Раманюкова Вільня

У віленскай галерэі “Аrkа”, што ля Базылянскіх муроў, адбываецца вялікая выстава “Маладыя літоўскія фатографы сёньня”. Не абышлося на ёй і бязь віленскіх беларусаў.

У экспазыцыі прадстаўленыя творы 36 фатографаў з пакаленьня, якое ўвайшло ў жыцьцё тады, калі Літва здабыла незалежнасьць. На выставе суседзяць да драбносткаў адпаліраваныя, з прысмакам рэклямнае часопіснасьці, фота Раймундаса Швілпы й Гэедымінаса Сьвітоюса й здымкі Ціханавічуса й Ільчукаса, якія інакш як “панкаўскімі” не назавеш.

На адкрыцьці выставы славуты літоўскі фатограф Антанас Суткус вылучыў творчасьць Дзяніса Раманюка: “Здымкі Раманюка - самыя значныя творы фатаграфічнага мастацтва, якія мне давялося бачыць у Літве за апошнія 10 год”, — сказаў Суткус. Дазнаўшыся, што Дзяніс - грамадзянін Беларусі, сп.Суткус паабяцаў абавязкова прыняць яго ў Саюз фатографаў Літвы ганаровым сябрам.

Па глыбіні сьветапогляду, густоўнасьці ў выбары аб’ектаў ды іхнага антуражу Раманюк далёка апярэдзіў сваіх раўналеткаў. У экспазыцыі прадстаўленыя ягоныя здымкі зь нізак “Зарэчча” і “Мая вуліца”, зробленыя яшчэ ў 1999 г. Гэта нізкі жанравых і пабытовых фатазацемак, зробленых у “нетурыстычных” віленскіх закутках, партрэтаў віленчукоў... Мастак пасьпеў зафіксаваць той злом эпохаў, які не заўважылі іншыя ягоныя калегі. Дзяніса Раманюка, які жыве ў Вільні з 1992 г., параўноўваюць з Янам Булгакам - клясычным віленскім фатографам пачатку ХХ ст.

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0