Стралялі ў Домаша

Утварылася варонка глыбінёю 6 і дыямэтрам 17 сантымэтраў

Інфармацыя пра “тэракт” ля расейскай амбасады пратачылася ў СМІ якраз перад прылётам Пуціна ў Менск на рэгіянальны саміт.

 

Афіцыйная вэрсія – хтосьці зашпурнуў гранату на панадворак былога генэральскага палацыка на рагу Камуністычнай і Старавіленскай, які з пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя аддалі пад расейскае пасольства. У выніку выбуху ці двух – у “паказаньнях” сілавых структураў і афіцыёзных СМІ няма поўнае еднасьці па гэтым пытаньні – на газоне ўтварылася “варонка” глыбінёю 6 і дыямэтрам спачатку 17, а пасьля 30 см (і тут няма згоды між таварышамі). Міністар унутраных справаў Навумаў канстатаваў таксама наяўнасьць лёгкіх пашкоджаньняў фасаду будынку і плоту. Аднак БТ, ласае да смажаных фактаў і здымкаў схаванай камэрай, чамусьці “варонкі” й “пашкоджаньняў” не паказала. Дый замест нібыта знойдзеных аскепкаў РГД-5 тэлегледачы пабачылі толькі яе кампутарны малюнак.

Гэтыя супярэчлівыя падрабязнасьці дазваляюць моцна засумнявацца ў тым, ці сапраўды гранату перакінулі цераз плот і ці паўнавартасны зарад быў у ёй закладзены.

Боегатоўнасьць беларускіх гранатаў была моцна падарваная за гады “ўмацаваньня нашага абароннага патэнцыялу”, у гэтым ніхто не сумняецца, але каб наступствы выбуху (ці двух?) былі настолькі мізэрныя... Мо ў рэчаіснасьці не гранату кінулі з-за плоту ў прысутнасьці групы міліцыянтаў, а нешта проста выпала з пасольскага акна? Сьледзтва, спадзяемся, дасьць адказ – але, напэўна, толькі пасьля паразы Лукашэнкі на выбарах.

“Тэракт” быў выкарыстаны афіцыйным Менскам напоўніцу. БТ прыпляло да выбуху Севярынца, а “Белорусская Деловая Газета” – беларускую апазыцыю, супраць якой “ніякіх актыўных дзеяньняў улады пакуль не прадпрымаюць”. І тыя, і другія далі слова Замяталіну ды прэс-сакратару КДБ Котаву, але не самой апазыцыі.

Анатоль Лябедзька ў інтэрвію Радыё Свабода адназначна заявіў, што «ніткі гэтай правакацыі цягнуцца ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі».

Гэтае меркаваньне лідэра лібэралаў выглядае больш праўдападобна, чым вэрсіі ўладаў пра палітычную правакацыю “праварадыкалаў”, агучаную “БДГ” і БТ. Cьпявак Зьміцер Бартосік лічыць: «У кожнага свой маштаб: Гітлер падпаліў райхстаг, гэты кінуў выбухпакет у расейскую амбасаду».

Згадаем, як напярэдадні перавыбараў Ельцына ў Маскве выбухалі тралейбусы і электрычкі мэтро, а ў Чачэніі ішла вайна; перад абраньнем Пуціна ў Маскве выбухалі шматпавярховікі, у Чачэніі ішла другая вайна; наконадні перавыбараў Кучмы бомбу заклалі на сустрэчы Натальлі Вітрэнкі з выбарцамі, каб абвінаваціць у гэтым лідэра апазыцыі Мароза. Далібог, даць загад шпурнуць такое бяскрыўднае выбуховае прыстасаваньне, як у расейскай амбасадзе, мог толькі сапраўдны чалавекалюбец.

Валерка Булгакаў, галоўны рэдактар часопісу “Arche”, пракамэнтаваў падзеі вакол расейскае амбасады гэтак: “Заканамерна, што Менск за 90-я зрабіўся горадам, дзе нешта адбываецца”.

Сапраўды, сусьветная служба тэлеканалу BBC у чацьвер дала рэпартаж зь Менску ў 11.10, адначасова з НТВ і нават раней за некаторыя беларускія інфармагенцтвы. У чацьвер BBC толькі канстатавала спробу “падарваць расейскую амбасаду напярэдадні прыезду прэзыдэнта Пуціна ў Менск на рэгіянальны саміт”, а ў пятніцу яна зазначыла, што спробу тэракту прыпісваюць “беларускім незалежнікам”.

Хто б ні былі аўтары тэракту, пад прыезд у Менск сотні замежных карэспандэнтаў яны падгадалі дык падгадалі.

Скандал вакол тэракту скіраваны супраць Сямёна Домаша, верагоднага кандыдата ад дэмакратычнага адзінства. Менавіта на ўмацаваньне ў масавай сьвядомасьці нэгатыўнага вобразу палітычных сілаў, якія стаяць за Домашам, працавала БТ увечары ў чацьвер. І адбылося гэта акурат у момант, калі папулярнасьць гэтых сілаў пачала расьці. Як першае абвінавачаньне, высунутае супраць Чыгіра, не было апошнім, гэтак і адной атакай на Домаша справа таксама наўрад ці абыдзецца. Калі б у дэмакратычных сілаў была свая контраразьведка, ёй варта было б папярэджваць будучыя “наезды”.

Мікола


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0