Пазыцыя Зянона

Другі раз беларусаў не ашукаюць

Зянон Пазьняк даслаў у Беларусь з Варшавы ліст з ацэнкамі палітычнай сытуацыі ў краіне і разгортваньня прэзыдэнцкае кампаніі. Зянон у прыватнасьці піша:

“У Беларусі стварыліся дзьве залежныя ад Масквы групы прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта, якія супернічаюць між сабою, чакаючы, перш за ўсё, як ацэніць іх Крэмль.

Адна група — гэта Лукашэнка з сваёй камандай. Другая (“апазыцыйная”) група — гэта пяць падабраных прадстаўнікоў колішняй савецкай намэнклятуры”. І дадае: “Не хапае ў гэтай групе яшчэ адной-дзьвюх асобаў, але яны могуць зьявіцца”. “Апазыцыйнае ўтварэньне” зь пяцёх намэнклятурных прэтэндэнтаў ня ёсьць альтэрнатывай Лукашэнку, — уважае Зянон. — І Лукашэнка, і “пяцёрка” спадзяюцца на Маскву і гатовыя праводзіць маскоўскую палітыку “інтэграцыі” (то бок паступовай анэксіі Беларусі ў Расею). Яны ўжо неаднаразова прылюдна засьведчылі гэта.

Аднак мы бачым, што “група зь пяцёх” выстаўляецца якраз у якасьці нібыта “апазыцыі” і “альтэрнатывы” Лукашэнку. Гэткім чынам Масква, ствараючы ў Беларусі сваю альтэрнатыву свайму ж Лукашэнку, агітуе беларусаў выбіраць паміж дзьвюма прамаскоўскімі групамі: камандай Лукашэнкі (дзе прэтэндэнт — Лукашэнка) і намэнклятурнай “пяцёркай” (дзе прэтэндэнта выявяць пазьней).

Для Расеі гэта бяспройгрышны варыянт у Беларусі. Акрамя таго, Масква атрымлівае свабодную магчымасьць манэўраў, на каго канчаткова паставіць.

У гэтым палітыканстве (ці, як цяпер называюць, “тэхналёгіі”) супольна бяруць удзел расейскія палітыкі і кіраўнік менскай Місіі АБСЭ нямецкі дыплямат Ганс-Георг Вік.

Яны ўжо выпрацавалі тактыку збору подпісаў адразу за пяцёх “апазыцыянэраў” без пазначэньня на падпісных лістах прозьвішча канкрэтнага кандыдата, за якога будуць аддаваць свае подпісы выбаршчыкі.

Напрыканцы таемны дырыжор аформіць усе подпісы на аднаго кандыдата. (Гэтым “адным”, дарэчы, можа стацца ўжо шосты ці сёмы спаборнік, апэратыўна прызначаны кандыдатам у апошні момант.)

Беларусы мусяць быць уважлівымі і не падпісваць ананімных падпісных лістоў (гэта значыць — без пазначэньня прозьвішча таго, за каго ідзе збор), каб іхнай даверлівасьцю ў чарговы раз не скарысталіся авантурысты”, — рэкамэндуе Зянон.

“Сёньня Масква ставіць на Лукашэнку, — канстатуе ён. — Ён ім патрэбны ў любой форме (легітымны ці нелегітымны), каб дапамагчы расейскаму капіталу правесьці прыватызацыю і захоп нацыянальнай маёмасьці Беларусі, увесьці ў Беларусі расейскія грошы і скончыць такім чынам з намі як зь дзяржавай і народам.

Калі Масква паставіць на Лукашэнку, яму падбяруць “альтэрнатыўную” падстаўную фігуру зь “пяцёркі” (ці з “шасьцёркі: як атрымаецца).

