З усёй краіны

 

Горад нялётчыкаў

Авіякампанія «Гомельавія» скараціла маршрут «Гомель—Менск—Горадня», адмяніўшы яго другую частку, бо вялікага попыту на білеты да Горадні не было. У сярэднім з Гомеля ў Менск лёталі 25—30 пасажыраў (Ан-24 разьлічаны на 48 месцаў). А зь Менску ў Горадню і назад — ня больш за тры пасажыры.

Затое адзін новы рэйс уводзяць: Менск—Магілёў.

 

12 тысяч сабак у год

Ліст пратэсту накіравалі ў Менгарвыканкам сталічныя арганізацыі па ахове жывёлаў. У лісьце выказанае абурэньне пазыцыяй мэра М.Паўлава, які прапанаваў «ачысьціць» сталіцу ад бадзяжных жывёлаў, каб бяздомныя сабакі ня грэліся «ў цэнтры Менску, як на Канарскіх астравах». Штогод у Менску забіваюць каля 12 тыс. адлоўленых жывёлаў. Пратэстаў, роўных леташнім бухарэсцкім, пакуль гэта ня выклікала.

 

Не фантан

Улады Рагачова зьвярнуліся да тутэйшага грамадзкага аб’яднаньня «Прадпрымальнік» з просьбай адрамантаваць гарадзкі фантан, бо самі ня маюць сродкаў на рамонт. На сходзе прадпрымальнікі вырашылі скласьціся й дапамагчы. Рамонт фантану абыдзецца ў мільён рублёў.

Back in the USSR

На конкурсе гарэлак у Бэльгіі добрай прызналі водку Клімавіцкага заводу. Праўда, назоў гатунку-пераможцы можа выклікаць трымценьне ня толькі ў бэльгійцаў, але і ў значнае часткі нашых грамадзянаў — «СССР». Другое месца (што азначае – абы-які) заняў бальсан з аўтэнтычным назовам «Клімавіцкі», нават не за якасьць, а за аздабленьне бутэлькі. У хуткім часе завод распачне вырабляць новы гатунак бальсану, аснову якога будуць складаць мёд ды ягады, і адчыніць дзьве новыя фірмовыя крамы ў Магілёве й Менску.

Паводле БелаПАН

Чарвіўка

Крычаўскае начальства вырашыла павялічыць даходы ў раённы бюджэт за кошт продажу насельніцтву няякасных алькагольных напояў. Забаранілі прадпрыемствам гандляваць на тэрыторыі раёну віном нетутэйшай вытворчасьці. Гэтую гандлёвую нішу павінна запоўніць гарачыцельная прадукцыя сьпіртзаводу “Чырванабудзкі”, які спэцыялізуецца на выпуску “спэцыфічных мацаваных вінаў”, ці, кажучы па-простаму, звычайнай “чарвіўкі”.

Рэкардсмэнка
зь Верамеек

Многія чэрыкаўцы адмаўляюцца плаціць за электрычнасьць — няма грошай. Запазычанасьці 50 і нават 80 тыс. рублёў тут — звычайная зьява. А рэкардсмэнка ў гэтай справе — жыхарка вёскі Верамейкі К.: 302 796 рублёў! Як у цэлага “суб’екта гаспадараньня”.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

Непраўдзівыя кумпячкі

Менскі бізнэсмэн даведаўся, што на Ашмянскай мытні танна прадаюць сканфіскаваныя курыныя кумпячкі. Прыехаў. Сустрэў чалавека. Пытаецца: хто тут прадае сканфіскаваны тавар? Я — кажа той. Дамовіліся. Тамтэйшы атрымаў 21,5 тыс. даляраў і адбыў у невядомым кірунку. Пакупнік назаўтра прыгнаў дзьве фуры, каб пакласьці тавар. Але ніхто не сустракаў яго з хлебам-сольлю й курынымі нагамі. Афэрыста шукаюць, але знойдуць, хіба, па гучным рогаце... А грошы, між іншым, былі пазычаныя.

