Агляд рэдакцыйнай пошты

Газэта “Наша Ніва” была заснаваная 95 гадоў таму. А з моманту яе аднаўленьня ў траўні 1991-га – 10 гадоў. Дзесяцігодка гаспадараньня, дзесяцігодка язды, дзесяцігодка шкаленьня.

“Наша Ніва” робіцца на інстынкце самазьберажэньня, які захаваўся ў нацыі. Беларусам патрэбная такая газэта – бяз кроплі канфармізму, без мазалёў, нацёртых ярмом, арыентаваная толькі на адвечныя нацыянальныя прынцыпы, кіраваная ідэаламі яе супрацоўнікаў, інтуіцыямі рэдактараў. Незалежная да бескампраміснасьці, крытычная да вастрыні – асабліва на фоне некрытычнасьці бальшыні белмоўных мэдыяў. Таму газэта выжывае ў немагчымых, здавалася б, умовах.

Супрацоўнікі “НН” адчуваюць няёмкасьць ад панэгірыкаў, якімі поўніцца гэты нумар. Мы не глядзім на сваю работу як на нейкую “місію” ці “сьвяты абавязак”. Гэта звычайная чорная праца, не цяжэйшая за клопат настаўніка або селяніна. Аднак і не лягчэйшая, улічваючы, што калектыў маленькі. Мы проста любім сваю газэту, як старая пара любіць свой садок або багатыя гаспадары – свой заводзік. Мы жывем у “НН”. Кожны з нас кажа “гэта мая газэта” гэтаксама натуральна, як і “гэта мая краіна”, “гэта мая машына” або “гэта мой дом”.

Такой газэты, як “НН”, не магло б быць ані ў Расеі, ані ў Польшчы, ані ва Ўкраіне, ані ў Літве, ані дзе далей. Яна непаўторная. За гэта мы й молімся на яе.

З нагоды юбілею – агляд рэдакцыйнай пошты за юбілейны тыдзень, той, што ня трапіла на палосы.

У нумары ад 2 траўня на першай старонцы кінуўся ў вочы загаловак “Гуртам бацькі не паб’еш”, – піша Мікола Бусел з Дубровы, што пад Сьветлагорскам. — Я катэгарычна не прымаю Вашага атаесамленьня Лукашэнкі з бацькам. Бацька — гэта надзейная апора, разумны дарадца, абарона й падтрымка. Лукашэнка ў дачыненьні да беларускага народу паводзіць сябе як разбуральнік, што не стасуецца з функцыяй бацькі.

Наконт “гурту”: магу толькі дзівіцца. Пасьля столькіх клятваў пра адзінства, пасьля праведнага гневу да раскольніка Статкевіча, пасьля абяцаньня не наступаць на тыя самыя граблі, дзьмуць на ваду, апёкшыся на малацэ, звычайная спакуса незаваяванай яшчэ ўладай дашчэнту разьнесла апазыцыянэраў. Іхны плян заганны. Чым болей “гуртоўцаў”, тым большая энтрапія. Энтрапія ў галовах мілітантаў ды выбарцаў. Мяне пытаюць: “Калі не Лука, дык хто?”. Я і сам пытаю тое самае. На адным адмаўленьні доўга ня выцягнеш, а часу бракуе...

Так жыць далей ніяк няможна. А як жыць?”

Ёсьць унівэрсальныя адказы на пытаньне “чым жыць?” – культурай, працай, хараством побыту, зарабляньнем грошай. Выбарамі не сканчаецца жыцьцё, наадварот — пасьля іх у любым разе дыхаць у краіне стане лягчэй. Аднак вядома ж, палітычныя тэмы, верасьнёўскія выбары, вызначэньне дэмакратычнага кандыдата зараз хвалююць людзей найбольш.

Міколава неразуменьне, чаму марудзяць з вызначэньнем адзінага кандыдата, нібы падслухаў Леанід Гаравы, старшыня Гарадоцкай арганізацыі Народнай Грамады, у якога некалі гасьцявалі нашаніўцы.

