Прадстаўляючы новага кіраўніка сталічнай вобласьці, Аляксандар Лукашэнка па‑свойму тлумачыў прычыны замены Мікалая Дамашкевіча, якога падначаленыя называлі «абласным бацькам» — так падобныя былі манера кіраваньня, падыход да людзей і праблемаў. На доказ кепскіх вынікаў гаспадараньня Дамашкевіча начальнік краіны прывёў лічбы. Пра два мільёны тонаў збожжа была толькі бравада. На справе ў 2004 годзе сабралі 1,7, у 2005 годзе 1,6, а ў 2006‑м — 1,5 мільёнаў тонаў. А рэнтабэльнасьць сельскай гаспадаркі, сказаў ён, у вобласьці складае мінус 25 працэнтаў. Ніжэйшая толькі на Віцебшчыне — мінус 28 працэнтаў.

Гэтыя ўрыўкі з выступу падало толькі агенцтва «Інтэрфакс», якое працуе на спэцыфічную аўдыторыю. Агенцтва БелТА, інфармацыю якога перадрукоўваюць масавыя СМІ, іх, вядома ж, апусьціла.

Зь фіктыўнымі мільёнамі тонаў збожжа ўсё ясна. Але лічбы рэнтабэльнасьці нечаканыя. Афіцыйная статыстыка дае плюсавую. Правальныя лічбы мінус 25 і мінус 28 могуць выйсьці, калі ад прыбыткаў сельскай гаспадаркі адняць лічбу датацый. У любым разе, у краіне, аказваецца, маецца двайная статыстыка ў выніку двайных мэтодык падліку. Успамінаецца, як нядаўна А.Лукашэнка быў сказаў, што на ўтрыманьне курсу рубля на пачатку году вытрацілі траціну золатавалютнага запасу. Між тым, паводле справаздачы Нацыянальнага банку ён зьменшыўся ў студзені‑лютым нязначна, а ў сакавіку выдаткі былі цалкам кампэнсаваныя і пачаўся рэзкі рост. А.Лукашэнка вінаваціў сталічную вобласьць у прыпісках, але чым ёсьць падвойная статыстыка, калі не тым самым?

Калі пэўная сфэра пачынае існаваць па паняцьцях, а не па законе, у ёй пачынае разрастацца ўсякая брыдота. Гэта пацьвярджае прыклад такой спэцыфічнай вобласьці, як спорт. У надзвычай шчырым інтэрвію Ўладзімер Беражкоў выходзіць за тэму матчу Беларусь—Баўгарыя, які, магчыма, быў прададзены.

Рэпартаж Ірыны Чарняўкі з круглага стала ідэолягаў і гісторыкаў у Гарадзенскім унівэрсытэце дае ўяўленьне пра сутнасьць канфлікту, выкліканага перабудовай старой Горадні. Чым далей, тым больш людзей разумее, што перабудова была прадыктаваная ня столькі эканамічнымі патрэбамі, колькі імкненьнем зьнішчыць дух гораду, які сілкаваў антысавецкія, антылукашэнкаўскія настроі, і стварыць новую, ідэалягічна стэрыльную гарадзкую прастору made in RB. Гэта выклікала абурэньне інтэлігенцыі і студэнцтва. Каб выпусьціць пару, ідэолягі склікалі круглы стол. У ход пайшлі эканамічныя аргумэнты: патрэба «добраўпарадкаваньня». «Тысячы працоўных рук» процістаўляюцца «студэнтам», якія «бяздумна ўцягваюцца» ў гульню, распачатую «дэструктыўнымі элемэнтамі».

Ня трэба дваіх, каб пачаць, кажа прымаўка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0