Наталка Бабіна

Шкельцы, шкельцы...

апавяданьне

Мая жонка звар’яцела. Гучыць, як назва камэдыі, праўда? Але не да сьмеху мне было, калі гэта здарылася.

У адказ на пытаньне доктаркі: “Ну, бачыце, каго нарадзілі, мамаша?” — Яня прамармытала нешта кшталту “шкельцы, шкельцы…” — выцягнулася і аціхла.

Прыгаломшаны, я сядзеў у паўцёмным калідоры й марна ўглядаўся ў напаўпразрыстыя дзьверы радзалі, ня ведаючы, радавацца мне ці баяцца, мацаючы ў кішэні скрыначку са смарагдавымі завушніцамі, якія, насуперак звычаю, купіў да родаў, каб падараваць жонцы адразу, як яна падорыць мне сына. І раптам мяне працяў востры страх — я сурочыў.

Неўзабаве выйшла доктарка і выразна, з дакладнымі доктарскімі інтанацыямі, патлумачыла, што роды прайшлі без складанасьцяў, хлопчык нарадзіўся абсалютна здаровы, ягоны стан, як і фізычны стан парадзіхі, у норме. Адно што мая жонка згубіла прытомнасьць і вярнуць яе да змыслаў пакуль не ўдалося. Такое часам здараецца. Хвалявацца ня трэба, жонку перавядуць у пасьляродавую палату, дзе да яе будзе прыстаўлены пост, а я змагу даведацца пра яе стан па тэлефоне. Заўтра можна будзе наведаць жонку, папярэдне патэлефанаваўшы.

Пакуль ехаў дадому, толькі дзякуючы звычцы тармазіў на чырвонае і павяртаў, дзе трэба. Перад вачыма былі ня вуліцы й сьветлафоры, а жудасныя падрабязнасьці гэтых родаў “без складанасьцяў” і малюпасенькі чырвоненькі сын. Чым бліжэй пад’яжджаў да дому, тым мацнела трывога. Паўлінка кінулася да мяне, ледзьве я выйшаў зь ліфту.

“У цябе брацік, Паўлінка, у мамы ўсё добра”.

Яна паляцела да тэлефону распавесьці пра навіну бабулям-дзядулям, родзічам, сябрам і ўсім-усім.

Я набраў жончын мабільнік, ён маўчаў. Набраў нумар раддому. Мне стрымана адказалі, што пакуль зьменаў няма. Пасьля набраў нумар Ліды.

Потым наліў сабе трохі каньяку і пад шчасьлівае шчабятаньне Паўлінкі заплюшчыў вочы.

…Я знайшоў сабе жонку ў вёсцы. Маці ад гэтага шалела. Ад падкрэсьлена-рацыяналістычных разважаньняў (“Але мяркуй сам. Табе, з тваёй будучыняй…”) яна перайшла да вульгарных гістэрык з крыкамі “Няўдзячная скаціна!” ды размазваньнем па шчаках сьлёзаў і шмінкі. Апошнім аргумэнтам было: “І каб я гэтай сучкі тут ня бачыла!”. Яна цьвёрда спадзявалася, што, пазбавіўшы жытла, верне свайго марнатраўнага сына. Але пра гэта ўжо не магло быць мовы.

Упершыню я пабачыў Яню пасьля дажджу. На зямлі яшчэ заставаліся нястойкія рэчышчы, пракладзеныя нястойкімі ж дажджавымі ручаінамі. Бутоны на язьміне набрынялі да апошняй магчымай кропкі і, здавалася, чакалі нейкай каманды, каб разам параскрывацца зь лёгкім храбусьценьнем. З-за гэтага куста язьміну якраз і вывернулася Яня.

Мне падалося, што я зачапіўся за яе позіркам, як чапляецца гачок за багавіньне. І ўжо ня мог адарваць вачэй.

