У сьвеце

 

ПРАмаруджваньне

з разбудовай амэрыканскай проціракетнай абароны шкодзіць нацыянальным інтарэсам Беларусі

На мінулым тыдні сэнатар Джым Джэфардз выйшаў са складу Рэспубліканскай партыі, і тая страціла бальшыню ў Сэнаце. Дэмакраты, пераняўшы кіраўніцтва Сэнатам і ключавымі камісіямі, змогуць лёгка спыняць любыя ініцыятывы прэзыдэнта Буша.

 

Так, праект стварэньня новай сыстэмы проціракетнай абароны аказаўся пад пагрозай, бо, каб пачаць працу над ім, Амэрыка мусіць выйсьці зь міжнароднай дамовы аб ПРА ад 1972 г., якая забараняе стварэньне гэткіх сыстэмаў. А рашэньні аб выхадзе краіны зь міжнародных пагадненьняў можа прымаць толькі Сэнат.

Без падтрымкі адпаведных сэнацкіх камісіяў Белы дом не атрымае й 60—80 млрд. даляраў на дасьледаваньні й выпрабаваньні ў гэтай галіне, патрэбныя на бліжэйшыя дзесяць гадоў. Заўтра, у аўторак, кіраўніком сэнацкай камісіі па абароне зробіцца сэнатар-дэмакрат, які выступае супраць стварэньня проціракетніцы й выхаду ЗША з дамовы. Дэмакраты патрабуюць дадатковых праверак дзейснасьці сыстэмы і ня пэўныя ў неабходнасьці залучаць пад проціракетны шчыт эўрапейскіх хаўрусьнікаў, а таму, маўляў, няма чаго й думаць пра проціракетніцу за часы кіраваньня Буша.

Нацыянальным інтарэсам Беларусі гэтая затрымка супярэчыць. Хуткае разьвіцьцё сыстэмы проціракетнай абароны аслабіла б значэньне расейскага стратэгічнага ядравага патэнцыялу і ролю Расеі ў рэгіёне. Дзеля гэтага Беларусь атрымала б большае поле для манэўру.

Сяргей Рак

Кампэнсацыі нявольнікам нацызму

Нямецкія прадпрыемствы абвяшчаюць умовы выплаты кампэнсацыяў за прымусовую працу ў часы нацыянал-сацыялізму. Права на адплату маюць вязьні канцлягераў, гета (на суму да 15 000 марак) і асобы, дэпартаваныя з/на тэрыторыю Нямеччыны дзеля прымусовых працаў.

Гэта тычыцца і вязьняў-дзяцей – для іх кампэнсацыя такая самая, што й для дарослых. Адплату атрымаюць і ахвяры іншых дзеяньняў нацыстоўскага рэжыму, напрыклад, мэдычных досьледаў. Аднак плаціць будуць цывільным грамадзянам, дэпартаваным для працы на прамысловых прадпрыемствах. Ахвяры баявых дзеяньняў і ваеннапалонныя ня могуць разьлічваць на кампэнсацыю.

Каб атрымаць грошы, трэба да 11 жніўня 2001 г. падаць пісьмовую заяву адвольнай формы. Доказы (любыя) знаходжаньня ў канцлягеры, на прымусовых працах і г.д. можна дасылаць пазьней. Калі дакумэнтаў-доказаў няма, фонд пэўнае краіны павінен зрабіць запыт у архіўныя і пошукавыя арганізацыі Нямеччыны. Калі й там доказаў ня знойдуць, просьбіту трэ будзе за паўгоду пацьвердзіць праўдзівасьць сваёй заявы ў нейкі іншы спосаб – доказам могуць быць нават тагачасныя паштоўкі ці лісты. Калі чалавек, які мае права на адплату, памёр пасьля 15 лютага 1999 г., яе могуць атрымаць спадкаемцы – ня толькі дзеці або ўнукі, але й браты ці сёстры.

