Матор-шоў

Сымбалічна, што на 1 Траўня значная частка менскай публікі пасунулася ня ў цэнтар гораду выпіваць за працоўную салідарнасьць пад гукі вайсковых аркестраў ды танныя беляшы, а паехала на “Матор-шоў” — выставу, якую цэлы тыдзень рэклямавалі, нібы канец сьвету. І пабыць на якой — азначала ўбачыць нешта такое, чаго на гэтым сьвеце яшчэ не бывала. Ніколі не захапляўся тэхнікай, але рэклямны кручок праглынуў. Уліўся ў натоўп, які валіў у спарткомплекс “Уручча” глядзець і зьдзіўляцца.

 

За 10 гадоў незалежнасьці, што ні кажыце, а Беларусь зьдзейсьніла сваю галоўную мару. Не, я не пра ўласную цьвёрдую валюту, не пра культурны прарыў, не пра пачуцьцё годнасьці, народжанае ў душы беларускамоўным зваротам да цябе іншаземнага турыста. Нават не пра сваю справу ці свой дом. Узгадайце, каму больш за ўсіх зайздросьцілі яшчэ дзясятак гадоў таму? Уладальніку аўтамабіля. Прычым, няважна якога. Сам факт наяўнасьці чатырох колаў праводзіў мяжу паміж багацьцем і бяднотай. Так што ў першамай новага стагодзьдзя нашых людзей можна ад душы павіншаваць з касьмічным скачком дабрабыту. Сымбалем якога мне ўяўляецца патрыманы “Фальксваген” з чырвона-зялёнай налепкаю зь непісьменным “BY”.

Ходзячы па залі ў лянівым натоўпе, я з усяе моцы хацеў уразіцца. Але штосьці безвынікова. Новыя мадэлі эўрапейскіх канцэрнаў-лідэраў, эканамічна-эстэтычны дызайн якіх вылічваўся разумнымі кампутарамі, адно што не раздражнялі вока сваімі цацачнымі закругленьнямі, мыльнічнымі формамі й падабенствам адна да адной. Нашы мадэлькі, што былі стаялі ля машынаў, значна выйгравалі ў відовішчнасьці ды разнастайнасьці.

Цікава, а ці можна прыдумаць такую кампутарную праграму, каб нарэшце завялася й паехала наша мара. Тых, хто горда азваўся на пачатку незалежнасьці беларускімі нацыяналістамі. Не пра ўласнае аўто марылася. І не пра дзяльбу заходніх грантаў. І ўжо ні ў якім разе не пра расейскамоўныя графіці. Ці можа такая праграма даўно прадуманая й запушчаная, а я ўсё ніяк не прасякнуся яе тэхнічнымі якасьцямі? Усё ж адна мара збылася. Мара пра філіжанку кавы. Яе, родную, ужо цяпер можна замаўляць, не баючыся быць незразуметым.

Выстава між тым віравала. Дзяцей пускалі пакруціць рулі. Бацькі здымаліся на тле бліскучых цацак. Кампанія курсантаў Вайсковай акадэміі разьляглася ў салёне кабрыялету “Шэўрале” 1963 г. выпуску. А я тым часам упершыню ў жыцьці пабачыў “Фэрары”. Нават у нерухомым стане гэтая канструкцыя захоўвала энэргію шалёнай хуткасьці. Я абышоў яе з усіх бакоў, нібы мазкі вялікага мастака, смакуючы яе лініі ды выгіны. Зробленыя не кампутарамі з патрабаваньняў эканамічнасьці. А людзьмі, для якіх не існуе абмежаваньняў у хуткасьці й часе. Чырвона-зялёная налепка “BY” на гэтым, не, ня кодабе — фюзэляжы, глядзелася б як абраза ці хамскі жарт. Цяжка было ўявіць сабе гэтага чырвонага зьвера на банальнай менскай вуліцы. Яшчэ цяжэй было намаляваць таго кіроўцу, які б сядзеў за рулём, годны такога аўтамабіля. Якіх блакітных крывёў, якой шляхетнай паставы й зь якім арыстакратычным позіркам павінен быць яе гаспадар. Ну, хіба што Бонд. Джэймс Бонд.

Зачараваны геніем аўтамабілебудаваньня, я не адразу заўважыў прыгажуню, прыстаўленую да “Фэрары”. Прыгажуню з самымі даўгімі нагамі, з самымі вялікімі вачыма, з самай недасягальнаю ўсьмешкай. Нядаўняя менская школьніца была проста наэлектрызаваная гонарам за сваё пачэснае месца.

“І колькі каштуе гэты аўтамабіль?” Яна нават не паглядзела ў мой беларускамоўны бок.
“150 000 долларав”. — “І што? Ужо купілі, ці ў мяне ёсьць яшчэ шанец?” Нават ценю ўсьмешкі на смазьлівенькім тварыку: “Нет. Ана ешчё не продана”. — “Дзякуй Вам. Не ўяўляеце, як Вы мяне суцешылі”. Я казаў гэта з усёй сур’ёзнасьцю, на якую толькі быў здольны. І яна ўзнагародзіла-ткі мяне позіркам. “А Вы што, милианер?” — “Я люблю рух. Беларускі рух”, — амаль працытаваў я выслоўе мільянэра Глёбуса. І тут, у гэтае імгненьне адбылося тое, да чаго я ня быў падрыхтаваны. Яна не сказала больш нічога. Але яна паверыла ў тое, што я, менавіта я магу набыць монстра. Я выразна прачытаў гэта ў яе позірку.

Пакідаючы выставу, я заўважыў адну дэталь. У адрозьненьне ад прагных вачэй новых наведнікаў, вочы тых, хто сыходзіў, былі крыху разгубленыя. Ня думаю, што яны былі расчараваныя ўбачаным. “Куда ехаць-та?” Вось дзе новая беларуская праблема.

Сядаючы ў свой стары “Фальксваген” з “Пагоняю” на кодабе, я зусім не пакутаваў ад думкі, што ў мяне ніколі ня будзе “Фэрары”. У жыцьці шмат чаго ня будзе. Усяго не пералічыш. Куды страшней увогуле пазбавіцца мараў. Ці зьвезьці іх да ўвасобленых у мэтале ці камені нетрывалых рэчаў.

Ах, як мне марылася пра сваю абранасьць і выключнасьць дзясятак гадоў таму! Ах, як верылася ў сваю не прыроджаную, а нованароджаную арыстакратычнасьць. А маё “заўтра” было настолькі да маіх мараў і высакародных плянаў спрыяльным, што нават ня верылася самому. Ня кажучы пра тых, хто апынаўся побач са мной — тых беларускіх людзей, якія былі абазваныя кімсьці несьвядомымі. І на якіх я, не адчуўшы захапленьня ад сваёй беларускай сьвядомасьці (чытай — шляхетнасьці) звычайна глядзеў паверх галоваў. А трэ было ў вочы.

Зьміцер Бартосік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0