Прыгожых жанчынаў вельмі няшмат. А ейная прыгажосьць была ідэальнай, бездакорнай, надзвычайнай. На Яні была кароткая крымпленавая сукенка, безумоўна модная гадоў дваццаць таму, калі яе й пашылі на кагосьці ў два разы шырэйшага станам за дзяўчыну. На нагах пляскалі разьбітыя мужчынскія басаножкі прыкладна аднаго веку з сукенкай, а на руках сядзела саплівае, да немагчымасьці запэцканае глінай дзіця. Здавалася, ад ейных загарэлых ног, растрапаных валасоў, твару ішло зьзяньне.

Яна стала маёй жонкай.

Пазьней мяне часам паколвала пачуцьцё віны: Яня магла б праславіцца сваёй прыгажосьцю на ўвесь сьвет. Я трымаў каганец пад сподам. Але ў вёсцы зьявіліся не прадстаўнікі мадэльнага бізнэсу з Парыжу, а студэнты зь Менску. Лёс, значыць, распарадзіўся так — супакойваў я сябе.

Стрыманая і маўклівая, нецікаўная, яна ніколі нічога не пыталася і трымалася халодна. Слова зь яе было ня выцягнуць. Ужо пазьней, увосень, калі я пачаў прыяжджаць кожныя выходныя, яна часам разгаворвалася. Балбатала гадзінамі. Я ўжо ведаў, што яна з тройкі на тройку скончыла дзесяцігодку. Яе маналёгі не былі ані сьвецкімі, ані бліскучымі: аўталаўка прывезла чакаляду, а крупаў не прывезла; парася зваліла загародку; Юзіка пакусалі пчолы; Хавялючка з Маўручкай павадзіліся на сенажаці з-за дзялак; выбухнула грубка; бярозаўскія хлопцы пабіліся з-за Тані, а Таня ўцякла на матацыкле з гаршункоўскім Грышкам… Усё ейнае жыцьцё было як на далоні, але мне здавалася, што нешта таемнае праглядае зь яе вачэй.

Яня хацела за мяне замуж. А яе бацькі былі супраць. Дакладней, супраць не былі, але ня радаваліся. Ейны брат Віцька, бацька таго малога замурзача, зь якім я пабачыў Яню ўпершыню, вылезшы з-пад трактара, стукнуў мяне па сьпіне (павіншаваў) і спытаўся, дзе мы будзем жыць. Вядома, у Менску! Дый Ліда прапанавала мне ў карыстаньне сваю аднапакаёўку.

Вясельля не рабілі. Маці не даравала мэзальянсу і не прызнала такой нявесткі, а ў бацькі, ясная штука, не ставала духу пярэчыць. Бацькі Яні хацелі былі зрабіць вясельле ў вёсцы, але тут не пагадзіўся я. Яны не разумелі, як гэта так: безь вясельля, не пабачыцца са сватамі, але маўчалі. Сівым лістападаўскім днём мы вярнуліся з ЗАГСу ў Лідзіну кватэру на дванаццатым паверсе, дзе ў трубах гула вада, за сьценамі — вецер, а на кухні вольна гулялі прусакі.

Непрыгляднасьць зашмуляных сьценаў для нас была няўзнач. Так у першую ноч, і ў нашыя першыя дні, і месяцы, і гады…

Госпадзе Божа, як незаўважна прабеглі дзесяць год! Цяпер, седзячы ў фатэлі, я шукаў злом, якога, магчыма, не заўважыў недзе сярод гэтых незаўважных гадоў.

Ліда неяк сказала мне: “Ёлуп ты стары. Хіба ты ня бачыў, што яе нельга адтуль вывозіць? Прадукт не падлягае транспартаваньню. А зараз, — яна прыкурыла ад недапалка новую цыгарэту і зацягнулася, — зараз або давядзецца выкідаць сапсаваны прадукт, або спажывец, які яго пакаштуе, атруціцца”.

Ліда заўсёды вызначалася душэўнасьцю, цынічнасьцю, вострым падбародзьдзем, магутнай душой і трапнаю мовай. Размова гэтая адбывалася тады, калі мы зь Лідай дайшлі да мяжы, за якой нашае доўгае, вернае, яшчэ са студэнцтва, сяброўства павінна было або зрабіць нас палюбоўнікамі, або скончыцца. Мы абралі першае.