Беларусы (або грамадзяне нашай краіны на 16 лютага 1999 г.), каб атрымаць кампэнсацыі, мусяць зьвяртацца ў Беларускі рэспубліканскі фонд “Узаемаразуменьне і прымірэньне”. Паштовы адрас: 220013 Менск, вул.Якуба Коласа, 39а, т.(017) 232-70-96, факс 232-11-33. Наконт адплаты за маёмасную шкоду належыць зьвяртацца ў той самы фонд. Кампэнсацыі атрымаюць і тыя, хто ўжо атрымаў у сярэдзіне 90-х пэўную грашовую суму ў якасьці кампэнсацыі за рабскую працу (тыя выплаты ў гэты раз ня ўлічваюцца).

С.Р.

Агляд сярэднеэўрапейскіх падзеяў

У Кіеве Кінах,

у Будапэшце кілер

Прэзыдэнт Украіны выдаў дэкрэт аб увядзеньні пасадаў дзяржаўных сакратароў. Тэарэтычна яны маюць адказваць за тэхнічныя бакі дзейнасьці ўраду (выкананьне бюджэту адпаведнага міністэрства ці прызначэньне прадстаўнікоў міністэрства ў вобласьці), але практычна будуць кантраляваць дзейнасьць міністраў і нават прэм’ера. Сакратароў прызначае прэзыдэнт, і зьняць іх немагчыма на працягу ўсіх пяці гадоў іх знаходжаньня на пасадзе. Тым самым урад пападае пад найшчыльнейшы кантроль адміністрацыі прэзыдэнта.

 

Напрыканцы красавіка ў адной зь перадачаў вугорскага камэрцыйнага тэлеканалу “РТЛ-клюб”, паказалі расейца, які абвесьціў, што, калі б яму прапанавалі забіць вугорскага прэм’ер-міністра, гэта каштавала б замоўніку ўсяго мільён даляраў. На наступны дзень вугорскія ўлады й расейскае МЗС запатрабавалі тлумачэньняў. Чалавек, які даваў інтэрвію, выявіўся звычайным маскоўскім прадаўцом, што пагадзіўся адыграць у перадачы ролю кілера за тысячу даляраў. Тады журналіста, аўтара праграмы, звольнілі за парушэньне журналісцкай этыкі.

 

4 з 5 фірмаў, якія падраджаліся прадаць чэхам 36 зьнішчальнікаў, адмовіліся ад удзелу ў конкурсе. Спачатку, без тлумачэньня прычынаў, з тэндэру выйшлі амэрыканскія Lockheed Martin i Boeing. Кажуць, што чэскі ўрад паставіў умову: фірма, якая атрымае гэтую выгодную замову, павінна інвэставаць у чэскую эканоміку суму, роўную 150% ад кошту летакоў. Газэта «Pravo», піша, што ўрад запатрабаваў іншага — каб дакумэнты на кантракт вартасьцю больш чым 2 млрд. даляраў былі складзеныя па-чэску, а не па-ангельску, і цэны падаваліся не ў далярах, а ў кронах. На наступны дзень з конкурсу выйшлі французы з Mirage 2000 і немцы з Eurofighter. Таму чэхі, відаць, будуць лятаць на Gripen-ах, якія ім прадасьць брытанска-швэдзкі кансорцыюм BAE Systems—SAAB.

С. Р.

Таямніцы сэрбскіх спэцслужбаў

Камандзір Аддзелу спэцапэрацыяў сэрбскае службы бясьпекі па мянушцы “Легія” бяз пэўнай прычыны адкрыў страляніну зь пісталета ў начным клюбе мястэчка Кула. Стрэл спрычыніўся да пажару, які зьнішчыў той клюб дазваньня.

 

Сэрбы ня ведаюць, што рабіць з 5 тысячамі штатных супрацоўнікаў, безьліччу інфарматараў, найноўшым шпегаўскім абсталяваньнем ды велізарнымі архівамі Сэрбскай дзяржаўнай службы бясьпекі (SDB).

У Каштуніцы не стае сьмеласьці сшыхтаваць баявы Аддзел Спэцыяльных Апэрацыяў SDB ды выгукнуць “Спаволь!” ды “Роскід!” Новае сэрбскае кіраўніцтва абавязанае сакрэтнай паліцыі за тое, што яна моўчкі “здала” Мілошавіча.

