Адам Глёбус

Нашы тутэйшыя

 

1970. Сарока й бутэлька

Скульптар Сарока, скончыўшы інстытут, запрашае сваіх выкладчыкаў на пагулянку. У прадчуваньні грандыёзнай п’янкі тыя радасна сядаюць у таксоўкі й едуць у далёкі лес. Сарока вядзе вясёлую кумпанію на паляну, пасярод якой узвышаецца сьвежы дубовы пень. На той пень ставіцца вынятая з кішэні адна-адзіная бутэлька найтаньнейшага мацаванага вінца. “Дзяўбіце, крумкачы, дзяўбіце!” – кажа Кастусь Сарока, сядае ў адзіную, нібыта пакінутую на ўсялякі выпадак, таксоўку і зьяжджае. Гадзіны зь дзьве абражаныя й прыніжаныя пэдагогі выбіраюцца з таго лесу. Крыўды ў іх назапашваецца столькі, што помсьціць Кастусю яны будуць да ягонай сьмерці і нават пасьля яе.

 

1975. Луцэвіч і вучні

Выкладчык маляваньня Алег Луцэвіч прымушае вучняў алоўкамі рабіць фатаздымкі. Накіды па загадзе выкладчыка робяцца пад расейскага графіка Пятра Мітурыча. Чым больш студэнцкая праца падобная да твораў Мітурыча, тым гучней яе хваліць Луцэвіч. Нейкага Мажура ён нават абвяшчае геніем, хоць зь першага погляду бачна, што малюнак Мажура — гэта крамзолі Мажура, а не Мітурыча. Дый Бог зь імі, Мажурамі й Мітурычамі. Але ж колькі таленавітых студэнтаў не атрымліваюць стыпэндыі й пакутуюць з-за таго, што ня хочуць маляваць, як Мітурыч і Мажур! Луцэвіч ставіць ім “двойкі” й “тройкі”. А сам, дарэчы, малюе зусім іначай. Гэта ж ён арыгінальна й густоўна аздобіў кнігу дзіцячых вершаў Васіля Віткі.

 

1977. Сутулін і капуста

Мастак-афармляльнік Юрачка Сутулін захапляецца каляфілязофскай літаратуркай. Чытае запойна й ставіць экспэрымэнты на сабе. Па горадзе ён ходзіць зь вялікім чорным партфэлем, зь якім я і сустракаю яго на праспэкце. Стаім, гаворым пра Ўрубеля, пра крыштальнасьць ягоных малюнкаў, зробленых у лякарні для псыхічна хворых... “Мне час есьці”, – зірнуўшы на гадзіньнік, кажа Юрачка й прапануе прысесьці на бліжэйшую лаву. З партфэлю дастае кружок, галоўку капусты й нож. Сутулін спрытна шынкуе паўгалоўкі на драўляным кружку й з казьліным апэтытам зхрумствае. Капуста, кружок і нож зьнікаюць, зьяўляецца бутэлька вады. Юрачка выпівае з рыльца паўбутэлькі й кажа: “Я – сыраед, спажываю толькі сырыя праўдзівыя прадукты. І ем у дакладны час. Даводзіцца хадзіць з партфэлем”.

 

1979. Цішын і ракі

Выдатна ў Раўбічах ловяцца ракі. Я, Ігар Цішын і Ўладзя Сьцяпаненка лазім рукамі пад карчамі й выцягваем цемнаскурых рыцараў. Варым на вогнішчы ў вядры. Які цудоўны, ні з чым не параўнальны колер у сьвежазвараных ракаў! Смаката. П’ем віно з чарнаплоднай рабіны, ракамі заядаем. Цямнее. Зорная ноч. Вогнішча пакрысе ачахае. Раптам Ігар ускоквае, замахваецца кулаком на нас і крычыць на ўсе Раўбічы: “Зараз я вас усіх пазабіваю!” Мы не пасьпяваем устаць. Ён успорвае кулаком паветра, губляе раўнавагу, падае й коціцца са стромы ў густы алешнік. Ня так і проста ўночы знайсьці чалавека ў непралазным кустоўі. Асабліва калі твой стан блізкі да стану таго, хто ў тыя хмызы заваліўся. Так ці інакш, а паціху-патроху мы Цішына выцягваем і кладземся спаць у пакінутай на знос школцы.

 

1995. Маціевіч і гарэлка

Сонечная, вясновая раніца. Бягу ў парк. Насустрач сунецца кудлаты барадаты маляўнічы мастак Алег Маціевіч. Вітаемся. Ён пытаецца: “Выпіць хочаш? У мяне ёсьць пляшка гарэлкі!” Гэта а сёмай раніцы. Самая арыгінальная прапанова выпіць, якую я атрымліваю ў жыцьці. Адмаўляюся й бягу далей у сваім сінім спартовым касьцюме.

 

 

1998. Гіпакрат і пэтарда

Яго клічуць Валера Ражкоў. “Ну які я Ражкоў?” — думае Валера і зьмяняе прозьвішча на Калгін. Але Калгіным ходзіць нядоўга. Ну, хто такі Калгін? Хто ведае Калгіна? Вядома, сёй-той бачыць матрац замест дзьвярэй у пакойчыку Калгіна. Сёй-той жахаецца з фатаздымкаў, на якіх Валерка цалкам голы сярод цэнтнэрных голых прыгажунь робіць “хайль Гітлер”. Але ж гэтага замала! Каб мастаком называцца, трэба імя мець. І Ражкоў-Калгін робіцца ў пашпарце Гіпакратам. Ого-го імя! Мэдычныя экспэрымэнты запаўняюць сьвядомасьць новага Гіпакрата. У Польшчы Валера спрабуе падчас пэрформансу ўставіць пеўню ў дупу пэтарду й падпаліць. Арганізатары фэсту не даюць, чым страшэнна зьневажаюць Гіпакрата. Ну хто такі Гіпакрат? Валера працягвае пошук...

 

2000. Батакова і вінаград

У графіні (яна малюе графіку) Батаковай у кватэры расьце вінаград. Расьце сабе, расьце, зелянее, а пасьля ссыхае. Іра Батакова плача, шкадуе расьліну... І тут прыходзіць госьць – канцэптуаліст Бохан. Ён выпівае палову прынесенае з сабою пляшкі гарэлкі й кажа да заплаканай графіні: “Разумею... Вінаград – член сям’і”.

 

2001. Барташэвіч і Цэсьлер

Натурмортшчык Аляксандар Барташэвіч у мінулым жыцьці быў кельнэрам, таму бясконца малюе гарбатнікі і іншы посуд. А дызайнэр Уладзімер Цэсьлер – птушкаю, таму ў гэтым нясе яйкі, яйкі вымерлых жывёлаў, такіх як Далі, Бунюэль, Маякоўскі... З Цэсьлеравых яек ніколі нічога ня вылупіцца, як з імбрычкаў Барташэвіча нічога не наліецца.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0