Чарговы, сёмы — харошы і вясёлы

Сёмы зьезд ТБМ адбыўся ўчора ў менскім Доме літаратара. У ганаровы прэзыдыюм увайшлі Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Вольга Іпатава, Людміла Дзіцэвіч, Мікола Лявіцкі і першы сакратар амэрыканскай амбасады Джон Кунстатэр — за адсутнасьцю чыноўнікаў зь беларускага ўраду.

 

Зьезд пачаўся з прывітальных прамоваў. Вольга Іпатава заявіла, што беларуская мова мусіць быць гаспадыняй на беларускай зямлі. Старшыня Таварыства Беларускай Школы Алесь Лозка ўручыў Нілу Гілевічу, Генадзю Бураўкіну, Алегу Трусаву ганаровыя граматы ТБШ за дасягненьні ў барацьбе за беларускую мову. Радзім Гарэцкі ў сваім прывітаньні адзначыў, што няма ў сьвеце такой краіны, дзе прэзыдэнт толькі зрэдку гаворыць па-беларуску, а ўсе астатнія яго прамовы — па-расейску. Дэлегаты пагадзіліся з такой тэзай.

Увагу аўдыторыі прыцягнуў выступ сп.Кунстатэра на нядрэннай беларускай мове. Амэрыканец заклікаў прысутных не пакідаць беларускай мовы, а разьвіваць яе надалей, і наладзіў абструкцыю беларусафобам. Асобна ён адзначыў неабходнасьць разьвіцьця клясычнага правапісу.

Адметнымі былі й вітальныя прамовы беларускіх палітыкаў. Вінцук Вячорка паабяцаў скончыць працу над клясычным беларускім правапісам, аднак толькі пасьля таго, як будзе пераможаная дыктатура ў краіне.

Сьледам за ім астралёгіяй урачыста займалася большасьць выступоўцаў, прадказваючы, што з восені мы будзем жыць пры новай уладзе. А з новай уладай акрыяе і беларуская мова.

Генэрал Казлоўскі выйшаў на трыбуну ў цывільным, досыць бадзёра адчытаў па-беларуску віншаваньне, выказаў заклапочанасьць станам беларускай мовы, скончыўшы выступ караценькім “Спасіба”. “Во гэта — ад сябе”, — зьедліва пракамэнтараваў галоўны рэдактар “Нашага Слова” Станіслаў Суднік, што сядзеў перад мной.

Міхаіл Чыгір сказаў, што за беларускую мову трэба змагацца. Людміла Дзіцэвіч слушна заўважыла, што дастаткова палітыку сесьці ў лукашэнкаўскую турму, як пачынае выяўляцца ягоная беларускасьць. Сяргей Папкоў, адзін зь лідэраў КХП-БНФ, зачытаў ліст ад Пазьняка. Было агучанае віншаваньне беларускай амбасады ў Вялікай Брытаніі. Факсаў ад Ганчарыка, Гайдукевіча і Крыжаноўскага не паступіла.

Бурныя авацыі суправаджалі кожны выступ, ворагаў беларушчыны шальмавалі бязьлітасна.

Кульмінацыяй сталася справаздача Алега Трусава за пэрыяд 1999—2001 г. У сваім выступе ён адзначыў, што колькасьць сяброў ТБМ вырасла з 2,5 тыс. у чэрвені 1999 г. да 9 тыс. у 2001 г. Арганізацыі ТБМ ёсьць у кожнай вобласьці і ў большасьці раёнаў, а сябры ТБМ жывуць ня толькі ў Менску, Магілёве, Горадні, але і ў Маскве, Санкт-Пецярбурзе, Іркуцку, Вільні, Празе, Беластоку. У 10-мільённай Беларусі на 1 тысячу жыхароў — 1 сябар-тэбээмавец. Лічы, адна праміле.

Станіслаў Суднік запэўніў прысутных, што газэта “Наша Слова” мае агульнарэспубліканскае значэньне, і ў якасьці доказу прывёў словы Васіля Быкава: “Наша Слова” — газэта нацыі”.

У спрэчках дэлегаты распавядалі пра сытуацыю на месцах, пра стан беларускай мовы і стаўленьне да яе ўлады.

Канец зьезду прайшоў будзённа. У напаўсонным парадку пераабралі кіраўніцтва ТБМ. Старшынём застаўся Алег Трусаў, першай намесьніцай — Людміла Дзіцэвіч, намесьнікамі сталі Алена Анісім і Сяргей Кручкоў. Галоўным рэдактарам “Нашага Слова” застаўся Станіслаў Суднік. Шчырае зьдзіўленьне выклікала абраньне 52 чалавек у Раду ТБМ. Ці зьмесьцяцца яны на маленькай сядзібцы на Румянцава, 13? Каб жа ня выйшла якога здарэньня!

У перапынку ў фае дэфіляваў Уладзімер Някляеў, спадзеючыся на незьлічоныя інтэрвію. Аднак, журналісты не сьпяшаліся падыходзіць да яго.

Па абедзе дэлегаты абмеркавалі Стратэгію разьвіцьця беларускай мовы ў ХХІ ст. і вырашылі адкласьці канчатковае вырашэньне гэтага пытаньня да наступнага зьезду ТБМ.

У апошнім нумары “Нашага Слова” зьвярнуў на сябе ўвагу артыкул “Насустрач 7-му зьезду ТБМ”. У ім сьцьвярджаецца, што беларускай мове чатыры тысячы год і што яна была мовай дыпляматычных зносінаў у Эўропе ў Сярэднявеччы. З гэтым інтэлектуальным багажом і ўступаем у трэцяе тысячагодзьдзе.

Алег Гардзіенка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0