Добры дзень, шаноўная «Наша Ніва»!

Заўважыў у апошнім нумары газэты невялічкую зацемку пра тое, што 5 чэрвеня ППРБ наведаў Полацак. Шкада, што гэтая падзея не натхніла нікога з рэдакцыі на сур’ёзныя роздумы. Ня тое што чэсных журналістаў, такіх, як галоўная рэдактарка газэты «Полацкі веснік» Вольга Часнавіцкая. Натхнёная, яна ў нябесных знаках і вачах паломнікаў убачыла радасьць і чаканьне падзеі. «Якой? — запытаецца недасьведчаны. — Пэўна, урачыстай Літургіі з нагоды сьвята найвялікшай Сьвятой зямлі Полацкай ці пераносу мошчаў сьвятой Ефрасіньні ў адноўленую срэбраную раку, урэшце, можа, прыезду вялікай колькасьці царкоўных ярархаў». І памыліцца. Чэсная ж журналістка Часнавіцкая, за часы кіраваньня якой «Полацкі веснік» ператварыўся ў цалкам расейскамоўны прапагандысцка‑рэклямны лісток, глядзіць глыбей і бачыць: прычына гэтых радасьцяў і нябесных шчодрасьцяў у тым, што «хутка прыедзе Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка». Далей таксама ёсьць цікавае. Ня ведаю, хто больш чэсны — уладыка Фэадосій ці карэспандэнтка (не спадобіўся прысутнічаць), але пра палітычную дзейнасьць сьвятой і ейныя аб’яднаўчыя памкненьні чую ўпершыню. Можа, знойдзеная інфармацыя паходзіць з апокрыфаў, адшуканых беларускім КГБ у хмызьняку за царквой Сьвятога Спаса, дзе яны сядзелі суткі да прыезду ППРБ. У жыцьці сьвятой пра гэта нічога няма, але ёсьць пра тое, што «слава (зямная) — пыл і попел, быццам дым разыходзіцца і нібы пара водная гіне».

Карыстаючыся нагодай, хачу адгукнуцца на артыкулы пра перабудовы Менску і Горадні. Не магу пагадзіцца, што пераважаюць тут камэрцыйныя інтарэсы. Прывяду прыклад палітычнае матывацыі.

Ужо не адзін дзясятак гадоў улады намагаюцца аднавіць у Полацку ўсталяваны ў 1850 годзе помнік, прысьвечаны «...взятию сего города приступом 7 октября 1812 года». Спачатку думалі паставіць на старым месцы і ўсталявалі камень пасярод плошчы Свабоды. Нейкі з кіроўцаў зьбіў яго. Нядаўна з удзелам расейскіх дэпутатаў Дзярждумы паставілі камень на месцы былога дамініканскага касьцёла, і, як бачна з артыкула Часнавіцкай, зноўку мараць пра яго аднаўленьне. Аднак рэгенэрацыя самой цэнтральнай плошчы з аднаўленьнем разбураных раней архітэктурных аб’ектаў нікога з адказных асобаў не цікавіць. Сьведчаньнем таму — пабудова новага будынку Дзяржстраху на паўночным баку плошчы. Гэтак жа абыякава ставяцца да адзінага захаванага дому, што адзначае старую вуліцу Крапасную і сёньня мае адрас Скарыны, 6. Раней тут была кантора паравога млыну Левіных. Здаецца, тут хаваўся ў часе перасьледу пасьля падзеяў 1905 году бальшавік Зіноўеў. Паводле зьвестак габрэйскае грамады, тут пэўны час дзейнічала сынагога. Аднак у 1990‑х гадах дом прадалі камэрцыйнай фірме «Белроском» за сьмешныя цяпер 1000 даляраў, і вось 15 гадоў будынак разбураецца.

Не зважаючы на ўказ ППРБ пра неабходнасьць канфіскацыі будынкаў, гаспадары якіх іх не даглядаюць, статус гістарычнага помніку і звароты габрэйскай грамадзкасьці, выканкам ня робіць ніякіх захадаў (як было, пэўна, і ў Наваградку) да яго захаваньня. Аднак ім не да помніку моцы расейскае зброі, таму яны хочуць яго аднавіць коштам іншых больш важных аб’ектаў гарадзкое забудовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?