Джабраіл мовіл да прарока Давіда [пра раіса]. [Давід пераказвае расказанае Джабраілам] “Раісу мой, чы ведаеш, як із Шаму [Сірыі] да Масіру [Эгіпту] ехаў на цьвічэньне адзін купец мажны. Ехаў, пяцьсот вярблюдаў юкі [уюкі, груз] несьлі — срэбра, золата. А ты яго із дарогі зьвёў і забіў, у зямлю укапаў, скарб яго ўзяўшы, да Масіру пашоў. Потым за сорак дней да Шомы прышоў, да бэны ісраэляў, і багатым стаў, а гэтая Загідка і сын — то таго забітага жана, а то сын яго”.

Раіс запіраіцца: “Ня знаю, ня ведаю. Я тое ніколі не чыніў і скарбаў ніякіх ня браў”.

З волі Божай таго раіса рукі гаварылі [пачалі гаварыць]: “Мы забілі”. Ногі мовілі: “Мы хадзілі”. Усе суставы азнаймовілі-гаварылі, а язык анямеў, галаву зьвесіў.

Потым Давід мовіл: “І людзі, што ў мяне пыталі а судным дню, отож відзіце, што праўдзівае, а што няпраўда — уся яўна будзе з волі Божай “аль-ёўм нахтэмо алё такаллімуна эйдыхім ва ташхаду арджольхехім бэ мокону яксібун” [“Сёньня запячатуюць вашы вусны, а гаварыць будуць рукі вашы, і будуць сьведчыць ногі вашы аб тым, што здабычу шукалі і што здабывалі” (сура 36 (Ясін), аят 65)]. Як у Кур’ане піша: на Судны дзень запічатуеш уста, а кажым мовіць рукам і нагам, што чынілі — усё высьвячаць.

Давід мовіл да Загідкі і сына яе: “Устань. Гэтаму раісу галаву затні [адсячы] з Божага расказаньня, а яго ўсе скарбы забяры, маёнтнасьць [маёмасьць] і быдла — твой то хак [гэта кампэнсацыя табе].

Младзенец так учыніў, маёнтнасьць, скарбы, быдла забраў.

Джабраіл мовіл: “Эй, Давід, з Божага расказу, маім халоп’ім [як загадаў Бог маім халопам], а маю ласку і даніну няхай заўдзячна прымаюць, за пажыткі дзякуюць, за нэндзу няхай церпяць, я ім пажыткаў прыспору, а на том сьвеце рай ім дам. “Аллаху латіфу бі ібадыхі ярзаку ман яшау таммат” [“Міласьцівы Аллаг хлеб надзённы дае кожнаму, хто захоча. Канец” (Сура 42 (Шура’), аят 19)].

Таму Кітабу канец.

 

Пра Сулеймана

Сулейман, прарок, прасіў у Пана Бога, мовіл: “Пане Божа,* [тваё] крулеўства на ўсітак сьвет, хачу цябе прасіць, калі б пазволіў, усе стварэньні ў сябе на банкеце жэбы ў мяне былі, жэбы я іх усіх накарміў”. Пан Бог рэк: “Пазваляю, назнач сабе, а я раскажу, штоб таго дня ў цябе ўсе былі на абедзе, елі і пілі”.

Потым Сулейман да Пана Бога мовіл: “Вызначыл дзень, [калі] маюць быць”.

Сулейман казаў [загадаў] вазіць [пачастунак] і з усіх панстваў, і зь мест, што маглі быць. Вялікім дастаткам вазілі і зямлёй і вадой колька месяцаў справажалі.

Сулейман пытаў у сваіх паноў-маршалкаў у старэйшых [ці хопіць пачастунку на ўсіх]. “Старшына, — мовілі, — і крулю ня только на дзень, але на кілько дзесент дней можа быць, і сам, і дзеўце ўсіткага сяла [і любым дзеўкам хопіць]”.

Калі тэн дзень прышол, Сулейман паехаў з войскам і зь людзьмі* казаў высокі палац збудаваць. Сеў на палацы, калі [і ў гэты момант] адна рыба морам прыплыла, пры берагу стала, мовіла да Сулеймана: “Круле Сулеймане, дзе [быццам бы] сейсяго дня — мне Пан Бог казаў — [у] цябе ёсьць і піць, і есьці”. Сулейман рэк: “Отож маеш, еш і пей, што хочыш”. Рыба выняла галаву з мора, разінула рот, палькнула ўсё разам едзена і піцьеў, што колька месяцаў гатаваў, і з усім начынам, з катламі, [аж] людзі-кухары ўцякалі. Тая рыба палькнула, што ён гатаваў для ўсяго стварэньня, што ёсьць на сьвеце, а яна разам [за раз] палькнула і мовіла: “То мне адзін кус, а двух кусаў нет. Мне Бог каждага дня па тры кусы такія [дае], выходзіць, дай мне [яшчэ] два кусы такія”.

Сулейман спалохаўся, ад памяці адышоў, паў на зямлю тварам. Потым іншыя стварэньня ўдыхана ўсе прышлі і Сулеймана есьці-піць прасілі. Не даў, бо не было, чаго даць. Той дзень усе галодныя былі і наракалі-пракліналі Сулеймана. Пан Бог рэк: “Устань”.

Сулейман зграшыл прад Богам* сабе няроўнай рэчы прасіць. Хто ўсялякія стварэньня стварыў, той іх і корміць. Потым Сулейман каяўся прад Панам Богам. Пан Бог яму адпусьціў.

* прыкладна два-тры словы пашкоджаныя і нечытэльныя

 

Расшыфравана паводле мікрафільма (11Рк438МТ9), што захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.