Незалежна ад выбараў

Таварыства Беларускай Мовы застаецца ўплывовай арганізацыяй

Прынамсі ў межах незалежнага беларускага грамадзтва. Такое галоўнае ўражаньне ад учорашняга зьезду ТБМ. Таварыства застаецца таксама ці ні адзінай незалежнай арганізацыяй, якую трываюць і зь якой лічацца ўлады. Наўрад ці нейкай іншаму недзяржаўнаму згуртаваньню, што лучыць беларускамоўных, расейскамоўная ўлада дазволіла б правесьці зьезд у Доме літаратара.

Зьезд ушанавалі прысутнасьцю і падцягнуты, загарэлы фарсун — генэрал Казлоўскі, няўлоўна падобны да генэрала Барака, і затурканы Чыгір, і пахмурны эмігрант Някляеў, і прэс-аташэ МЗС плэйбой Латушка. Вітаньні даслалі Домаш і Пазьняк, што перабываюць за мяжой, а таксама Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла і а.Аляксандар Надсан.

Кожны кандыдат у прэзыдэнты разьлічвае на дапамогу актывістаў-моваабаронцаў. Але тэбээмаўцы, відаць, абяруць таго прэтэндэнта, які справаю засьведчыў адданасьць беларушчыне і мае найбольш шанцаў на посьпех, ды яшчэ й патаргуюцца зь ім.

Ня дзіва, што Трусава пераабралі. Ён здолеў ператварыць ТБМ у дынамічную ўплывовую арганізацыю, сьмела вярнуў яе ў палітыку, увесь час пры гэтым сьцьвярджаючы, што арганізацыя застаецца па-над ёю. Гэтае палітычнае пакліканьне і было тым канём, які выцягнуў ТБМ. На Таварыства зноў пачалі спадзявацца, зь ім пачалі лічыцца, а хто-ніхто — нават баяцца. Аднак, актыўны ўдзел моваабарончай арганізацыі у палітыцы хавае небясьпеку: мова пачынае ўспрымацца не як агульнанацыянальная, а як вузкапартыйная.

Ёсьць і іншая праблема: сёньня частка дэмакратаў лічыць мову перашкодаю на шляху да ўлады. Калі, маўляў, Лукашэнку нігілізм і разбуральніцтва вынесьлі на вяршыню, чаму б нам не скарыстацца ягонай тактыкай, толькі з добрымі намерамі?.. Пра гэта — тэма сёньняшняга нумару “НН” (старонкі 6–7).

Гэты год мінецца, аціхне тлум прэзыдэнцкай кампаніі, а грамадзтва і ТБМ застануцца з ранейшымі праблемамі. Як перайсьці ад абароны мовы да яе разьвіцьця. Як стварыць на руінах мімалётнага “Зубра” трывалую радыкальную палітычную сілу. Як пераарыентавацца ў справе прамоцыі мовы зь дзяржаўнага сэктару на недзяржаўны. На ўсе гэтыя пытаньні давядзецца шукаць адказы незалежна ад вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0