Беларусь праз 100 гадоў
Дзьве Беларусі
Больш за 30-мільённы беларускі народ у 2101 г. будзе жыць шчасьліва й заможна, але ў дзьвюх розных краінах. У назвах абедзьвюх будзе слова “Беларусь”, але то будуць зусім розныя дзяржавы, кожная са сваім ладам жыцьця і моваю.
Расея і Эўропа падзеляць Беларусь на Беларускую Нёманскую Рэспубліку і Беларускую Дняпроўскую Рэспубліку. Кожны беларус мецьме выбар — за які лад жыцьця ісьці. Калі ж канчаткова разьдзеляцца, заходнікам будзе не ставаць Усходу, а ўсходнікам бяз Захаду будзе неяк нязручна. Падзел нацыі прывядзе да выбуху нацыяналістычнае энэргіі. Беларусы адчуюць сябе беларусамі аж да самых вушэй. Усходнікі гэтую энэргію скіруюць на стварэньне агрэсіўнае, мілітарызаванае краіны, а заходнікі праз сродкі інфармацыі ператвораць сваю БНР у моцны інфармацыйна-камунікацыйны цэнтар.
Заходняя частка будзе звацца яшчэ Літоўскай Беларусяй, а ўсходняя — Полацкай Беларусяй. Сталіцы, адпаведна, Вільня і Полацак. Рознай будзе й сымболіка: Пагоня, бел-чывона-белы сьцяг і “Магутны Божа”, а побач — “капуста”, чырвона-зялёны сьцяг з крыжом Эўфрасіньні Полацкай, гімн — “Шляхам Усяслава ішлі беларусы...”. Захад — шматэтнічны і шматканфэсійны. Усход — спрэс праваслаўны.
Захад — унітарная дзяржава з цэнтрамі ваяводзтваў у Вільні, Беластоку, Горадні, Берасьці, Пінску, Баранавічах, Наваградку. Полацкая Беларусь яшчэ ў ХХІ ст. далучыць Себеж, Усьвят, Невель, Вяліж, Смаленск, Рослаў, Старадуб, Навызыбкаў, вызваліўшы іх ад кітайскага засільля. Калі пракітайскі ўрад у Маскве дазволіць зьехаць з Расеі ўсім беларусам, імі адчуюць сябе аж 3 мільёны чалавек. Толькі невялікая частка прыбышоў абярэ Заходнюю Беларусь.
На Захадзе будзе звычайны дэмакратычны лад: сойм і прэзыдэнт. На Ўсходзе замацуецца аўтарытарная сыстэма з пажыцьцёвымі прэзыдэнтамі і дэкаратыўным Нацыянальным Вечам.
Віленскі беларус будзе зь цяжкасьцю разумець полацкага. Вяртаньне да клясычнага правапісу й разьвіцьцё мовы на Захадзе і пэрманэнтная русыфікацыя Ўсходу зробіць з адной мовы два моцна адрозныя дыялекты.
У Полацкай Зямлі адродзяцца паганскія традыцыі, Віленская ўва ўсім будзе глядзець на Захад. Віленскі канцэрн “Наша Ніва” будзе валодаць тузінам забаўляльных і культурніцкіх cпадарожнікавых каналаў і дзесяцьма друкаванымі выданьнямі (Віктар Шніп, ганаровы прэзыдэнт Акадэміі Навук, на гэта некалі пажартуе: “У нашыя часы была адна “НН” накладам 4000, і ўсё для сабакаў, а цяпер маеце 300 тысяч, ды ўсё для гражданоў”). Вельмі папулярны будзе часопіс ARCHE і дадатак да яго ARCHE-PORNO.
Менск будзе падзелены на тры часткі: Заходнюю, Нэўтральную ды Ўсходнюю. У нэўтральнай частцы гораду захаваецца гістарычная забудова, цэнтар і раён уздоўж Сьвіслачы. Заходні беларус будзе прыяжджаць у Менск, каб пабачыць шэдэўры сталінскага ампіру й рэальную жалезную мяжу, а партапаратчык з Усходу завітае ў нэўтральны раён, каб прайсьціся па прастытутках і пасмаліць канапель.
Заходнікі адновяць у Менску касьцёл дамініканаў побач з руінаю Палацу рэспублікі й халодную сынагогу на Нямізе, а ўсходнікі — рэнэсансавую Сьвята-Духаўскую царкву й былы касьцёл бэнэдыктынак на месцы пракуратуры. Падчас грамадзянскай вайны, што будзе суправаджаць раскол краіны, Менск амаль дарэшты зруйнуюць. Заходнюю частку спляжаць расейскія бомбы, усходнюю — ракеты дэмакратычнага прэзыдэнта, цэнтар падтопіць вада з Заслаўскага вадасховішча пасьля падрыву плаціны на ім. Потым горад будзе тапіцца ва ўласнай багне — бамбаваньні зьнішчаць фільтрацыйныя станцыі. Пазбаўленыя дагляду й камунікацыяў, спальныя раёны надзіва хутка разбурацца. Колькасьць насельніцтва ў Менску зьменшыцца да 300 тысячаў...
У абедзьвюх краінах дзеці будуць вучыць гісторыю па працах М.Ермаловіча. Так, на Ўсходзе Ермаловічава тэорыя дапаможа закласьці падваліны дзяржбудаўніцтва, абгрунтаваць перанос сталіцы ў Полацак і зьмену назвы краіны. Акрамя таго, Полацак зробіцца рэзыдэнцыяй патрыярха Расейскай праваслаўнай царквы.
Новая ідэалёгія адаб’ецца на выглядзе новай сталіцы. На галоўнай плошчы адзін супраць аднаго паўстануць агромністыя ампірныя будынкі Нацыянальнага Веча і Палацу Прэзыдэнта. Трэці бок плошчы зойме найвялікшая ў сьвеце пяцікупальная праваслаўная царква на мільён вернікаў. Насупраць паўстане цыкляпічны, як і ўвесь ансамбль, 100-мэтровы помнік Усяславу Чарадзею, зроблены зь нержавейкі. Князь, абапіраючыся на меч, паглядае на захад. Стаіць ён на рэльефе-мапе: правы бот на Вільні, левы — на Кіеве (Полацкай Беларусі вельмі карцела далучыць Кіеў і стварыць Вялікую Кіеўскую Русь, але кітайцы з Масквы не дазвалялі).
Гарады Захаду будуць насычаныя новымі камунікацыямі. Наступствы пацяпленьня — моцныя вятры — дазволяць шырэй выкарыстоўваць энэргію сівераў.
У заходняй частцы Менску, у былым калгасным садзе паміж раёнамі Паўднёвы Захад, Малінаўка й Сухарава будзе створаны агромністы музэй пад адкрытым небам, у які будуць зьвезеныя ўсе магчымыя манумэнты Леніну, бальшавікам, савецкай уладзе.
Найбольш папулярнымі імёнамі на Захадзе будуць Вітаўт, Альгерд, Жыгімонт, на Ўсходзе — Усяслаў, Волх, Рагнеда, Яраполк, Барыс, Эўфрасіньня. І ўсе, хто пажадае пашырыць сьвядомасьць, будуць праходзіць адпаведную праграму ЛСД-тэрапіі, заснаваную на мэтодыках прафэсара Цімаці Ліры.
Ільля Канавалаў