…Паўлінка, зьзяючы, прыбегла са слухаўкай: на тым канцы дроту гарэлі жаданьнем павіншаваць мяне са спадкаемцам. Тэлефон не аціхаў увесь вечар.

З раніцы, адвезшы Паўлінку ў школу, я скіраваўся ў шпіталь. Доктарка прыняла мяне сур’ёзна: “На жаль, у вашай жонкі маюцца ўсе прыкметы псыхічнага захворваньня. Яна неадэкватна рэагавала, у яе распачалося сапраўднае буйства. Пры такіх сымптомах паказаная шпіталізацыя ў спэцыялізаванай установе. Нам давялося адвезьці яе ў Навінкі...” Яна зрабіла паўзу, каб даць мне магчымасьць запытацца, але, паколькі я маўчаў, працягвала: “З хлопчыкам усё нармальна. На зайздрасьць здаровае дзіця. На працягу пяці дзён мы патрымаем яго ў нас, як гэта і прадугледжана дамовай. Калі спатрэбіцца, можам патрымаць да месяцу, але вам прыйдзецца дадаткова заплаціць. Наконт коштаў зьвярніцеся ў бугальтэрыю”.

У Навінках мне не дазволілі пабачыць жонку і не зрабілі ніякіх прагнозаў. Доктарка, ня гледзячы ў вочы, абцякальна параіла прыехаць заўтра, а лепш — пазаўтра або пры канцы тыдня. Тады будзе відаць.

Я прыехаў на наступны дзень, хоць мог гэтага не рабіць. Пабачыць Яню мне дазволілі толькі праз тыдзень. Яна ляжала ў ложку, прывязаная рамянямі, і пуста глядзела ў столь. У палаце сьмярдзела. Пад расшпіленай казённай кашуляй у Яні праглядаліся бінты.

— Малако прыбыло, — патлумачыла доктарка ў адказ на мой запытальны позірк. — Пачаўся мастыт, давялося ўскрыць гнайнік. Мы зрабілі тугую перавязку, каб спыніць лактацыю.

— Хто вырашае пытаньне аб выпісцы?

— Загадчык аддзяленьня, але вашу жонку нельга выпісваць. Ня можа быць і мовы.

На працягу ўсёй маёй тырады загадчык аддзяленьня не ўзьнімаў вачэй ад стала. Гранічна адсутны чалавек, якому гранічна надакучыла кожны дзень чуць і гаварыць адно і тое. Ён толькі адмоўна пахітаў галавой. Яшчэ хвіліна — і, каб зьвярнуць на сябе ўвагу, я шпульну яму ў галаву… ну, хаця б гэты стос тэчак.

Загадчык аддзяленьня ўважліва паглядзеў на тэчкі.

— Вы не разумееце, што вас чакае. Вашай жонцы патрэбна лячэньне і прафэсійны дагляд.

— Палатная доктарка сказала, што верагоднасьць адужаньня мізэрная. Дык пра якое лекаваньне вы гаворыце?

— Яна вар’ятка. Яе трэба паўстрымваць.

— Выпісвайце!

Яню выпісалі па загадзе галоўнага доктара клінікі. Яе везьлі на шпітальнай машыне, я ехаў сьпераду, паказваючы дарогу, і размаўляў праз мабільнік зь Лідай. Ліда ня выказала ніякіх эмоцыяў, толькі сказала, каб я не хваляваўся. Яна, Ліда, усё зробіць.

Калі Яню на насілках уносілі ў пад’езд, з таксоўкі выйшла сядзелка. Дома яна перш-наперш памыла рукі ды пераапранулася, а потым, адхіліўшы мае прапановы дапамагчы, узялася парадкаваць Яню.

Ліда знайшла сапраўдную прафэсіяналку. Пра гэта сьведчылі і габарыты, і каменны выраз твару. Сядзелка зьняла перавязку зь Яніных цыцак. Адна зь іх, вялікая, зь сінімі жылкамі, пырскала малаком, а другую, невялічкую, наўскасяк перакрэсьлівала агіднае шво. Хутка і зграбна сядзелка абмыла й пераапранула Яню. А калі тая раптам з крыкам ускінулася з ложка, брывом не варухнуўшы, перахапіла яе і трымала, пакуль тая не звалілася бязь сілаў. Потым жанчына прывязала Яню да ложку рамянямі, якія прынесла з сабой.