Гэта было падчас экспэдыцыі на Гарадоччыну, адзін з самы бязьлюдных куткоў Беларусі. Леанід піша: “Паўгоду прыхільнікі дэмакратычных рэформаў у Беларусі чакаюць вылучэньня адзінага кандыдата ад КРДС. За гэты час тройка прэтэндэнтаў ператварылася ў пяцёрку, дзе кожны хоча зьбіраць подпісы ў сваю падтрымку і рэгістравацца. Пры гэтым фальшыва гучаць галасы аб магчымай згодзе пасьля рэгістрацыі. Фактычна, з прыняцьцем такога рашэньня зьнікаюць шанцы на перамогу. Кожны прэтэндэнт задаволіць толькі інтарэсы сваіх прыхільнікаў, а ўсю Беларусь будзе чакаць параза, бо немагчыма будзе аб’яднацца вакол самага слабога кандыдата, якога пакіне кішэнны ЦВК.

Толькі на пазамінулым тыдні пачала высьпяваць думка аб неабходнасьці вызначыцца з адзіным кандыдатам. Хопіць ужо гуляць у кааліцыі без амуніцыі! Трэба даць пяцёрцы апошні шанец вызначыцца з адзіным да канца тыдня, і пасьля няхай КРДС скажа рашучае “Так!” адзінаму кандыдату. А тады няхай раскольнікі далей доўжаць свой палітычны бізнэс”.

Калі б КРДС была адзіным цэнтрам уплыву ў апазыцыйнай грамадзе, яна, відаць, даўно гэтак зрабіла б. Грамадзтва, на жаль, ня мае маральных аўтарытэтаў, якія б выявілі й падтрымалі найбольш вартага даверу кандыдата. Нездарма Быкава выжылі на чужыну...

Сп.Гаравы выказваецца таксама з нагоды сытуацыі ў сваёй партыі і зьезду БСДГ-НГ, які якраз прайшоў учора за зачыненымі дзьвярыма. “Найбольш фальшыва гучаць галасы прыхільнікаў Статкевіча, — мяркуе ён. — Яны адназначна і неаднаразова дэманстравалі мэту сваіх намаганьняў: не дапусьціць вылучэньня адзінага кандыдата ад аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі пад кіраўніцтвам КРДС. Прыхільнікі Статкевіча вядуць гаворку пра кандыдата ад шырокай кааліцыі, але адначасова пры гэтым выключаюць уплыў на гэтую кааліцыю з боку КРДС. Цяпер актывісты бальшавікоў з БСДП вядуць агітацыю за Ганчарыка і ні пры якіх умовах не падтрымаюць іншага адзінага кандыдата пасьля рэгістрацыі. Групоўка Статкевіча ўзяла курс на раскол аб’яднанай апазыцыі і дасягнула значных посьпехаў у сваёй справе.

Праўда, не садзейнічае дэмакратычнаму адзінству і пэўная гегемонія БНФ з усімі яе наступствамі ў Асамблеі НДА.

Разам з адмовай падпарадкоўвацца рашэньням КРДС у Народнай Грамадзе сталі ўсталёўвацца бальшавіцкія мэтады кіраваньня. Спадары Малашка, Нісьцюк, выкарыстоўваючы перавагу ў 1-4 галасы на пасяджэньнях Выканкаму і ЦК БСДП, пачалі плянамернае вынішчэньне іншадумства ў партыі. Спачатку ініцыявалі крызыс у Магілёве, замяніўшы старых лідэраў прыхільнікамі Статкевіча. Потым пачала ажыцьцяўляцца ідэя выключэньня з партыі лідэра фракцыі “За адзінства” Аляксея Караля. Урэшце, пачалі вэрбаваць прыхільнікаў “Очищения” і іншых маргіналаў, як у Горадні.

На жаль, сярод аб’яднанай апазыцыі яшчэ не асэнсаваны да канца “сцэнар паразы” на прэзыдэнцкіх выбарах, агучаны раскольнікамі, а таксама ня зробленыя належныя высновы зь мінулых памылак”.

На тым тыдні мы чамусьці асабліва вялікую пошту атрымалі зь Віцебшчыны — найбольш і анкетаў “Апытаньня “НН”, і прыватных абвестак, для якіх, на жаль, у юбілейным нумары не засталося месца, і проста лістоў.

Вось што піша Мікола Тарасевіч зь Бешанковічаў: “Між сябрамі правялі апытаньне па Вашай анкеце. Думкі падзяліліся. Раней мы зьбіраліся галасаваць за Домаша, аднак пасьля таго як ён разам з камуністамі выказаўся за саюз з Расеяй, мы за яго галасаваць ня будзем. Большасьць у нас — за Зянона, адзін чалавек за Шушкевіча (ён за яго галасаваў і ў 1994-м). А мой бацька (яму 76 год) кажа, што трэба абіраць маладых. Пазалетась у нас у раёне быў сп.Сіўчык з БНФ, ён тату вельмі спадабаўся. А ня так даўно Сіўчык выступіў супраць “Саюзу”. Таму бацька прагаласаваў бы за яго.

