Пасаджэньне на кол – ІІ

Гістарычныя прататыпы заўтрашняй апазыцыі

У мінулым нумары мы гаварылі пра пасаджэньне на кол — адмысловую сьмяротную кару і гістарычны вобраз, нядаўна актуалізаваныя кіраўніком РБ. Ён заявіў пра «іх», якія яго пасадзяць на кол. Мы высьветлілі, што ў беларускай гісторыі на кол саджалі злачынцаў толькі адной катэгорыі, а менавіта — казакаў. У часе набегаў на Беларусь казакі вызначаліся асаблівай нялюдзкасьцю ў дачыненьні да мясцовага народу — старых, жанчын, немаўлят. Ня дзіва, што іх саміх — казакаў — лічылі недалюдзьмі. Безмаетныя і бесьсямейныя, яны ня бралі палону, бо ня мелі права і патрэбы ў рабах, і не захоплівалі, не акупавалі гарады, бо таксама ня мелі права і намеру тут гаспадарыць, а таму толькі нішчылі ўсё, пакідаючы пасьля сябе адно выпаленую зямлю. Недалюдкам і пакараньне было вызначана зусім нялюдзкае, невысакароднае — пасаджэньне на кол. Сёньня мы працягнем гэтую тэму, але гаворка пойдзе ўжо не пра тых, каго саджалі на калы і з кім вольна ці міжвольна атаясаміў сябе першы прэзыдэнт, а пра тых, ХТО саджаў, — пра тых загадкавых «іх», якія спынялі няпрошаныя набегі, каралі злачынцаў і вярталі край да цывілізацыі і парадку, як бы цяпер сказалі — у канстытуцыйнае поле...

 

Пару дзён таму мне давялося адказваць на пытаньне пра беларускі нацыяналізм — што гэта такое сёньня? За мінулыя 10 гадоў тэрмін настолькі расьцярушыўся, што сабраць яго ў нейкую адназначнасьць немагчыма. Увогуле з тэрмінамі такое адбываецца нярэдка. Я згадваю Жан-Поля Сартра, пачынальніка экзыстэнцыялізму, які ўрэшце адмовіўся прызнаваць сябе гэткім, бо экзыстэнцыялізму і экзыстэнцыялістаў стала процьма, і ўжо немагчыма было ўцямна растлумачыць, што ж гэта такое. Нешта падобнае адбылося і зь беларускім нацыяналізмам. Ён за гэты час нікуды не прапаў, ён наадварот пашырыўся, але каб выказаць ягоную сутнасьць, патрэбныя ўжо іншыя словы. Я спыніўся на слове арыстакратызм.

Менавіта арыстакраты вякамі праводзілі ў Беларусі цывілізаваны парадак, будавалі гарады, адкрывалі ўнівэрсытэты. Менавіта арыстакраты спынялі тыя казацкія набегі і каралі недалюдкаў на калах. І калі мы працягнем прапанаваную першым прэзыдэнтам паралель, дык прыйдзем да высновы, што менавіта арыстакратызму бракуе сёньня беларускаму грамадзтву.

З чаго складаецца беларускі арыстакратызм? Гаворка ідзе не пра пашпартную радавітасьць або нічым не падмацаваную фанабэрыю цяперашняга жабрака — нашчадка княскага роду. Гаворка пра ідэалёгію — тагачасную, шляхецкую — і пра тое, якім чынам яна магла б трансфармавацца ў рэаліях нашага цяперашняга жыцьця. Сёньняшняе грамадзтва — гэта ўсяго толькі працяг колішняга. Цягам гісторыі яно растраціла свае ўнутраныя сілы, сваю волю да жыцьця, сваю самабытнасьць, але можа і вярнуць іх, калі будзе падпарадкоўвацца сваёй жа ўнутранай лёгіцы разьвіцьця. Вось некалькі базавых прынцыпаў.

1. Сарматызм як ідэалёгія адметнасьці. Сапраўды, для старавечнага беларуса было б недарэчнасьцю пагаліць вусы, надзець панталёны і парык, як гэта практыкавалася на Захадзе. У нас для стварэньня адметнасьці ўжываліся самыя неверагодныя фантазіі і кампіляцыі з каўкаскіх, пэрсыдзкіх, турэцкіх матываў. Адныя слуцкія паясы чаго вартыя! Для тагачаснае Эўропы — чыстая экзотыка. Але мы не такія, як яны, — гэта галоўнае. Вось ён — сярэднявечны беларускі нацыяналізм. Сёньня ён зусім стыхійна і прыродна выяўляецца ў схільнасьці да мілітарнае вопраткі або ў пошуку якіх-небудзь кельцкіх каранёў. Важна, што мы не такія. Мы не славяне. Вунь ажно адкуль ідзе гэтае адмаўленьне славяншчыны. Цяпер мы балты. Мы працівімся арыентацыям Расея—Захад. Нам бліжэй Балтыя—Каўказ.