Цяпер трэ было бестэрмінова адпрасіцца з працы і забраць дадому хлопчыка.

Я быў настроены пры патрэбе наагул звольніцца, але ніяк не чакаў, што шэф — гэты скнара, які за рубель шашу носам прапора, а справай гонару лічыць хоць на даляр абдурыць кожнага кліента — выйдзе з-за стала і працягне мне капэрту:

— Займайся, колькі будзе трэба. Дапамогу ў памеры месячнага заробку будзеш мець штомесяц. Трымайся, і віншую з сынам!

— Чаму вы не купілі дзіцячай сумесі? — спыталася сядзелка, калі я прынёс дадому скрутак пялюшак і коўдрачак, у якім паварушваўся хлопчык.

— Бо яго будзе карміць мама.

— Вашай жонцы прызначаныя лекі. Яны пашкодзяць маленькаму.

— Мы ня будзем даваць ёй лекаў. Яня будзе карміць сына, пакуль будзе малако.

— Вы самі вар’ят, — сказала мне сядзелка. — Кармленьне цыцкай супрацьпаказанае пры псыхічным захворваньні. Вы мусіце зважаць на правілы.

— Я вас наймаў не для таго, каб вы крытыкавалі мае паводзіны.

Яна памаўчала.

— Мяне завуць пані Алімпія. Зараз я сцаджу малако вашай жонкі — пасьля лекаў гэта неабходна. Пакуль хлопчык сьпіць, паежце. Я згатавала амлет.

Пані Алімпія зьнікла.

Я сеў каля дзіцячага ложачка, узіраючыся ў маленькі тварык. Мой хлопчык, мае чатыры кілі вагі, ты пачынаеш сваё праўдзівае існаваньне, перавярнуўшы маё жыцьцё, а я нават ня ведаю, якія эпітэты прыдатныя, каб яго акрэсьліць. Я ня ведаю, як дапамагчы тваёй маме, і навобмацак, у цемры іду там, дзе можна насьмерць забіцца і пры поўным сьвятле. Але я іду, і ты, маленькі, дапаможаш мне… Бомкнуў званок. Вярнулася са школы Паўлінка.

 

* * *

Паступова жыцьцё ўвайшло ў каляіну. Пані Алімпія пераехала да нас. Я навучыўся спавіваць малога і выціскаць сок зь яблыка. А мая дзевяцігадовая Паўлінка зьдзіўляе мяне ўсё больш і больш: такой пяшчоты, такой сапраўднай любові да Даніка я ад яе і не чакаў. Яна лёгка супакойвае малога, калі ў мяне нічога не выходзіць. Прыемна глядзець, як Данік пасьміхаецца, махае ручкамі-ножкамі і ўсімі сіламі выказвае задавальненьне, калі Паўлінка падыходзіць да ягонага ложачка. Да маці Паўлінка не падыходзіць, ніколі пра яе не гаворыць, нават не набліжаецца да дзьвярэй пакою, дзе тая ляжыць — абарончая рэакцыя на незразумелае, непераноснае для дзіцяці гора.

А Яня ў тым самым пер’і. Стабільна. Колькі разоў у яе былі гэтыя прыпадкі шаленства, калі яна некуды ірвецца, б’ецца, крычыць. Я з парога — пані Алімпія катэгарычна не падпускае мяне ў такія часы да жонкі — услухоўваюся ў яе трызьненьне, марна імкнуся адшукаць у ім сэнс. Рэшту часу яна абыякава, адстаронена, моўчкі сядзіць або ляжыць, і погляд яе не скіраваны нікуды, а часам — быццам усярэдзіну, у сябе. У такія хвіліны я пачынаю спадзявацца, што яна ўсё ж адужае. Але такія моманты нячастыя.

 

* * *

А яшчэ я не магу есьці тое, што тут ядуць. Мы зь Віцькам, як былі малыя, чапляліся да бабулі: “Бабо, мы есьці хочам!” Яна, бывала, занятая, стомленая, са злосьці кідала: “Насяру вам у горла!”. Дык і гэта было б смачней за тое, чым тут жывяцца і за што аддаюць грошы.