Вашу газэту ў Бешанковічах набыць практычна немагчыма, і нам яе прывозяць зь Віцебску”.

Дык падпісвайцеся! Мы таксама папросім “Белсаюздрук” даваць болей асобнікаў на Бешанковічы, але й Вы б там ня спалі ў шапку — самі б ім замовілі.

«Домаш зраднік! — ускліквае Анатоль Каралёў зь Віцебску. — Ён хоча, каб Беларусь стала часткай Расеі. Мы не павінны абіраць яшчэ аднаго камуніста. Хопіць!» — піша ён.

Домаш — ня здрайца, а практычны палітык. Ён пакуль ня мае дасьведчаных дарадцаў, вобразатворцаў, а дзейнічае навобмацак. Як і іншыя кандыдаты антылукашэнкаўскага блёку. Нашаніўцы зважаюць ня столькі на лёзунгі, пад якімі ідзе на выбары кандыдат, колькі на тое, якія сілы стаяць за ім і вядуць яго да перамогі. Калі Домаша, ці Казлоўскага, ці NN (ня блытаць з “НН”) прывядзе да ўлады незалежніцкая правіца, гэта будзе многа значыць. Іншая рэч — здольнасьць кандыдата добра кіраваць дзяржавай пасьля перамогі. Каб не атрымалася, як ува Ўкраіне з нацыянал-камуністамі ці ў Грузіі з Гамсахурдыям. Мала перамагчы, трэ будзе дабіцца грамадзкага кампрамісу і эканамічнага поступу ў моўна, культурна, ідэалягічна й рэлігійна расколатай Беларусі, зьненавідна залежнай ад гандлю з Расеяй. Кампраміс будзе вымагаць саступак усіх бакоў. Трэ будзе пабудаваць таксама здаровыя адносіны з Расеяй, але й бяз дрэнных кампрамісаў у прынцыповых пытаньнях. Стасункі, якіх дабілася, напрыклад, Літва.

Некаторых чытачоў “НН” раздражняе, як кандыдаты антылукашэнкаўскага блёку у лісьце гаворка пра Домаша — “лезуць у палітыку”. “Палітыка ўсіх дастала, як і палітык нумар адзін, — дзеліцца сваімі назіраньнямі Цімур Варанцоў зь Берасьця.Цікавіць жа эканоміка, дабрабыт, якасьць жыцьця і культуры. Антыкамунізм — змаганьне зь ветракамі. Камунізм застаўся ў гісторыі. Пакінуўшы ў спадчыну цынізм, назадніцтва, прыстасаванства, кланавасьць, непавагу да ўласнасьці. У адрозьненьне ад суседніх краінаў, у Беларусі нават кампартыі існуюць пераважна на паперы”.

Усё ж палітыка ня ўсім стаіць упоперак горла, ёсьць і неабыякавыя да яе людзі. Вось пісьмо менчука Валянціна Мацкевіча:

Падпісаўшы зварот ад 25 красавіка, апазыцыйныя кандыдаты парушылі Акт незалежнасьці Беларусі ад 29 ліпеня 2000 г. і рашэньні 1-га і 2-га Кангрэсаў Дэмакратычных Сілаў. Яны сталі ў адзіны шэраг з парушальнікамі Канстытуцыі Беларусі і тым самым паставілі сябе па-за апазыцыяй.

Як вядома, Акт незалежнасьці Беларусі і рэзалюцыі 2-га Кангрэсу Дэмсілаў называлі незалежнасьць Беларусі найвялікшай каштоўнасьцю, заваяванай многімі пакаленьнямі змагароў. Усе дамовы аб стварэньні г.зв. “супольнасьці”, потым “саюзу” і, нарэшце, “саюзнай дзяржавы”, падпісаныя Лукашэнкам, відавочна супярэчаць Канстытуцыі, бо ў вялікай ступені абмяжоўваюць сувэрэнітэт беларускай дзяржавы. З гэтых прычын яны дасёньня зьяўляюцца юрыдычна нікчэмнымі, не адпавядаюць міжнароднаму праву, што здолелі даказаць у міжнародных арганізацыях апазыцыйныя дэмакратычныя сілы Беларусі і за што, магчыма, і паклалі жыцьці Карпенка, Ганчар, Захаранка.

