Аліф

Трэцяя беларуская абэцэда

 

Дасёньня абэцэда беларускіх мусульманаў друкавалася толькі тройчы ў выданьнях зь мізэрнымі накладамі — А.Антановічам у кніжцы “Беларускія тэксты, пісаныя арабскім пісьмом” (500 асобнікаў), 21-й кніжцы “Запісаў” Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтваў у Нью-Ёрку (1994) і “Беларуска-турэцкім размоўніку” (Нью-Ёрк, 1995).

 

Расчытаны намі Кітаб, які мы тутака прапануем Вашай увазе, гэткую абэцэду называе “аліфам”, а яе знакі — “харфамі”: “У аліфе 28 харфаў” (дадатковыя знакі для беларускай мовы аўтар Кітабу ня ўлічвае). Чаму “аліф”? Гэтак называецца першая літара арабскае абэцэды, а паходзіць гэтае слова ад назвы першае літары фінікійскага альфабэту — “алеф”.

Ад яе паходзіць і назва першае літары грэцкага альфабэту, “альфа”, дый само слова “альфабэт”.

Мы прапануем надалей называць такі від беларускага пісьма «аліфам». Называць яго “арабіцай” неабгрунтавана, бо ён досыць значна адрозьніваецца ад абэцэды арабскае мовы.

Мы мелі сьмеласьць даць назвы некаторым літарам аліфу, якім дасьледчыкі дагэтуль не далі пэўнае назвы. Пры гэтым пільнаваліся звычайнай лёгікі (калі ёсьць літары “сад” і “зад”, дык чаму не назваць падобную да іх літару, што пазначае гук “ц”, літарай “цад”? Або да шэрагу літараў “даль”, “заль” дадаць літару “дзаль”), а таксама пазычылі колькі назваў з пэрсыдзкае абэцэды дзеля яе зручнасьці і большага, чым у арабскай, падабенства зь беларускай мовай (датычыць літараў “ха з кропкай”, “ваў”, “гай-гаваз”). Для агаласовак — знакаў, што пазначаюць галосныя гукі, прыдуманыя новыя назвы, адпаведныя іх выгляду.

Убачыць практычнае прымяненьне аліфу вы можаце на пададзеным ніжэй тэксьце, які адпавядае аднаму з тэкстаў, друкаваных у кірылічным варыянце. Будуць пытаньні і прапановы — пішэце. Калі хто хоча навучыцца — вось колькі парадаў.

Пісьмо йдзе зьлева направа, зьверху ўніз. Пісаць амаль усе літары трэба разам, зважаючы на тое, што большасьць літараў у розных пазыцыях мае розныя формы. Вялікіх і малых літараў няма. Для нашай мовы, у адрозьненьне ад сэміцкіх моваў, у якіх аснова слова перадаецца зычнымі, а галосныя досыць няўстойлівыя, характэрная зафіксаванасьць і вызначанасьць галосных гукаў, а таму на пісьме беларускія мусульмане шырока выкарыстоўвалі для іх пазначэньня надрадковыя і падрадковыя знакі агаласовак. Трэба сказаць пра абсалютную неўпарадкаванасьць артаграфіі аліфнага пісьма — перапісчыкі пісалі так, як ім здавалася, што тое слова гучыць. Таму шукаць заканамернасьцяў у тагачасным аліфным правапісе — справа марная.

У беларускім аліфе ёсьць некалькі “з”, “т”, “с”, “х”, што ёсьць спадчынай арабскай мовы, дзе гэтыя літары пазначалі розныя гукі. У беларускай мове гэта тыя самыя гукі, хаця ў розных мусульманскіх беларускіх кнігах выкарыстоўваюцца розныя варыянты іх пазначэньня і сталая артаграфія адсутнічае. Як будзеце пісаць, трымайцеся нейкага аднаго варыянту. Калі гэтае пісьмо крыху распаўсюдзіцца, тады й выберам адзіны для ўсіх варыянт. Зважайце толькі на мяккасьць і цьвердасьць, бо ў аліфе, напрыклад, для мяккага і цьвёрдага “к” існуюць розныя літары.

Некаму нашая спроба ўпарадкаваньня аліфу падасца рэанімацыяй трупа. Аднак, нават калі ніхто і ня будзе ім пісаць, гэтая справа ўсё адно можа прынесьці карысьць, упарадкаваўшы напісаньне словаў ды імёнаў, што прыйшлі да нас з моваў, якія карыстаюцца арабска-пэрсідзкай графікай, у кірылічным і лацінкавым варыянце беларускае мовы. Тады ня будзе ваганьняў, пісаць Хусэйн ці Гусэйн, бо, згодна правілаў аліфу, першая літара — “ха”, а не “гай-гаваз”, і чытаецца яна як “х” — а значыць, і пісаць трэба толькі Хусэйн (і нельга называць іранскага паэта Хафіза Гафізам, бо яго імя таксама пішацца праз “ха”). А вось слова “джыгад”, што сёньня пішуць як “джыхад”, мае пісацца праз “г”, бо ў аліфе пішацца праз “гай-гаваз”. Гэтаксама маем пісаць Аллаг (хаця, дарэчы, гэтае імя Бога выкарыстоўваецца толькі ў арабскамоўнай частцы Кітабаў і ніколі ў беларускай). Таксама гэта дапамагло б і ў адназначным прачытаньні геаграфічных назваў. У расейцаў і ў эўрапейскіх народаў няма традыцыяў пісьма арабскімі літарамі, таму і даводзіцца ім прыдумляць розныя сыстэмы трансьлітарацыі. Але ж мы маем свой аліф, адпаведна і няма чаго нам вычварацца.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0