Малітва за забітых суайчыньнікаў

Польскія каталікі пакаяліся за свае грахі перад габрэямі

Сямён Букчын, Варшава

 

Год таму Польшча жахнулася, дазнаўшыся пра масавае забойства габрэяў, зьдзейсьненае палякамi, жыхарамі мястэчка Ядвабнае, што непадалёк Ломжы на Беласточчыне. 10 лiпеня 1941 г. безь непасрэднага загаду немцаў, з уласнай iнiцыятывы, яны спалiлi каля 1600 сваiх аднавяскоўцаў-габрэяў у стадоле, перад тым назьдзекваўшыся зь iх.

 

Гiсторыя набыла вядомасьць дзякуючы кнiзе вядомага амэрыканскага гiсторыка польскага паходжаньня Яна Томаша Гроса «Суседзi», выдадзенай у Польшчы ўвесну мiнулага году. Распачалася бурлівая палемiка. Адны сьцьвярджалi, што вядучую ролю ў гэтым забойстве адыгралі ўсё-такі немцы. Iншыя даводзiлi, што габрэі самi вiнаватыя — разьюшылi палякаў сваiм супрацоўнiцтвам з Саветамi, якiя прыйшлi на гэтую зямлю ўвосень 1939 г. Хтосьці бачыў прычыну ў традыцыйным польскiм антысэмiтызьме, якi ў 30­я жывiўся непрыхiльным стаўленьнем да габрэяў польскага Касьцёлу i адкрытай варожасьцю так званае эндэцыі, тагачасных польскiх нацыянал-сацыялiстаў.

Праўда пра падзеi ў Ядвабным моцна паўплывала на польскую сьвядомасьць, якая ўжо зжылася была з вобразам самай гераiчнай, самай пакутнiцкай нацыi. Высьветлiлася, што сярод палякаў былi ня толькi героi Армii Краёвай, варшаўскага паўстаньня i Монтэ-Касына, але й забойцы, нічым ня лепшыя за гiтлераўцаў. З гэтым абцяжараным сумленьнем трэ было штосьцi рабiць, асаблiва маючы на ўвазе жаданьне Польшчы як мага хутчэй увайсьці ў Эўразьвяз. Разам з тым вiдавочна, як на працягу апошнiх гадоў сумленная польская думка iмкнецца адкрыта разабрацца з балючымi старонкамi ўласнай гiсторыi i пэўнымi бакамi нацыянальнай мэнтальнасьцi.

Больш зацятымi зрабілiся й атакi тутэйшых шавiнiстаў, якiя традыцыйна бачаць усюды «сiянiсцкую змову». Нават аўтарытэт Яна Паўла II, якi заклiкаў каталiкоў павініцца перад «старэйшымi братамi-габрэямі», ня дзейнiчае. Яны i ў яго шукаюць «габрэйскiя каранi».

Аляксандар Квасьнеўскi вырашыў, што 10 лiпеня, у 60-ю гадавiну трагiчных падзеяў, ён прыедзе ў Ядвабнае i ад iмя польскага народу папросiць прабачэньня. Да яго далучацца палiтыкi, прадстаўнiкi грамадзкасьцi. Больш складанай выглядае пазыцыя Касьцёлу. Пагаджаючыся з «польскай вiной», прымас Польшчы кардынал Юзаф Глемп падкрэслiў, што i габрэям не зашкодзiла б папрасiць прабачэньня ў палякаў за тых сваіх супляменьнікаў, якія ў сталiнскія часы спрычынiлiся да перасьледу й рэпрэсіяў супраць польскiх патрыётаў. На гэта рабiн Варшавы i Лодзi Мiхаэль Шудрых адказаў, што гэта рабiлi габрэі, якiя сьвядома выраклiся свайго габрэйства і лiчылі сябе «iнтэрнацыяналiстамi», тады як палякi ў Ядвабным уважалі, што сваёй жудаснай справай яны служаць каталiцтву.

Пасьля доўгіх спрэчак біскупат вырашыў правесьці прабачальную iмшу 27 траўня ў варшаўскiм касьцёле Ўсiх Сьвятых. Гэта было моцнае вiдовiшча. Польскія бiскупы на чале з кардыналам Глемпам на каленях прасiлі ў Бога прабачэньня за забойства габрэяў у Ядвабным. Трэба ведаць Польшчу, гiсторыю польскага каталiцызму i гiсторыю польска-габрэйскiх стасункаў на працягу стагодзьдзяў, каб у поўнай меры ацанiць значнасьць тае імшы, якая ня мела прэцэдэнту ў гiсторыi польскага Касьцёлу.

Iмша мела жалобны характар. Бiскупы выйшлi ў чорных сутанах пад гукі арганнай iмправiзацыi «Сьвяты Божа». Працэсiю ўзначальваў прымас Глемп у фiялетавай мантыi, сымбалi жалобы, ён нёс крыж. Да агульнай малiтвы запрасiў бiскуп Станiслаў Гамдэцкi, старшыня Рады Бiскупства Польшчы па справах рэлiгiйнага дыялёгу. Вось ягоныя словы: «Жадаем як пастыры польскага Касьцёлу праўдзiва стаць перад Богам i людзьмi, перш за ўсё перад нашымі габрэйскiмi братамi i сёстрамi, i павiнiцца ў жалобе з прычыны забойства, якое адбылося ў Ядвабным у лiпенi 1941 г. Яго ахвярамi сталiся габрэі, сярод злачынцаў былi палякi, у тым лiку хрышчаныя. Гэта цяжкая праца – ачышчэньне нашай памяцi, але безь яе немагчыма ачышчэньне нашага сумленьня. Сьвядома iдучы да гэтага, мы яшчэ раз асуджаем усялякiя праявы неталерантнасьцi, расізму i антысэмiтызму».

Прымас Глемп агалосiў малiтву Яна Паўла II за габрэяў, напiсаную тры гады таму па просьбе Камiтэта польскага Бiскупства па справах дыялёгу зь юдаiзмам.

«Gazeta Wyborcza» параўнала гэтую імшу па значнасьці са справай Дрэйфуса i назвала гэты акт «голасам вольнай, дэмакратычнай Польшчы, якая ўзьнялася над канфэсiйнымi i палiтычнымi падзеламi».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0