Тацяна Скарынкіна, Смургоні

 

Тэрмінатар прызямліўся ў Астраўцы

Нядаўна апэратыўнікі з камітэту па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС і менскага СОБРу сумесна са сваімі смургонскімі калегамі ладзілі на Астравеччыне спэцапэрацыю. Яе мэтай было раскрыцьцё злачынстваў, выўяленьне крымінальнікаў, а таксама вывучэньне сытуацыі ў памежнай зоне.

У часе апэрацыі апэратыўнікі праверылі більярдную залю кінатэатру “Кастрычнік”, дзе сталіся сьведкамі расьпіцьця гарэлкі супрацоўнікамі Ашмянскай мытні. Адзін зь іх нэгатыўна выказаўся пра людзей у масках і адразу трапіў у дзяжурную частку Астравецкага РАУС, дзе на яго быў складзены пратакол за “расьпіцьцё” ў грамадзкім месцы. У кавярні “Вайга” быў затрыманы малады хлопец, які пры сабе меў нож. На станцыі Гудагай у жыхара Літвы К. знайшлі 80 грамаў амфэтаміну і 100 таблетак “Экстазі”, якія ён прывёз на Астравеччыну для продажу.

І яшчэ шмат чаго выявілі. Зараз хочуць зрабіць падобныя рэйды рэгулярнымі.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

 

Апошні пікет

23 траўня ў Полацку памёр Павал Бурдыка.

На сёлетнім Дні Волі, разьвітваючыся зь сябрамі пасьля акцыі, ён сумна зазначыў, што гэта, відаць, ягоны апошні пікет. Год таму ў Паўла Бурдыкі была выяўленая страшная хвароба. У Бараўлянах яму зрабілі апэрацыю, але надзеі на адужаньне не было.

Павал Бурдыка нарадзіўся 20 траўня 1927 г. пад Плешчаніцамі. Некаторыя свае юнацкія прыгоды ён апісаў сёлета ў “НН”. Ён скончыў Полацкі пэдінстытут, выкладаў у полацкіх школах і мэдвучэльні. Быў перакананым антыкамуністам, нацыянальным дэмакратам. Калі я ўпершыню пачуў ягоны выступ на мітынгу ў Наваполацку, шчыра зьдзівіўся: чалавек такога сталага веку, і мае такую шырыню поглядаў. У сярэдзіне 90-х Павал Бурдыка уступіў у сацыял-дэмакратычную грамаду Шушкевіча, паважаў гэтага палітыка. Быў сябрам полацкай грэка-каталіцкай суполкі.

26 траўня Паўла Бурдыку пахавалі на могілках у вёсцы Булаўкі на Полаччыне. Хавалі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Перад сьмерцю ён неаднойчы нагадваў крэўным і сябрам, каб надпіс на помніку зрабілі ў роднай мове.

Васіль Кроква

Спартовы тыдзень

Градабоеў перамог

Учора адбыўся фінал Кубку Беларусі па футболе.

 

Мазырская “Славія” й бабруйская “Белшына” змарнавалі два таймы на бязмэтавае гойсаньне па полі. Судзьдзі, пачухаўшы патыліцу, вырашылі, што пілаваць кубак на дзьве роўныя часткі будзе больш складана, чым даць дадатковы час. І “залаты мяч” не прымусіў доўга сябе чакаць. Аўтарам адзінага за ўсю гульню голу стаўся Эдуард Градабоеў зь “Белшыны”. Кубак Беларусі паедзе ў Бабруйск.

В.

Пацярпелыя за Беларусь

21 траўня ў Менску судзілі Вiктара Жэрбiна (БНФ) за ўдзел у акцыi «Апошнi дыягназ». Далі 10 сутак. 24 траўня ў Горадні адбыўся суд па справе Вадзіма Саранчукова (Малады Фронт), затрыманага 1 траўня. Хлопцу далі 150 мін. заробкаў штрафу. Лідэра “Моладзі АГП” Алеся Карніенку, Андрэя Ш. і Насту Ч. затрымалі ў Менску падчас раздачы ўлётак з заклікам глядзець «самае аб’ектыўнае» БТ, дзе заўсёды «толькі адзін герой дня”. Гэты самы герой у выглядзе тэлепузіка фігураваў на ўлётках.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0