Сяргей Паўлоўскі

 Пасаджэньне на кол

 

Канцэнтрацыя ўсёй улады ў адных руках мабілізуе чалавечую асобу, усё, што ў ёй ёсьць добрага ці благога.

Дыктатары, як правіла, самотныя, звыш меры заклапочаныя ўласнай бясьпекай, а таксама думкамі пра свой сыход. Сталін на схіле дзён зусім сур’ёзна разважаў пра несьмяротнасьць, а Гітлер баяўся, што яго будуць вазіць па Расеі ў жалезнай клетцы. Не раўнуючы Ямельку Пугачова. Прычым ня столькі клетка яго палохала, колькі Расея — агромністая і бяскрайняя, што абяцала расьцягнуць паездку да немагчымасьці.

Узурпатары ўлады ўяўляюць сабою ўдзячны матэрыял для псыхолягаў, пісьменьнікаў, дасьледнікаў культуры. Ня вынятак у сьпісе такіх кіраўнікоў — і першы прэзыдэнт РБ, гэткі ж усяўладны, як самотны, заклапочаны ўласнай бясьпекай і праблемай сыходу.

Нядаўна Аляксандар Лукашэнка прызнаўся перад супрацоўнікамі КГБ у сваёй боязі таго, што апанэнты пасадзяць яго на кол. Ён сказаў: «Яны крычаць у адзін голас — Лукашэнка вінаваты. Гэта дэмакраты, дэмакраты, якія апрануліся ў дэмакратычную тогу! Яны ўжо мяне асудзілі без суда! Мяне, галаву дзяржавы. Дык вось, каб ня мучыліся болей журналісты з нагоды вось гэтых усіх гучных справаў і злачынстваў, я хачу заявіць наступнае: так, я вінаваты, што гэта здарылася ў краіне. Я, бо — прэзыдэнт. І больш не шукайце вінаватых... Але судзіць мяне будуць толькі тады, калі мне ў даверы адмовіць народ. А калі яны захопяць уладу, тады яны ўсе без суду і сьледзтва пасадзяць мяне на кол».

Ці ёсьць яшчэ кіраўнік краіны, які б гэтак уяўляў сабе свой сыход?

Словы Лукашэнкі гучалі як самавыкрывальніцкая мэтафара. Сапраўдны змагар за народную долю, якім звычайна падае сябе першы прэзыдэнт, мусіў быў сказаць — яны мяне ўкрыжуюць. А вырвалася — пасадзяць на кол. Але гэта ніякая не мэтафара. Згадаўшы пра кол, Аляксандар Лукашэнка даў вельмі ёмістую характарыстыку сваёй уладзе, дакладна акрэсьліўшы яе гістарычны прататып і прататып яе супраціўнікаў, якія маглі б прыйсьці да ўлады на зьмену першаму прэзыдэнту.

Пакараньне сьмерцю праз пасаджэньне на кол у гісторыі Беларусі прымянялася толькі да аднаго віду злачынцаў: на кол саджалі казакаў. Студэнт-гісторык Лукашэнка мог чытаць пра гэта часамі вучобы ў пэдінстытуце. Чытаючы, студэнт быў на баку пакараных.

Бескарыснасьць казакаў выглядае нават большым злом, чым іхныя разгульныя злачынствы. Казакі ў Беларусі — гэта прастой, праяданьне і прапіваньне, адсутнасьць руху. Вельмі падобная сытуацыя з нашымі сямю гадамі без рэформаў, бязь зьменаў, безь якога-кольвек імкненьня хоць бы ў які бок. Казаччына. Тая самая інтэграцыя з Расеяй — стратэгія Хмяльніцкага — выглядае бязглуздай і бязмэтавай. Я ўжо не кажу пра падабенства выгляду і «казацкае» прозьвішча чалавека, празванага ў народзе «бацькам».

Карані цяперашняе ўлады глыбейшыя, чым савецкі пралетарызм і камбедаўшчына. Зрэшты, і гэтыя зьявы наўпрост паходзяць аднекуль адтуль, зь бесьсямейнай і безмаёмаснай казаччыны, у якой усю гаспадарку складаў нарабаваны абшчак, а чалавечае жыцьцё не каштавала нічога.