Яны тут мыюцца па тры разы на дзень ды пудраць дупы, а самі з бруду не вылазяць. Купкі сабачага ды чалавечага гаўна скрозь — такая сталіца. Плююць і ў модных ботах ходзяць па напляваным. Труны павапненыя. Як і гэтая Ліда.

Нядаўна я прысьніла бабулю. На нейкім зьзяючым вечаровым полі яна падышла да мяне і, пакланіўшыся, як бы нейкаму аграному, запытала, ці пара ўжо жаць жыта. І працягнула мне тры каласкі. Нічога страшнага не было ў гэтым сьне, наадварот, твар бабулі быў такі чысты і лагодны, якім ніколі не бываў пры жыцьці, але сэрца маё закалацілася ад страху.

Калі б бабуля зь дзедам усталі, яны б не пазналі гэтага сьвету, бо нічога іхнага не засталося. Ня так гавораць, не такую ежу ядуць, надвор’е іншае, зямля адмянілася. Няма мяжы, дзе была мяжа; няма зімы, дзе была зіма. Няма хаты, няма царквы. Яны не зразумелі б, пра што гавораць, ніхто не зразумеў бы іх. Драты, машыны, людзі, якіх стала так многа, што немагчыма запамятаць іх імёны… Апошнія магікане — гэта яны. Мы — ужо чужынскага племені. Ня ведаем замоваў, насьмяяліся з прымхаў, а цяпер яны будуць сьмяяцца з нас, перастрэўшы ноччу на брукаванцы, пад старой яблыняй, дзе быў хутар ля балота…

Але што я тут раблю? Не адкрываю рота, не кірую сабой. Позіркі, якімі мяне акідваюць, драпаюць мне скуру. Навошта мне гэта? Навошта я друзьвею тут, а час хуценька-хуценька плыве з пальцаў, калюжыны яго перасыхаюць, пакідаючы спарахнелы пыл… Час паскараецца, і я не пасьпяваю за ім, падаю. І толькі выпіўшы тры чаркі, перастаю заўважаць, як круціцца зямля, а разам зь ёю — будаўнічы кран у акне. Я перастаю чуць агідную мэлёдыю гораду, але я забылася і на ціхую мэлёдыю ісьляндзкага моху ды шчырага пяску, і хутка мяне пачынае ванітаваць...

Мой позірк затрымліваецца на негабляваных дошках плоту вакол новае будоўлі, на трэсачках і камячках бруду, і, пакуль тралейбус кружляе вакол плошчы, я адчуваю, як па чарзе адмаўляюцца слухацца сэрца, ныркі, вантробы, паддышша, лёгкія, цягліцы, ставы… Урэшце пачынае бунтавацца дзіця, варушыцца і варушыцца ў бруху, я чую ягоныя стогны — стогны істоты, якая ня можа выпрастацца, якую я нараджу невядома для чаго, невядома для каго… Апошняй мяне пакідае душа, і, перш чым адысьці, яна жаліцца: “А гэтая Ліда? Яна так многа гаворыць, а я нават не магу адкрыць рота, бо не хачу, каб зь мяне сьмяяліся. А я ж намнога прыгажэйшая за яе!..”

 

* * *

Гуляючы з Данікам або падперазаўшыся хвартушком у кухні, ля піяніна з Паўлінкай або за кавай з пані Алімпіяй, я ўвесь час думаў пра Яню. Толькі цяпер, калі яе і чалавекам можна было назваць даволі ўмоўна, я зразумеў, што яна для мяне значыць. Праз нашу кватэру прайшлі тлумы псыхатэрапэўтаў, іглакалольнікаў, гамэапатаў, прафэсараў і дацэнтаў. Часта, калі ніхто ня бачыў, я падоўгу ўглядаўся ў абыякавы да непраніклівасьці Янін твар. Ці хавалася там, за ім, у чырвонай цемры цела, незаўважная субстанцыя духу? Ці жыў ён таемна там, закуты хваробай, ці пакінуў яе? А калі жыў, што цяпер бачыла перад сабой мая жонка?