Прэм’ер Джынджыч сьведчыў, што ўвечары 4 кастрычніка летась ён дамовіўся зь Легіям – камандзірам Аддзелу – пра нэўтралітэт SDB. Гэта, кажа Джынджыч, уратавала краіну ад грамадзянскае вайны.

Хоць людзей Легіі абвінавачвалі ў многіх забойствах у Сэрбіі і суседніх краінах, дзіўным чынам ён захоўваў сваю пасаду аж да траўня гэтага году. У гэты дзень Легія бяз пэўнай прычыны стрэліў зь пісталета ў начным клюбе мястэчка Кула. У выніку стрэлу пачаўся пажар, і дыскатэка згарэла да галавешкі. Легію затрымалі.

Яшчэ адзін прыклад загадкавага супрацоўніцтва дэмакратаў з былымі мілошаўцамі – адмова Каштуніцы прыняць адстаўку кіраўніка SDB генэрал-палкоўніка Радэ Маркавіча, пра якую той папрасіў 5 кастрычніка. Дэмакраты пратэставалі з-за таго, што Маркавіч заставаўся пры пасадзе і, відаць, паціху спальваў сакрэтныя дакумэнты з архіваў SDB. Зьнялі Маркавіча толькі ў лютым гэтага году, калі выявілася, што ён меў дачыненьне да арганізацыі некалькіх забойстваў і замаху на жыцьцё Вука Драшкавіча.

Наагул, SDB падазраюць у ня менш як 30 забойствах, мностве іншых крымінальных і ваенных злачынстваў, гандлі наркотыкамі (у сэйфах SDB у Бялградзкім банку знайшлі 660 кг гераіну) ды выкраданьні людзей.

Урад Каштуніцы пачынае патроху саджаць у турмы мілошавіцкіх дзялкоў, але ідзе гэтая справа марудна: дакумэнтаў няшмат, сьведкі маўчаць, бо баяцца, а многія зь людзей дыктатара ўсё яшчэ пры ўладзе.

Алесь Кудрыцкі

Расея

Скарачэньне ўнутраных войскаў

Да 2002 г. колькасьць службоўцаў унутраных войскаў МУС Расеі зьменшыцца на 20 тыс. чалавек, а да 2005 г. – на 37 тыс.

Пра гэта паведаміў у суботу міністар унутраных справаў Расеі Барыс Грызлоў пасьля паседжаньня пашыранае Рады ўнутраных войскаў па пытаньні іхнага рэфармаваньня.

Пуцін працягвае ажыцьцяўленьне сваёй праграмы мадэрнізацыі Расеі. Чарга вайсковай рэформы надыходзіць пасьля пераменаў падатковай, канстытуцыйнай, партыйнай сыстэмаў, рэарганізацыі аховы здароўя і вышэйшае адукацыі.

Найбольшую патрэбу ў карных войсках малады расейскі капіталізм адчуваў у часе ельцынскіх рэформаў, небясьпечных пагрозамі сацыяльных узрушэньняў. Цяпер Расея сьцішылася. Відаць, хутка й Чачэнію пакінуць у спакоі.

Б.Т.

Нэпал

Эўрапейская адукацыя

У надзвычай хуткі спосаб стаўся каралём Нэпалу 29-гадовы прынц Дыпэндра, перастраляўшы ўсю сваю яснавяльможную сям’ю, якая прымушала яго жаніцца зь нялюбай дзяўчынай.

 

Загінуў кароль Бірэндра, каралева Айшвар’я, а таксама браты й сёстры Дыпэндры. Апошнім стрэлам шалёны прынц хацеў забіць сябе, але спудлаваў. Цяпер ён у цяжкім стане знаходзіцца ў адным са шпіталяў Катманду, а ягоныя манаршыя абавязкі (па законе Дыпэндра стане манархам як найстарэйшы з дынастыі) выконвае малодшы брат Г’янэндра, які, на сваё шчасьце, у той дзень быў зьехаўшы з дому.

Забітых пахавалі з урачыстасьцямі. Вінтоўку схавалі.

У свой час яго каралеўская мосьць вучыўся ў Ітане, у самай прэстыжнай брытанскай школе.

С.М.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0