Славамір Адамовіч: “Ёсьць людзі…”

“НН”: Славаміру, Вы добра ведаеце асяродзьдзе беларускіх радыкалаў, Вы для іх – культавы паэт. Як па-Вашаму, ці можа за “атакай на расейскае пасольства” стаяць адна з падпольных незалежніцкіх груповак?

Славамір Адамовіч: Незалежныя СМІ трактуюць выбух як правакацыю з боку ўладаў. Фармальна, такога разьвіцьця падзеяў выключаць нельга. Бо адбылося гэта ў цэнтры гораду, сярод трох амбасадаў. Каля кожнай – ахова, відэакамэры, тутсама апорны пункт міліцыі. Каб зьдзейсьніць такую акцыю, трэба мець немалую сьмеласьць або ведаць напэўна, што табе нічога не пагражае.

З гэтага пункту гледжаньня правакацыя ўладаў магчымая, бо вельмі ж ужо месца небясьпечнае — каб рабіў гэта нехта іншы. І гэта, бадай, адзінае пацьверджаньне таго, што тэракт мог быць інсцэнаваны ўладамі, каб падставіць апазыцыю напярэдадні выбараў, разгарнуць палітычныя рэпрэсіі.

Але, калі згадаць, колькі з 94-га было праведзена гэткіх акцыяў: падрывы газаправодаў, адказнасьць за якія брала на сябе Беларускае Вызвольнае Войска, падрыў суду Савецкага раёну Менску, закладка супрацьтанкавай міны ў гатэлі “Менск” у 1995-м, абстрэл расейскай амбасады ў 97-м... Ва ўсіх гэтых выпадках інфармацыя была мінімальная, а сьледзтва скончылася нічым. Выканаўцы не былі знойдзеныя. Таму нельга выключаць, што за гэтым выбухам магла стаяць нейкая беларуская радыкальная арганізацыя.

“НН”: Беларускія радыкальныя групоўкі разумеюць, што кожнае іх дзеяньне адбіваецца на аўтарытэце ўсіх дэмакратычных сілаў? Яны адчуваюць нейкую адказнасьць перад незалежным беларускім грамадзтвам? Ці мае для іх значэньне, хто выйграе гэтыя прэзыдэнцкія выбары – Домаш, Пазьняк ці Лукашэнка?

С.А.: Ня ў прыклад “дэмакратычнай апазыцыі” гэтыя людзі адчуваюць адказнасьць і маюць разуменьне, што трэба рабіць справу. Адказнасьць гэтую мала адчуваюць сёньняшняя афіцыйная палітычная апазыцыя і кандыдаты “пяцёркі”. Да магчымых выбараў засталося тры месяцы, але ніводзін кандыдат не сказаў, што дакладна ён будзе рабіць дзеля захаваньня незалежнасьці Беларусі. Трэба разумець, што растуць новыя пакаленьні, якія на грунце імкненьня нацыі да дзяржаўнай незалежнасьці будуць бунтаваць тыя пасьянсы, якія раскладаюць сёньняшнія нашыя палітыкі.

“НН”: Ці зьбіраюцца радыкальныя сілы вылучыць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах або падтрымаюць нейкую з ужо вылучаных?

С.А.: Яны безумоўна падтрымалі б, каб такая асоба была. Сам я схіляюся да кандыдатуры Пазьняка. Размовы пра яго ў радыкальных колах ідуць, мяркуецца, што ён яшчэ можа сказаць сваё слова.

“НН”: Пры якіх умовах ён можа сказаць сваё слова?

С.А.: Безумоўна, вяртаньне. Вярнуўшыся, ён мог бы сабраць усю гэтую разьяднаную апазыцыю.

“НН”: Ці істотны ўплыў беларускіх спэцслужбаў на сяброў радыкальных груповак? Ці ведаеце Вы ў іх людзей залежных ад спэцслужбаў, маніпуляваных імі?

С.А.: Ёсьць людзі. Яны заўважныя нават сярод кіраўнікоў. Але… Калі пачнем гаварыць пра спэцслужбы, прыйдзем да таго, што лепш нічога не рабіць, бо куды ні рыпніся – усюды яны, і застаецца толькі хадзіць ды аглядацца, хто завэрбаваны, а хто не.

Гутарыў Мікола


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0