Агляд сярэднеэўрапейскіх падзеяў

Сёньня Літва адзначае Дзень вяртаньня друку, мовы й кнігі. 7 траўня 1904 г. была скасаваная забарона ўжываць літоўскую лацінку, якая дзеяла цягам чатырох дзесяцігодзьдзяў у Расейскай Імпэрыі. Гэтыя 40 гадоў кніжкі ў Летуве льга было друкаваць толькі кірыліцай, а надрукаваная літоўскаю абэцэдаю літаратура распаўсюджвалася нелегальна кніганошамі, што кантрабандаю насілі іх з Малой Літвы, з Прусіі.

Сьвяткаваньне гэтым разам адбываецца на тле дыскусіі ў парлямэнце Літвы. Сойм галасамі сацыял-дэмакратаў і сацыял-лібэралаў абвесьціў 1 траўня выходным днём. Прэм’ер Раландас Паксас і ягоныя лібэралы ўважаюць, што 1 траўня можа быць “днём памяці”, але не выходным. Іх падтрымлівае і прэзыдэнт Адамкус, што паабяцаў накласьці на закон вэта.

Спрыт украінцаў выклікае зьдзіўленьне. ФБР правяло апэрацыю па выкрыцьці злачыннай групоўкі, што займалася нелегальным перамяшчэньнем людзей. Сярод арыштаваных было 11 украінцаў. Прадстаўнік ФБР абвесьціў, што іх абвінавачваюць у незаконным увозе ў Штаты праз Мэксыку некалькі сотняў грамадзян Украіны. Яны бралі зь іх плату 7 тыс. даляраў з душы. Паколькі ў бальшыні гэткіх грошай не было, дык адрабляць іх яны мусілі пасьля, займаючыся прастытуцыяй. Праўда, украінскае МЗС абвергнула інфармацыю, што затрыманыя — “грамадзяне Ўкраіны”. Аказалася, гэта “колішнія грамадзяне Ўкраіны, якія цяпер жывуць у іншых краёх”.

Трапіліся ўкраінцы і ў Баўгарыі. На лётнішчы Бургасу затрымалі ўкраінскі лятак, западозрыўшы, што ён вязе партыю зброі ў Этыёпію ці Эрытрэю (пастаўкі зброі туды забароненыя Радай Бясьпекі ААН). Лятак і экіпаж насамрэч аказаліся ўкраінскімі, але зброя, паводле дакумэнтаў, не ўкраінская і не для Афрыкі, а быццам бы чэская. Чэхія нібыта і адправіла самалёт з 30 тонамі зброі (аўтаматы Калашнікава і боепрыпасы) для Грузіі. Праўда, самалёт ляцеў дзіўным маршрутам: вылецеўшы з чэскай Астравы, ён меў пабываць у эрытрэйскай Асмэры і толькі пасьля — у Грузіі. Вось і заляцеў.

Аб выбачэньні грахоў “сыноў і дачок Каталіцкае царквы” перад “праваслаўнымі братамі і сёстрамі” прасіў часам свайго візыту ў Грэцыю Ян Павал ІІ. У гэтыя грахі ён улучыў і зьнішчэньне крыжакамі Канстантынопалю ў 1204 г., і гвалт пры ажыцьцяўленьні уніі. Грэцкі архіепіскап Хрыстодулас абвесьціў гэтыя раны “адкрытымі” ды не прамінуў нагадаць Папу, што той ні разу ня выступіў у абарону грэкаў на акупаванай туркамі частцы Кіпру.

Да гэтага апошні рымскі Папа, што быў у Грэцыі — Канстанцін, які наведаў краіну ў 710 г. І тады яго сустракалі бізантыйскі імпэратар Юстыніян ІІ і канстантынопальскі патрыярх. Ачольнікі абедзьвюх галінаў тады яшчэ адзінай хрысьціянскай царквы разам адслужылі ў Сьвятой Сафіі літургію. Гэтым разам Папа прыяжджаў на запрашэньне прэзыдэнта Грэцыі.

94% грэкаў — праваслаўныя. Прыезду Папы ў Атэны папярэднічалі маніфэстацыі пратэсту праваслаўных фундамэнталістаў. Завадатарам выступіла радыкальнае крыло Грэцкае Праваслаўнае Царквы, у тым ліку г.зв. “старакаляндарнікі”, што так і ня вызналі пераходу на грыгар’янскі каляндар. Фундамэнталісты лічаць папу герэтыком.

Атэнцы ў бальшыні сваёй маглі ўбачыць Папу толькі па тэлевізары. Звычайна Папа езьдзіць на сваім “папамабілі”, у якім яго добра відаць, але ў Атэнах ён паслугоўваўся чорным “Мэрсэдэсам” зь цёмнымі шыбамі — такое было патрабаваньне гаспадароў. Спрэчкі ішлі нават наконт музыкі для ўрачыстасьцяў у Арэапагу. Грэцкі бок не пагадзіўся на “Алелюю” Гендэля, уважаючы яе “занадта каталіцкай”. Ігралі “Eine kleine Nachtmusik” Моцарта.

У пятніцу ўвечары на атэнскім Арэапагу Папа і атэнскі архіяпіскап абвесьцілі супольную дэклярацыю, дзе выказалі непакой з прычыны адыходу Эўропы ад хрысьціянскіх вартасьцяў. Месца не выпадковае: амаль 2000 гадоў таму стуль жа да паганцаў-атэнцаў зьвяртаўся сьв.Павал. Адтуль пачыналася хрысьціянская Эўропа. У дэклярацыі Ян Павал ІІ і Хрыстодулас заклікалі да міру дый, між іншага, вітаючы пашырэньне ЭЗ, засьцераглі ад ігнараваньня нацыянальнай самасьвядомасьці, традыцыяў і тоеснасьці.

Наступная часьціна падарожжа галавы каталікоў — Сырыя. Мусульмане сустракалі яго прыязьней, чым праваслаўныя. Папа прапаведаваў экумэнізм ды адслужыў імшу на неакупаванай Ізраілем частцы Галанскіх вышыняў. Упершыню ў гісторыі Папа Рымскі наведаў мячэт — у Дамаску. Улетку Папа мае прыехаць ува Ўкраіну.

Надзея Шакун


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0