2. Мілітарнае выхаваньне. Яно таксама стыхійна прабіваецца зь сёньняшніх беларусаў. Яго няма і як бы мэты яму няма, але прырода ці голас крыві патрабуе. Неўсьвядомленая гістарычная лёгіка. Так ствараюцца суполкі «Край», «Белы легіён» і падобныя. Не заўсёды толкам ведаюць нават — навошта. Але сэрца падказвае. Калі ж глядзець на сярэднявечныя вытокі гэтых падказак, дык убачым, што ўменьне ваяваць патрэбнае на тое, каб бараніць сваё майно, найперш

3. сваю ўласную зямлю.

Ці ня ў гэтым сакрэт доўгага існаваньня Вялікага Княства без усялякіх дыктатураў і валюнтарызмаў. На працягу 500 гадоў высакародныя земляўласьнікі былі апірышчам краіны. Іхная згода ў абароне правоў на зямлю была вышэй за ўсялякія іншыя раздоры і адрозьненьні.

Мне малюецца ідылія сёньняшняя — ідылія адраджэньня арыстактарызму. Скажам, тыя краёўцы. Кожны набывае сабе закінуты хутар і засноўвае маёнтак. Важная дэталь — у поўнай згодзе з прыродным беларускім індывідуалізмам. Пры цяперашніх коштах і матарызацыі ўсё гэта ўявіць няцяжка. Такая сабе база новае шляхецкае салідарнасьці, якая мацуецца на зьездах-сойміках. Хто дужэйшы і разумнейшы, той большага дасягае посьпеху. Каб абараніць свае соткі, дастаткова і дубальтоўкі. А каб адстаяць правы на тысячу гектараў з высокатэхналягічнай вытворчасьцю на іх, спатрэбіцца сваё войска і сваё лобі ў парлямэнце. Толькі ж пачынаецца ўсё з малога. Ужо дзяцей сваіх яны адашлюць у эўрапейскія ўнівэрсытэты. А самі стануць заснавальнікамі новых беларускіх дынастыяў.

Усё сказанае і ўбачанае ў сёньняшніх рэаліях выглядае больш на фантазію. Ня так проста прасякнуцца ідэалёгіяй арыстакратызму, калі навокал пануе казаччына зь яе амаралізмам. Зь іншага боку, гісторыя ясна паказвае нам нас саміх і тое, чаго нам сёньня бракуе. Ёсьць праекцыя казацкага набегу, але няма праекцыі арыстакратыі. У нас падсьведама шукаюць гэткую сілу, а яе відавочна трэба ствараць. І наўрад ці выседзіш яе ў менскіх кватэрах, на інтэлігенцкіх кухнях. Нашыя продкі пакінулі нам ідэалёгію, якая высьпявала вякамі. І рэч ня столькі ў нашых генэалягічных табліцах, колькі ў адпаведнасьці сваёй чалавечай прыродзе.

Зрэшты, ня толькі фантазійны, але і зусім прагматычны погляд схіляе да тых самых развагаў. Вы кажаце пра слабасьць беларускае апазыцыі. А якая ў яе база? Абаронай якіх матэрыяльных каштоўнасьцяў прадыктаваныя яе палітычныя інтарэсы? Дэмакратыя і незалежнасьць — хоць і высакародныя, але толькі словы. Зь іх дому не збудуеш, імі не пад’ясі, за іх ня купіш, і дзеці ад іх не нараджаюцца. Патрэбная матэрыяльная база. Колішніх беларускіх арыстакратаў яднала земляўласьніцкая салідарнасьць. Сёньняшнія апазыцыянэры цалкам залежаць ад рэсурсаў замежных грантадаўцаў. Ня дзіва, што яны зь лёгкасьцю пакідаюць патрыятычныя прынцыпы, бо заяўкі, гранты і справаздачы нацыянальнасьці ня маюць. А ў выніку змагары зь Міхненкам-Залатарэнкам сутнасна нічым ад яго не адрозьніваюцца і таксама жывуць адным днём — да выбараў, пасьля якіх — ці пан ці прапаў. У адрозьненьне ад іх Радзівіл сам ствараў сваю сытуацыю і — супольна з Сапегам, Валовічам, Агінскім — сытуацыю ў краіне. Таму Радзівіл меў волю і розум спыніць казацкую навалу і пасадзіць Міхненку на кол.

Словам, калі давяршаць гістарычную аналёгію — менавіта салідарнасьць уласьнікаў ёсьць беларускім нацыяналізмам, той сілай, што здольная навесьці ў краіне ўласьцівы ёй парадак. Гучыць, вядома, як пажаданьне, бо тых арыстакратаў-уласьнікаў як сілы пакуль няма. Аднак зь нечага ж некалі мусіць тое пачацца. Інакш усё жыцьцё ператвараецца ў марудны прастой — ад выбараў да выбараў, ад гранту да гранту, ад Міхненкі да Залатарэнкі...

Неяк у вёсцы я крыху паэкспэрымэнтаваў. Аглядаючы прыгожы і добра дагледжаны грушавы сад, сказаў гаспадару:

— Ну ты арыстакрат! Адразу відаць — беларус.

З погляду ў адказ я зразумеў, што патрапіў у кропку, выказаў найвышэйшую пахвалу.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0