Юлія Андрэева

Караоке па-беларуску

У Філярмоніі адбыўся вечар памяці Ігара Паліводы

 

За пяць год пасьля заўчаснае сьмерці ягоную творчасьць высока ацэньваюць аматары музыкі. Вечар памяці сабраў поўную залю.

Набор жа выканаўцаў быў дзіўнаваты. Спачатку на сцэне завіхаліся дзяўчаты ў стылізаванай вопратцы “a la манашкі”. Хвілінаў пяць яны эратычна выгіналіся ў розныя бакі, потым выйшла канфэрансьерка і абвясьціла, што перад намі выступіў Дзяржаўны ансамбль танцу, а нумар зваўся “Эўфрасіньня”.

Пасьля “Хрыстовых нявестаў” выступіў мужчынскі хор Жыровіцкага манастыру пад кіраўніцтвам дзяка Андрэя Скробата. Відаць, гэта акурат і былі “іншыя зоркі беларускай эстрады”, анансаваныя ў афішы. Хор складаўся зь пяцёх маладых мужчынаў, відавочна з кансэрваторскай адукацыяй. Пачалі яны бадзёра, але дзесьці на трэцім куплеце згубілі танальнасьць, і распачалася такая какафонія, што аўтар музыкі напэўна пераварочваўся ў труне.

Потым на сцэну жыцьцярадасна выскачыла Алена Саўленайтэ ды засьпявала “Па-над белым пухам вішняў”. Акурат за гэтую песьню Ігара Паліводы яна атрымала прэмію на Нацыянальным фэстывалі музыкі і паэзіі ў Маладэчне. Мэлёдыя й насамрэч прыгожая. Асабліва калі яе выконваюць бяз словаў — прыкладам, на саксафоне, у клясычным джазавым “стандарце”. Калі ж мэлёдыя пераплятаецца з хрэстаматыйным вершам, да якога не зусім пасуе, прыгажосьць яе блякне, а ў галаву прыходзіць думка, што Палівода ніколі ня быў сапраўдным кампазытарам-песеньнікам, а імкнуўся да нейкіх іншых даляглядаў, дзе ўтульна пачуваліся амэрыканскія літвакі Джордж Гершвін ды Леанард Бэрнстайн.

Зрэшты, галапузая сьпявачка наўрад ці адчувае гэткія тонкасьці. Яна сьпявае, як умее, і сьпявае нават няблага ў параўнаньні зь іншымі выканаўцамі, што ўдзельнічалі ў гэтым канцэрце. Прынамсі, у ейным сьпеве чуваць кожнае слова. Чаго ня скажаш пра Ядвігу Паплаўскую, якая траціць усю сваю энэргію на задорлівыя падскокі ды какетлівае віхляньне клубамі.

Амаль усе ўдзельнікі канцэрту сьпявалі пад фанаграму, што было б цалкам нармалёва для вясковага клюбу, але ганебна для філярманійнае залі. Фанаграмы былі пераважна самаробныя, танныя, гук дрэнна збалянсаваны і не прыстасаваны да акустычных умоваў Філярмоніі. Многія песьні паўтараліся па два разы ў розных выкананьнях, нібыта ўдзельнікі канцэрту ня мелі, з чаго выбіраць.

Адзіным выняткам на гэтым сумным фоне сталася Інна Афанасьева, якая выканала песьню “Позьняй ноччу лучына дагарала…” зь песеннай опэры “Максім” (1987). Песьня — вельмі складаная для выканаўцы — сьпяваецца без акампанэмэнту. А значыцца — без фанаграмы, без падстрахоўных лінаў, якія падтрымліваюць артыста ў выпадку катастрофы. Адзінай падмогай быў мікрафон (безь якога было б лепш, бо большасьць Паліводавых твораў лепей гучыць у акустычным варыянце). Сьпявачка аж трымцела ад хваляваньня. Аднак песьня выйшла зь ейных вуснаў на адным дыханьні, сьвежая і прыўкрасная нават у сваім трагізьме. Узнагародай Іньне былі цёплыя воплескі і нават воклічы, хаця ўвогуле публіка паводзілася надзвычай стрымана і пляскала ў далоні выключна дзеля ветласьці.