Аднак прэтэндэнты на прэзыдэнцкую пасаду падпісваюць сумесную заяву, у якой (ад імя апазыцыі!? і Вярхоўнага Савету!?) фактычна прызнаюць законнасьць стварэньня г.зв. “саюзу Расеі і Беларусі”.

Большую шкоду цяжка ўявіць!

Хіба ў “саюзе” магчымае “эфэктыўнае выкарыстаньне геапалітычнага становішча Беларусі”, “стварэньне спрыяльных умоваў для інвэстыцыяў”, а таму й “рэальнае паляпшэньне дабрабыту” і “забесьпячэньне не на словах, а на справе правоў і свабодаў грамадзянаў”? Апошнія пяць гадоў “інтэграцыі” паказалі, што ўсё гэта Беларусь толькі губляе”.

Сп.Мацкевіч мяркуе, што:

Каардынацыйнай Радзе Дэмсілаў трэба хутка і рашуча:

— аб’явіць аб ануляваньні ўсіх папярэдніх перамоваў і дамоўленасьцяў аб падтрымцы М.Чыгіра, С.Домаша, У.Ганчарыка і П.Казлоўскага і аб’явіць гэтых асобаў па-за аб’яднанай апазыцыяй;

— растлумачыць, што аб’яднаная апазыцыя ніколі не прызнавала і не прызнае легітымнасьці ўтварэньня “саюзу Расеі і Беларусі”;

— распачаць унутраны разбор гэтага надзвычайнага здарэньня і фактычнай палітычнай здрады;

— склікаць трэці Кангрэс Дэмакратычных Сілаў для зацьвярджэньня гэтых рашэньняў.

Асабіста я патрабую адказнасьці!” – гэтак сканчае ён свой ліст.

Калі гаворка не ідзе пра прэзыдэнцкія выбары непасрэдна, найбольш людзям непрыемныя ў сёньняшняй Беларусі праявы фальшу і грубай прапаганды.

Ліст Тацяны Дзямковіч зь Віцебску:

4—5 траўня ў Віцебску адбыўся ІХ фэстываль беларускай журналістыкі “Залатое пяро”. Прадстаўнікі дзяржаўных СМІ супольнымі высілкамі стваралі бачнасьць сьвята, некаторыя зь іх нават намагаліся размаўляць па-беларуску. Вольныя беларускія выданьні на гэтым фэстывалі нават ня згадваліся.

Пасьля традыцыйных прамоваў і раздачы ўзнагародаў прадстаўнікам БСЖ на плошчы Свабоды разгарнуліся народныя гуляньні ў стылі “Славянскага базару”.

А Зьміцер Аляшкевіч з Горадні паведамляе нам, як улады ў Горадні забясьпечваюць масоўку сваіх мітынгаў. “Пасьля таго як 1 траўня на пляц Леніна выйшла ўсяго сотня-другая людзей, што не ідзе ні ў якае параўнаньне з акцыямі апазыцыі, улады вырашылі націснуць на студэнтаў. Напярэдадні г.зв. дня “дзяржаўнай сымболікі” нам.дэкана факультэту гісторыі й культуры Гарадзенскага ўнівэрсытэту Віктар Белазаровіч і выкладчык Генадзь Крывашчокаў абышлі ўсіх студэнтаў і “запрасілі” на мітынг 13 траўня, намякнуўшы й пра інтэрнат, і пра тое, што Крывашчокаў будзе весьці заняткі, “а они тяжё-ёлые”.

Эх, Крывашчокаў, Крывашчокаў...

С.Давыдзька, Н.Мацкоўская, В.Сінькевіч ды інш. (усяго 9 подпісаў) даслалі і ў “НН”, а ня толькі ў Міністэрства культуры, ліст у абарону музэю “Беларуская хатка”. “Мы ўсхваляваныя лёсам музэю. Максім Багдановіч – гонар беларускае нацыі. Калі дазволіце загінуць гэтаму апошняму прытулку паэта ў Беларусі, ці варты мы звацца народам?

Замнога спадзяваньняў ускладаеце на газэту. “Наша Ніва” мала можа зрабіць. Вярхі беларускага грамадзтва – як уладныя, так і апазыцыйныя – зрусіфікаваныя настолькі, што няшмат нам разгону. Хоць беларусізацыя паціху сунецца наперад, культурнасьць ня хутка прыжываецца, і клопат пра нацыянальныя інтарэсы таксама. Гэта справа доўгіх гадоў.

Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0