Хочуць, як лепш, а выйдзе, як заўсёды

Чарнамырдзін паедзе паслом Расеі ў Кіеў

Палітоляг У.Палахала ў інтэрнэт-газэце “Украінская правда” праракуе, што прызначэньне Чарнамырдзіна паслом у Кіеў мае выклікаць зьяўленьне на ўкраінскай палітычнай сцэне яшчэ аднаго цэнтру ўлады (з-за шырокіх сувязяў былога расейскага прэм’ера сярод украінскіх багатыроў) і частковую страту Ўкраінай незалежнасьці. “Зараз можна чакаць прызначэньня новым прэм’ерам Украіны асобы, што арыентавалася б на свае асабістыя кантакты ў Расеі”.

Пуцін знайшоў, каго паслаць да ўкраінскіх алігархаў, якія раскралі, зьвялі да жабрацтва заможную, чарназёмную Ўкраіну. Гэта ясны жэст: вось, Украіна, як многа ты значыш для нас. Пасла гэткага маштабу мы не паслалі ні ў Вашынгтон, ні ў Пэкін. Вярніся ва ўлоньне Расеі, і зажывеш, як Беларусь, – на капеечным газе, і будзем разам пампаваць паліва ў Эўропу, дзяліць грошы па-братэрску ды дурыць народы. Бліскучая ідэя – звабіць, купіць украінскую алігархію, якая страшэнна баіцца ўласнага народу.

Пуціну не адмовіш у сьвежасьці мысьленьня. Ды толькі геніяльнаму гэбісту не пашчасьціла з краінай.

Ідэя прызначэньня Чарнамырдзіна ўвойдзе ў аналы расейскае дыпляматыі, аднак ці будзе зь яе толк?

Чарнамырдзін пасьпяхова ўзбагачаўся. Ягоныя ж посьпехі ў дзяржаўных справах сьціплейшыя. У часе ягонага прэм’ерства ня выйшла з крызысу эканоміка, ён не перамог Басаева ў Будзёнаўску, ня змог стварыць жыцьцяздольную партыю, не ўратаваў Мілошавіча ад паразы ў Косаве. Лёгка ўзбагаціцца, распараджаючыся дзяржаўным газавым кранікам! “Зьвесьці” Ўкраіну “Віцю” будзе цяжэй, калі ўлічыць, што супраць яго будзе жорстка граць амбасадар ЗША ў Кіеве Карлас Паскуаль, чый капітал у тысячы разоў саступае чарнамырдзінскаму, але талент – наўрад ці. Як паказала гісторыя з двума Паўламі, Лазарэнкам і Барадзіным, Амэрыка пры патрэбе знаходзіць для такога змаганьня ўнутраныя рэзэрвы.

Таму ўкраінскія нацыянал-дэмакраты яшчэ будуць мець нагоду прыгадаць геніяльную чарнамырдзінскую фразу, у якой – уся Расея: хотели, как лучше, а вышло, как всегда.

Барыс Тумар


У сьпісе найбагацейшых людзей сьвету, складзеным часопісам Forbes, Чарнамырдзін — у другой сотні. Ягоны асабісты капітал складае прыкладна $5 млрд. Якім чынам прэм’ер мог атрымаць такія грошы на дзяржаўнай службе або працуючы ў дзяржаўным прадпрыемстве “Газпром”? New York Times Magazine пісала некалі, што ЦРУ мае таўшчэзнае дасье на Чарнамырдзіна. Тамака падаваўся факт, як памочнік Чарнамырдзіна запатрабаваў ад заходніх бізнэсоўцаў мільён даляраў толькі за арганізацыю сустрэчы з босам, без гарантыі станоўчага вырашэньня справы. Амэрыканцы заплюшчвалі вочы на фінансавыя круцельствы Чарнамырдзіна, каб не псаваць стасункаў з Расеяй. Кажуць, калі віцэ-прэзыдэнт ЗША А.Гор (сустаршыня камісіі па разьвіцьці эканамічных стасункаў між ЗША і Расеяй, якую з расейскага боку спачатку ачольваў газавы прэм’ер) прачытаў дакладны допіс спэцслужбаў пра гэта, дык напісаў на ёй нецэнзурную рэзалюцыю “схаваць на ...”. А Дж.Буш наадварот, падчас перадвыбарнае кампаніі разглядаў фігуру колішняга першага міністра Расеі як сымбаль карупцыі.

Прызначэньнем Чарнамырдзіна Пуцін забівае два зайцы: высылае з краіны яшчэ аднаго алігарха і ўзмацняе ціск на Ўкраіну.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0