У цэлым жа імпрэза не ўдалася. Між тым, Ігар Палівода напэўна заслугоўвае нашай увагі, бо быў зьяваю. Перш за ўсё, ён выявіўся як выдатны піяніст. Яшчэ ў школьныя гады яго ўважалі за генія, аднак у Маскву Палівода не паехаў. У той час у Кансэрваторыі выкладаў Ільля Шэршэўскі — надзвычай таленавіты музыка, які не зрабіў канцэртнае кар’еры з прычыны псыхічнае хваробы. Ён і прыгрэў Ігара ў сваёй клясе, і той ужо не шукаў нічога лепшага, тым больш, што побач былі сябры, зь якімі не хацелася расставацца. Вася Раінчык — вясёлы хлопец і добры піяніст, які падзяляў захапленьне Паліводы бітламі і джазам. Падчас вучобы Раінчык з Паліводам шмат ігралі дуэтам на раялях, рыхтавалі забаўныя музычныя капусьнікі для кансэрваторскіх сьвятаў. Аднак калі яны зьвярнуліся ў Міністэрства культуры, каб прабіцца на Ўсесаюзны конкурс эстрады, іх адразу ж асадзілі: “Брамса трэба граць!” Пасьля гэткага “блаславеньня” хлопцы разышліся сваімі дарогамі, хаця назаўжды засталіся сябрамі. Шкада. Паводле шматлікіх успамінаў, гралі яны ня горш, чым Кісялеўскі з Тамашэўскім. Мо калі б міністэрства пайшло ім насустрач, іхныя творчыя біяграфіі склаліся б іначай?

Палівода тым часам моцна ўзяўся за клясыку. У 1970 г. у Менску адбываўся Ўсесаюзны конкурс піяністаў, і Ігар стаўся яго дыплямантам, а мог бы дасягнуць і ляўрэацтва, калі б ня ўпартасьць. Ён абавязкова хацеў зайграць у трэцім туры “Рапсодыю ў стылі блюз” Гершвіна — між тым як “нармалёвыя” фіналісты гралі скрозь канцэрты Чайкоўскага ды Рахманінава. Ён увогуле дазваляў сабе розныя вольнасьці… Прыкладам, зайграў санату Гайдна з такім гумарам, што публіка і нават журы ад душы сьмяяліся.

Шанцаў на працяг конкурснае кар’еры ў Паліводы не было. У кансэрваторыі ён сварыўся з выкладчыкамі, потым закахаўся і з гэтае прычыны праседзеў на адным курсе два гады запар… Хоць ягоны бацька, таксама ж цудоўны піяніст і дырэктар Опэры быў найлепшым сябрам тагачаснага рэктара кансэрваторыі Ўладзімера Алоўнікава.

Лёс Ігара канчаткова вызначыўся толькі ў 1979 г., калі ён увайшоў у склад “Песьняроў”. Аднак творчае супрацоўніцтва зь імі не магло яго задаволіць. “Песьняры” відавочна ішлі на спад. Да таго ж, творчая воля Ўладзімера Мулявіна не дапускала ніякіх іншых цэнтраў прыцягненьня ўнутры калектыву. Аднак жа менавіта для “Песьняроў” Палівода напісаў вакальны цыкл на вершы Робэрта Бёрнза.

Зь “Песьняроў” ён пайшоў з палёгкай. Пачынаючы з 1987 г., ён працуе аранжавальнікам у Дзяржаўным канцэртным аркестры. Празь ягоныя рукі прайшло мноства песень, створаных мэтрамі эстрады. Многія з тых мэтраў — народныя артысты, буйныя дзеячы Саюзу кампазытараў, прафэсары Акадэміі музыкі — умеюць кампанаваць толькі мэлёдыю з прымітыўным акампанэмэнтам. Без аранжавальніка-“нэгра” гэтыя людзі як бяз рук. Тутака і прыдаліся ўменьні Ігара Паліводы, які на той час вучыўся на кампазытарскім аддзяленьні Кансэрваторыі ў клясе Смольскага. Ён працаваў афіцыйна і неафіцыйна — за жывыя даляры, часьцяком кпіў з прымітыўнасьці кампазытарскага мысьленьня нашых “зуброў”… Аднак рупліва спрыяў ім у стварэньні іхнае дзьмутае славы. Ён быў часткаю гэтай сыстэмы; але сыстэма ўпарта не хацела яму за гэта аддзячыць.

У гэты пэрыяд свайго жыцьця ён напісаў і агромністую колькасьць уласных твораў. Па-першае, песень на замову свайго кіраўніка Міхаіла Фінберга. Па-другое, акадэмічных твораў для фартэпіяна (іх добра выконваў Алег Крымер, які нядаўна зьехаў у Нямеччыну). Песьні Паліводы часта гучалі ў праграмах Дзяржаўнага канцэртнага аркестру, але шырокай папулярнасьці не набылі, бо ў іх не было ні кроплі папсовасьці. Яны былі заскладаныя і для выканаўцаў, і для публікі, і для конкурсных журы. Шчыра кажучы, яны ўвогуле ня мелі дачыненьня да постсавецкае эстрады і болей хіліліся да гэтак званага “трэцяга кірунку”. (Гэтым тэрмінам музыказнаўцы вызначаюць музычны стыль, сярэдні між клясыкай і эстрадай, часам з дамешкам джазу.) Музыка Паліводы шмат губляла ў выкананьні Канцэртнага аркестру. Кампазытару быў патрэбны камэрны аркестар альбо вытанчаны ансамбль салістаў…

