Сабачыя гісторыі

 

Віктар Шніп

 

Адзін сабака пераапрануўся ў сантэхніка. Прыйшоў да Граждана: “Вам трэба памяняць санвузел…” А Граждан не зразумеў, чаго ад яго хоча сабака, і сказаў: “Савецкі Саюз развалілі, а цяпер і вузел вам не падабаецца… Ня пройдзе такі фокус”, — і, схапіўшы сякеру, выгнаў сабаку з камуналкі.

 

Адзін сабака пераапрануўся ў шафёра і выйшаў на вуліцу. Падбег Граждан і прапанаваў: “Даю сто даляраў! Пракаціце мяне з Манькай да станцыі мятра плошча Леніна…”

 

Адзін сабака пераапрануўся ў Граждана і выйшаў на вуліцу пагуляць. І бачыць — Граждан ідзе і кланяецца пераапранутаму сабаку. Сабака адразу пацікавіўся: “А чаму ты мне кланяешся?” “А каб ты мяне не забіў!” — адказаў Граждан.

 

Адзін сабака пераапрануўся ў жаніха і зьеў гарбуз. А Граждан быў пераапрануты ў гром-бабу і, убачыўшы гэта, сказаў: “Недурно…”

 

Адзін сабака зьеў кіляграм памідораў. Ад гэтага яму стала вельмі дрэнна, і ён выклікаў доктара. Прыйшоў доктар, а ўсьлед за ім — Граждан з малатком. І сказаў сабака: “У нас няма часу на раскачку. Тым больш, паўтаруся, у нас ёсьць дабротныя напрацоўкі. Да ўсяго, да такіх пытаньняў трэба падыходзіць асьцярожна, з усёй сур’ёзнасьцю і браць на сябе тое, што зможаш падняць і несьці...”

 

Адзін сабака зьеў усе прыпасы, якія былі нарыхтаваны на выпадак вайны.

 

Адзін сабака зьеў піянэра. Прыбег Граждан і кажа: “Дзенгі давай! Кірасінку пакупаць буду!”

 

ад гражданА

 

Лайдаком Сабаку назваць цяжка. Працаўніком — таксама. Сабака — творчая асоба.

Калі Сабаку сумна, ён ловіць блох ці фарбуе будку.

На сьцягу адной краіны ёсьць воўк. А на Сабаку, які яго даганяе, як заўсёды, не хапіла месца.

Сабака не любіў прусакоў, бо ведаў: добрую жывёліну на кухні не паселяць.

Дабрачыннасьць заўсёды атаясамліваецца ў Сабакі з хлебам. Але ня з сольлю.

Сабака любіць, каб яго гладзілі. Але ня прасам.

У сьне Сабака ўздыхае, енчыць і торгае лапамі. І гэтага яму не забароніш.

Калі Сабака спрабуе распавесьці пра жыцьцё, ён пачынае брахаць.

Сур’ёзнае выпрабаваньне для Сабакі — вясельле.

Сабака заўсёды нясе цяжар любові да Граждана. Мо за гэта яго так часта кідаюць?

Сабака ня любіць паху алькаголю, бо ён выклікае падвышаную агрэсіўнасьць Гражданоў.

Сабака хацеў трапіць за мяжу. Але ня ведаў, дзе яна. Бо тая існавала толькі ў думках Гражданоў.

Сабака любіць дрэннае надвор’е і добрых гаспадароў. Але наяўнасьць гэтых двух пунктаў ня часта супадае.

Сабаку рэдка бывае сорамна. А калі бывае, яго гоняць на двор. Таму сораму ніхто ня бачыць.

Сэнсам Сабачага жыцьця зьяўляецца служба. У адрозьненьне ад дзяржслужбоўцаў.

Прэзэнтацыі зьбіваюць Сабаку з панталыку: навошта марнаваць час, калі можна і так павячэраць?

У Сабакі вочы розныя: адно — левае, другое — правае.

Сабачай акадэміяй зьяўляецца жыцьцё. А асьпірантурай — вівары.

Сабака ня любіць прадметаў, якія рухаюцца, бо не ўспрымае Ньютана за Граждана.

Маркса Сабака не чытаў, але жыве ня горш за асобных бальшавікоў.

Сабака ня п’е гарэлкі, бо звычайна яго дрэнна запрашаюць гаспадары.

Уласны хвост Сабаку не падабаецца, бо выдае пачуцьці.

Вангор Вушацкі, Маладэчна