Сяргей Дубавец

«Наша Ніва»: 10 гадоў язды

 

Дзесяць гадоў язды — чыста нашаніўскі выраз. Бо «Наша Ніва» — гэта не газэта. Гэта язда. Туды-сюды, туды-сюды. Зь Менску ў Вільню. З полюсу да полюсу і назад. Калі нацыя — гэта плянэта, у яе павінны быць два полюсы. Як Варшава і Кракаў, Кіеў і Львоў, Масква й Пецярбург. Вільня й Менск. Ня Ўсход-Захад, а Поўнач-Поўдзень. Куды цякуць усе нашыя рэкі — да мора паўночнага і да мора паўднёвага. І кожны з нас — плянэта са сваім унутраным жыцьцём або астэроід — без жыцьця, але ўсё адно з полюсамі. У Вільні зародак усяго, што мы завем беларускім — духу, культуры і газэты «Наша Ніва». На дзесяцігодзьдзе ад выхаду першага нумару адноўленае віленскае і менскае газэты самы час сказаць колькі словаў пра гэтую язду, пра полюсы нацыі, між якімі сноўдаюць усе, хто шукае Беларусь або спрычыняецца да яе стварэньня.

Беларусы разам з адчужэньнем Вільні перажылі адчужэньне ўласнае нацыянальнае памяці. Вільня ня стала для нас, для ўсяго народу, вялікай супольнай Ідэяй, і ніякая іншая ідэя яе не замяніла. Хіба што якія два-тры дзясяткі гуманітарыяў наяжджалі сюды паасобку, каб за дзень-другі накапіяваць старых дакумэнтаў, безь якіх спазнаньне беларускай гісторыі і культуры папросту немагчымае. Так пачалася язда. Зь Менску ў Вільню, зь Вільні ў Менск. Захопленыя ідэяй аднаўленьня «Нашай Нівы», мы таксама не заўважылі, як ператварыліся ў прафэсійных ездакоў. Язда стала працай і хобі, чыннасьцю і станам душы. 10 гадоў язды...

Да тэхнічных паездак з рэдакцыі ў друкарню, зь месца працы ў месца падзеяў можна дадаць рэдакцыйныя экспэдыцыі па беларускіх рэках або паездкі па забытых адрасах нашай культуры. Адбывалася таксама і наша супольнае падарожжа ў часе. Нагадаю, што пачала «Наша Ніва» выходзіць яшчэ ў Савецкім Саюзе і так ці інакш адлюстравала ўсё, што адбылося з нашым народам за гэтыя дзесяць гадоў. Таксама ж своеасаблівая язда.

Рухаючыся ў часе, мы разам з газэтай пераадольвалі і ўсе зьмены сацыяльнага ляндшафту. За гэты пэрыяд радыкальна зьмянілася ўяўленьне пра грошы, пра вартасьць чалавечага жыцьця, пра калектывізм і сыстэмы каштоўнасьцяў. Натуральна, ва ўсім гэтым мелі мы і набыткі і страты, і разам із спазнаньнем новага жыцьця і свайго зьмененага народу, спазнавалі й сябе, і тыя канстанты, якімі паступацца ня можна ні пры якіх абставінах. Інакш кажучы, ёсьць язда, а ёсьць стаяньне і нязрушнасьць. Ёсьць рэчы, якія не зьмяняюцца. Бяз гэтага ніякі грамадзкі і культурны праект ня мае шанцаў выжыць. Для нас гэта была мова.

Вяртаючыся да тэмы двух полюсаў нацыі, мушу зрабіць удакладненьне. Сапраўды, ня ўсе краіны маюць дзьве сталіцы. Да прыкладу, латышам, французам ці чэхам хапае аднаго цэнтру. У чым тут прычына? Падказку дае эстонскі прыклад, дзе ёсьць Талін і Тарту. Тарту - горад, які найперш асацыюецца з унівэрсытэтам і ў гэтым сэнсе адрозны ад Таліна. Аналёгіі можна працягваць прыкладамі Кракава, Львова, Санкт-Пецярбургу, а ўрэшце той самай Вільні. Калі ж адміністрацыйная сталіца сама - унівэрсытэцкі цэнтар, тады хапае аднаго гораду. Прага, Парыж, Рыга.

Якім чынам у такіх раскладах выглядае беларуская сытуацыя?

Менск вельмі актыўна пачалі рабіць унівэрсытэцкім горадам у 20-я гады мінулага стагодзьдзя. БДУ і палітэх, пэдагагічны і наргас — вышэйшых школаў у горадзе процьма. Але вобразу ўнівэрсытэцкага цэнтру няма. Менск — цэнтар шарыкаў і падшыпнікаў, Партызанскі праспэкт і МАЗ, парашковая мэталюргія - гэта перадусім. Гуманітарная навука ў Менску заўсёды была ў загоне, заўсёды ставала ахвярай палітычнага перасьледу і русыфікацыі. Словам, грала не ўласьцівую навуцы ролю. Нашы гуманітарыі-акадэмікі былі або недавучкамі, або ідэолягамі-прапагандыстамі. Нашы акадэмічныя выданьні ніколі не былі поўнымі і ў поўным сэнсе слова акадэмічнымі. А сёньня і тое, што было хоць крыху прафэсійным, перажывае развал. Варта згадаць Беларускую энцыкляпэдыю, якая з кожным новым томам губляе неабходны акадэмізм. Няма школы. Нешта іншае заўсёды было важнейшым за навуковасьць нашай гуманітарнай навукі. То партыйныя пастановы, то цемрашальскія амбіцыі ўзьнесеных у акадэмічныя крэслы чвэрцьінтэлігентаў, то грошы.

Вось чаму мы езьдзім. Мы езьдзім у Вільню. Другі полюс, які ў марах... Унівэрсытэцкі цэнтар краю. Верагодна некалі гэтым бітым шляхам пацягнецца і ўся нашая нацыя. Іншага шляху ў яе няма.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0