БІБЛІЯТЭКА

 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

Ул.Содаль. Карпілаўка: Краязнаўчы нарыс. — Менск: Пейто, 2001. — 80 с.: іл. — (“Ведаць свой край Беларусь”). — Наклад 415 ас. ISBN 985-6024-36-6

Ул.Содаль распавядае гісторыю вёскі Карпілаўкі, надаючы асноўную ўвагу жыцьцяпісу Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага), які тут нарадзіўся, і падрабязна распавядаючы пра ўсіх славутасьцяў, што сваім часам наведвалі пісьменьніка ў Карпілаўцы. Чытач даведаецца, што зяцем Ядвігіна Ш. быў Язэп Лёсік, які ў 1917 г. пабраўся шлюбам з Вандаю Лявіцкаю. У кнізе ўпершыню друкуецца фатаздымак: Я.Лёсік і В.Лявіцкая з сваімі дзецьмі: Юркам, Люцыяю й Алесяю.

Куфэрак Віленшчыны: Гіст.-краязн. і літ.-маст. часопіс Віленскага краю. № 1 (3), 2001 г. — Маладэчна, 2001. — 192 с.: іл. — Наклад 299 ас.

Нумар прысьвечаны роду Шутовічаў, зь якога паходзіць Янка Шутовіч, у часе другое ўсясьветнае вайны — дырэктар Беларускага музэю Івана Луцкевіча ў Вільні.

Л.Рублеўская. Рыцарскія хронікі. В.Шніп. Воўчы вецер. — Маладэчна, 2001. — Наклад 299 ас.

Кніга выдадзеная ў сэрыі часопісу “Куфэрак Віленшчыны”.

Зямля Наваградзкая / Ziemia Nowogródzka: Гіст.-літ. часопіс. №0, 2001 г. — Наваградак, 2001. — 40 с.: іл. — Наклад 100 ас.

Спробны нумар новага выданьня, прысьвечанага гісторыі й культуры Наваградчыны. Выходзіць дзьвюма мовамі — беларускаю й польскаю. Ілюстрацыі каляровыя, папера глянцавая. Выдаецца часопіс два разы на год таварыствам філяматаў “Прамень”.

Каляндар знамянальных і памятных дат па Магілёўскай вобл. на 2001 г./ Магілёўская абласная бібліятэка імя Леніна, Аддзел краязнаўчае літаратуры. — Магілеў, 2001. — 92 с. — Наклад 30 ас.

Падаюцца біяграфіі славутых людзей, народжаных на Магілёўшчыне, чые юбілеі прыпадаюць на 2001 г.

География Гомельской обл./ Под ред. Г.Каропа, В.Пашук. — Гомель: Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф.Скарыны, 2000. — 286 с. — Наклад 100 ас.

У кнізе падаецца фізычнае й эканамічна-геаграфічнае апісаньне прыродных і сацыяльных комплексаў Гомельшчыны. У прадмове аўтары настальгуюць па савецкай мінуўшчыне ды захапляюцца “славянафільскімі” ідэямі.

Кантакты й дыялёгі: Інфарм.-аналіт. і культураляг. бюлетэнь. №2-3 (62-63), 2001. — Менск, 2001. — 64 с.: іл. — Наклад 299 ас.

Сярод цікавых публікацыяў нумару: “Далькайм — эталённы комплексны поліэтнічны помнік археалёгіі І–ХІІІ стст.” і “Беларуская праская эміграцыя й Украінскі пэдагагічны інстытут імя М.Драгаманава”.

Беларускія мастакі ў замежжы: Памяткавы альбом пра 25 гадавых выставак беларускага мастацтва й народных вырабаў у Беларускім грамадзкім цэнтры ў Саўт-Рывэры (1973—1997 г.) — Bridgewater, NJ — Somerset, NJ — 2001.

Т.Карабович. Вибрані поезії. — Беласток, 2001. — 321 с. ISBN 83-88097-25-3

Падрыхтаваў Віктар Мухін


ARCHE

Выйшаў новы нумар аналітычна-крытычнага агляду часопісу “ARCHE”. Сёлета ў “Скарыну” — 104 старонкі, а ня 80, як летась.

У нумары:

Юрась Лаўрык рэцэнзуе кнігу Алены Яскевіч “Абраньне вечнасьці”. Мінулая рэцэнзія сп.Лаўрыка (на кнігу “Беларускія рэлігійныя дзеячы” Ю.Гарбінскага) выклікала палеміку ў друку. Гэтая — яшчэ вастрэйшая.

Валерка Булгакаў аналізуе ідэалёгію лукашызму. Грунт для аналізу — рупар рэжыму, часопіс “Беларуская Думка”.

Новае эсэ Вінцэся Мудрова “Пошукі радзімы”.

З гэтага нумару “Скарына” пачынае штонумар друкаваць вершы. У нумары — “Юрлівыя санэты” Юрася Пацюпы.

Аналітыка Зьбігнева Бжазіньскага аб пэрспэктывах эўрапейска-амэрыканскіх стасункаў.

Эсэ Карла Шлёгеля пра Бэрлін, Дэна Якабсана пра Літву і Юр’я Андруховіча пра Галіччыну.

Пытайцеся ў кнігарнях “Белкнігі”, кіёсках “Белсаюздруку”, у распаўсюднікаў на сядзібах БНФ, ТБМ, на кірмашы ў ДК Трактарнага заводу і ў “казе” “Менск”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0