Паралель з казаччынай падказвае нам і гістарычны антыпод бязроднага разгулу, тую сілу, якая выступала ўтаймавальнікам казачкоў і судзіла іх сваім бязьлітасным судом. Гэта арыстакратыя. Менавіта яе, радавітую і багатую шляхту, разам з усімі яе вонкавымі і духоўнымі адзнакамі разглядалі казакі як свайго найлюцейшага ворага. Не складала для казакаў праблемы братаньне з татарамі, не было ў іхных шэрагах адрозьненьняў паводле нацыянальнае прыкметы — беглі ў Сеч сяляне ды крымінальнікі ўсіх масьцей. А вось арыстакратыю ненавідзелі і баяліся.

Менавіта арыстакратызму так баіцца Аляксандар Лукашэнка ў сваёй апазыцыі, калі кажа пра іх, што яны пасадзяць яго на кол. Верагодна якраз у арыстакратызьме хаваецца вялікая сіла вяртаньня краіны з прастою на шлях разьвіцьця.

Праўда, не ўяўляю, каб людзі галасавалі за арыстакратаў. Тыя мусяць прыйсьці нейкім іншым шляхам. Народ выбірае казачка. І пра казачка сьпявае ў сваіх песьнях, а ніяк не пра Радзівілаў. Казачок, гарачая галава, сымбалізуе сабою вольніцу і адсутнасьць прымусу, а Радзівіл патрабуе парадку і дысцыпліны. Казачок, як той рамантычны камуніст, усталёўвае ўсеагульную роўнасьць і цешыцца простымі праявамі жыцьця, запрашаючы астатніх далучацца. Радзівіл жа сымбалізуе гіерархію паводле паходжаньня, маёмасьці, здольнасьцяў, адукацыі. У выніку атрымліваецца поступ — растуць гарады, павялічваецца скарб, адкрываюцца ўнівэрсытэты, выдаюцца кнігі, краіна і нацыя набывае міжнародны прэстыж. Пасьля налятае на ўсё гэта шараварная брація, зьядае ўсё назапашанае, усе адпачываюць цэлымі заводамі і калгасамі, ані табе змусу, ані якіх лішніх патрэбаў, кшталту тых кніг з унівэрсытэтамі. Гэткая плебеізацыя на зьмену ранейшаму арыстакратызму. Доўга так цягнецца ці каротка, але прыходзіць урэшце Радзівіл і садзіць гарачую галаву на кол — як у Мазыры, у XVII ст.

Ёсьць і яшчэ адно ў зьвязку з гэтым сьведчаньне — але ўжо не рацыянальнае. Выглядае, што папулярныя песьні пра казачэньку-плэйбоя — плён пазьнейшае народнае творчасьці і акадэмічнае рамантызацыі казаччыны. Да ранейшых сьведчаньняў трэба аднесьці легенду пра казачага атамана Залатарэнку, які гойсаў па Беларусі аж да Вільні. Між іншым, у Вільні ён, маючы 40 тысяч шабель, дачыста выразаў усё насельніцтва — асаблівы мастак быў на ўсялякія мудрагелістыя забойствы немаўлятаў. Пасьля гэтага дачыста спаліў горад. Далей — цытую легенду: «Бог не прабачыў Залатарэнку ягоных злачынстваў. Яго забілі пад Шкловам. Цела ягонае выставілі ў царкве на катафалку. Паглядзець на страшнага казака сабралася мноства народу, але зараз жа народ разьбягаўся ў жаху. Бо труп Залатарэнкі то падымаўся ў труне, то зноў падаў, твар ягоны быў страшэнна скрыўлены, зубы ашчэраныя, а з роту чуліся енкі. У дзень пахаваньня народу сабралася мора. Калі манахі пачалі адпраўляць жалобнае набажэнства, труп Залатарэнкі падняў руку, зь якой сьцякала кроў і тройчы крыкнуў: Уцякайце! Уцякайце! Уцякайце! У панічным жаху кінуліся бегчы папы, казакі і ўвесь народ. У гэты момант царква загарэлася і разам зь ёй труп Залатарэнкі паглынуў агонь».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0