Вось бы і ўвасобіць гэтую музыку ў належных ёй формах хаця б празь пяць гадоў па сьмерці артыста. Ды куды там! Нават старыя сябры — Раінчык, Фінберг з аркестрам — ня ўдзельнічалі ў філярманічнай імпрэзе. Спачатку мяне гэта моцна зьдзівіла, але потым я даведалася прычыну іхнае незгаворлівасьці. Вечарыну ладзіла Вольга Палівода — удава кампазытара. Рыхтуючы канцэрт, яна ні з кім ня раілася. Зрэшты, ніхто і ня стаў бы размаўляць зь ёй на гэткую тэму.

У музычных колах мяркуюць, што ейны шлюб зь Ігарам быў, так бы мовіць... крыху дзіўнаваты. У Ігара была аднапакаёўка ў Серабранцы, у Вольгі — на вуліцы Каліноўскага. Яны ніколі не жылі разам, а толькі ператэлефаноўваліся. Іншым часам Вольга завітвала на Ігараву кватэру, але звычайна толькі для таго, каб забраць у яго новаатрыманы ганарар ці выпіць разам зь ім чарку.

На думку Паліводы-бацькі, Ігар ня быў п’яніцам. Ён не запіваўся і ўвесь час рабіў. Працуючы ў Фінберга, ён быў загружаны па самыя вушы, заўжды скардзіўся на цайтнот. Палівода быў вельмі пунктуальным чалавекам. Гэта відаць нават у ягоных партытурах — надта ахайных, напісаных каліграфічным почыркам. Выпіваў ён толькі за кампанію, а найчасьцей разам з Вольгай. “Аднойчы Вольга мне затэлефанавала — маўляў, прыяжджайце, Ігару блага, — распавядае бацька. — Я ўзяў таксоўку і паляцеў. Калі я адчыніў дзьверы ў кватэру, абодва былі п’яныя”.

Алькаголь напэўна ня быў прычынаю заўчаснай Ігаравай сьмерці. Прычынаю была хвароба сэрца, якую выявілі толькі падчас паталягаанатамічнага дасьледаваньня. Гэта была міна запаволенага дзеяньня, пра якую ніхто нават не падазраваў. Аднойчы раніцой маладзюткая сваячка, якая гасьцявала ў Ігаравага бацькі, завітала на кватэру Ігара, каб занесьці яму нейкія пазычаныя ў яго касэты. Прыйшла і ўбачыла, што Ігару блага. Патэлефанавала Вользе, тая прыляцела на таксоўцы… Лекары з “хуткай дапамогі” зрабілі Ігару пару ўколаў, потым распачалі электрастымуляцыю сэрца. На той момант, калі прыехаў бацька, Ігара ўжо не было ў жывых.

Па ягонай сьмерці Вольга разгарнула шалёную актыўнасьць. Калісьці яна скончыла Інстытут культуры і працавала рэдактаркай на тэлебачаньні. У выніку чарговае рэарганізацыі яна падпала пад скарачэньне штатаў і цяперака нідзе не працуе. Ёй удалося адсудзіць Ігараву кватэру, у якой яна не была прапісаная і ніколі не жыла. Апошнім часам яна прадае Ігараў раяль. Гэтая жанчына здолела пасварыцца з усімі калегамі Паліводы — Фінбергам, Лучанком, Раінчыкам. У яе ніколі не было сяброўскіх сувязей у тым коле, дзе абарачаўся Ігар. Яна была там чужая і засталася такая нягледзячы на ўсе свае намаганьні прабіцца ў гэтае кола.

Менавіта таму вечарына не магла быць удалай.

Прыканцы канфэрансьерка зьбянтэжыла публіку навіной, што ў найбліжэйшы час будуць надрукаваныя Ігаравы дзёньнікі, якія “расплюшчаць нам вочы на музычнае жыцьцё 1980-х — пачатку 1990-х гадоў”. Я пагаварыла з бацькам Ігара Паліводы: ён гэтых нататак ніколі ня бачыў. Праверыць іхную аўтэнтычнасьць, лічыць ён, немагчыма, бо Ігар, пачынаючы з школьных гадоў, друкаваў свае тэксты на машынцы…

Творы ж Паліводы доўга яшчэ застануцца ў занядбаньні — пакуль вакол пануе стылістыка “Славянскага базару”. Сам Палівода і паспрыяў росквіту гэтай псэўдамузыкі. Адна надзея, што расплата за гэты грэх ня будзе доўжыцца бясконца.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0