Ня ведаю, што мяне падштурхнула патэлефанаваць. Можа, тое, што ў паўсядзённасьці прынята называць “лёсам” або “богам”, а можа, што іншае. Так ці інакш, я набраў 8-гудок-01522253143, і Віцькаў басісты голас адказаў “Слухаю!”, а назаўтра швагер званіў у нашыя дзьверы.

Час ня быў літасьцівы і да Віцькі. Сам ён азызнуў, твар стаў шырокі, голас — глухі. Аднак, пачуўшы гэты голас, Яня павярнула на яго галаву, а такога не было ўжо многа месяцаў.

Цяпер я ведаю: калі розум вяртаецца да чалавека, гэта падобна да таго, як хмара спаўзае з сонца.

Віцька, заўважна хвалюючыся, зайшоў у пакой.

— Яня, глянь на мяне, — сказаў ён.

— Віцька.

І гэта было пачаткам выздараўленьня. Амаль адразу Яня папрасілася “дадому”, у вёску, і квола ўсьміхнулася. Я не пасьпеў стрымаць Паўлінкі, якая зь енкам кінулася да маці і гучна заплакала. Упершыню за гэты час заплакала і Яня — а толькі што ж пасьміхалася, таксама ўперша… Мы пераглянуліся з Алімпіяй, і ў выразе яе твару я пабачыў... Пабачыў тое, што можна было пабачыць. Пасьля доўгіх дзён і бясконцых гадзінаў шаленства, калі жылы на лобе хворай напіналіся ад напругі так, што здавалася — лопнуць, пасьля тупой зацятай маўчанкі Яня зноў вярталася да нас. І самае дзіўнае — як імкліва гэта адбывалася.

Мяне яна таксама пазнала.

“Гэта добра, так і трэба,” — нібы замову, паўтарала пані Алімпія.

Я павёў Віцьку вячэраць.

— Ясна, — шаптаў мне Віцька ў кухні, — ясна, яе трэба адвезьці да нас! Хата вялікая, — Віцька расчырванеўся і раз-пораз абціраўся сіняй насоўкай, заўважна радуючыся, што яна ў яго ёсьць, — хочаце — у нас жывіце, хочаце — у старых. Ясна, трэба ехаць, пра што мова! — ён ніяк ня мог вярнуцца да раўнавагі пасьля пабачанага і інстынктыўна намагаўся спрасьціць усё, каб дайсьці да ладу. — Вельмі проста! Пажывеце на сьвежым паветры, вясна ідзе, цёпла, сырадою пап’еце, карысна ж і ёй, і дзецям.

Я добра разумеў: насамрэч гэта ня вельмі проста і нават вельмі няпроста. Як мы перанясем гэтае дзікае жыцьцё з заўсёды бруднымі рукамі і празьмерным сонечным апраменьваньнем? Але быў пэўны, што ехаць трэба. Чаму быў пэўны? Ну, як сказаць… Хутчэй за ўсё таму, што кахаў жонку.

Позна ноччу, калі ўсе, акрамя бяссоннай Алімпіі, спалі, я выйшаў з дому. Ледзьве не сказаў “з хаты”, але пакуль што гэта не адпавядала праўдзе жыцьця. Гэтая самая праўда жыцьця пагнала мяне праз горад да Ліды — я мусіў прасіць прабачэньня. На зваротным шляху прыпыніўся на мосьце і выйшаў з машыны. Пад чорнай вадой, якая адблісквала начнымі агнямі, ня бачна было тоўстага слою мулу на дне, але ён там быў. Туды, у мул, да невынішчальных сьвіслацкіх рыбаў, жабаціньня і найпрасьцейшых, я кінуў спачатку адну, пасьля другую завушніцу са смарагдамі — шкельцы, тандэта, фэтыш, ня варты назвы. Туды ж паляцеў і футаральчык.

Я заводзіў машыну і пасьміхаўся, як дурань, уяўляючы сябе за стырном трактару.

Дома было ціха. Алімпія заснула, а Яня, выпрастаўшыся на ложку, ня спала — чакала мяне.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0