Калі ж Масква ўбачыць, што лепш Лукашэнку зьмяніць (гэтак было з Кебічам у 1994 г.), яму будзе супрацьпастаўлены іншы чалавек (кшталту Л.Сініцына, У.Мацкевіча ды іншых кагэбоўцаў). Зручнай кандыдатурай для Масквы быў бы Віктар Ганчар. (Я ўжо пісаў пра гэтых “чарцей з табакеркі”: Чыгіра, Віньнікаву, Пуціна, Лукашэнку ды інш. — адзін ка гэбоўскі мэтад.)

Цяпер пра Ганчара. У 1999 г. В.Ганчар праваліў прафінансаваную Масквой “апэрацыю” па разбурэньні БНФ і палітычным зьнішчэньні ягонага кіраўніка — т.зв. “альтэрнатыўныя выбары” прэзыдэнта. Празь нейкі час Ганчар зьнік пры вельмі падазроных абставінах, і зь Беларусі выштурхнулі Сымона Шарэцкага, якога пасьлядоўна стараюцца дыскрэдытаваць, каб яго ніхто і ня згадваў.

Маё меркаваньне такое: калі б на арэну выбараў выпусьцілі В.Ганчара, то ў створаных абставінах гэта быў бы найгоршы варыянт для Беларусі. Залежнасьць В.Ганчара ад Масквы была б непараўнальнай нават з залежнасьцю ад яе А.Лукашэнкі.

Я не сумняюся ў тым, што В.Ганчара трымаюць у якасьці “чорта з табакеркі”, каб пры неабходнасьці выставіць яго “героем-пакутнікам” і яшчэ раз ашукаць Беларусь. Аднак такое магчыма толькі пры пэўных палітычных абставінах на выбарах.

Беларусы ні на сэкунду не павінны забывацца, што ідзе змаганьне за Беларусь паміж сіламі расейскага каляніялізму (у сфэру якіх уваходзіць рэжым Лукашэнкі) і актыўнымі нацыянальнымі сіламі беларускай незалежнасьці і свабоды. У гэтым сутнасьць палітычнага канфлікту ў Беларусі”.

Зянон падкрэсьлівае: “Альтэрнатывай расейскай палітыцы зьнішчэньня Беларусі ёсьць толькі тая беларуская сіла, якая змагаецца канкрэтна супраць такой палітыкі”.

Ён піша: “Людзі, што змагаюцца з рэжымам Лукашэнкі за ўладу, але падтрымліваюць каляніяльную “інтэграцыйную” палітыку Масквы, не зьўляюцца на справе змагарамі з рэжымам, а толькі спаборнікамі за дзяржаўную пасаду прэзыдэнта.

Калі яны захопяць уладу, нічога ня зьменіцца да лепшага, а толькі згоршае, бо тады ўлада стане легітымнай, прызнанай сьветам, і маскоўская апэрацыя па захопе Беларусі завершыцца расейскім забраньнем беларускай маёмасьці і поўным зьнішчэньнем нашае дзяржавы, а затым — хуткім вынішчэньнем беларусаў як нацыі.

Самае брыдкае і самае амаральнае ў гэтай сытуацыі тое, што расейскія палітычныя калянізатары дзейнічаюць заадно з заходнімі лібэраламі (кшталту Ганса Віка), якім ня церпіцца любымі сродкамі (а на практыцы за кошт нашых нацыянальных інтарэсаў) зачыніць “беларускае пытаньне”. Масква прафэсійна карыстаецца гэтым іхным нецярпеньнем і прагматызмам у сваіх інтарэсах”.

Зянон у сваім лісьце вельмі нэгатыўна ацэньвае аб’яднаную апазыцыю. “Зь беларускім народам яны размаўляюць па-расейску, называюць яго “дурным” ды “халуйскім”, — зазначае ён. І робіць выснову: “Відавочна, што ніякага даверу і ніякага аўтарытэту ў беларусаў гэтакая аб’яднаная з прамаскоўскай намэнклятурай і схільная да карупцыі “апазыцыя” ня мае і ніякай падтрымкі мець ня будзе. І тут ужо беларусы не памыляюцца”.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0