Спакойна і павольна, нібы ў зачараваным сьне

ХІІІ зьезд Саюзу пісьменьнікаў Беларусі

Ёсьць такая нарвэская байка. У жыхара гэтай краіны колісь запыталі: “Колькі ў Вашай краіне пісьменьнікаў?”. Той дастаткова ўпэўнена адказаў: “Дзесьці пяць-шэсьць, а калі ўлічыць і таго, які сам сябе лічыць пісьменьнікам, дык тады сем”. У Саюзе пісьменьнікаў Беларусі пісьменьнікаў 505, зь іх 370 сабраліся ў менскім Доме Літаратара 29 траўня на нечарговы зьезд. Незалежная прэса і недзяржаўнае радыё надавалі незвычайна вялікую ўвагу гэтай падзеі, прагназуючы магчымы раскол СП на нацыянальныя суполкі і вострыя ацэнкі палітычнага стану ў краіне дэлегатамі.

 

Напачатку была доўгая і нудная рэгістрацыя, пацалункі і абдымкі старых сяброў, фатаздымкі на памяць. Сярод дэлегатаў быў найстарэйшы на сёньня пісьменьнік – 94-гадовы Ігнат Дуброўскі.

Зьезд пачаўся з прамовы Ніла Гілевіча, якая сваім патасам і грамадзянскасьцю павінна была ўзрушыць дэлегатаў: беларуская мова і духоўная культура знаходзяцца на правах падчаркі ў родным доме, курэе Чарнобыль, вымірае нацыя, кіраўніцтва краіны гандлюе сувэрэнітэтам, эканоміка кульгае на абедзьве нагі... Прамова была аздобленая цытатамі клясыкаў: “Беларусь! Твой народ дачакаецца...”, і “Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі”, і “Прощай, немытая Россия”, і “На сход, на ўсенародны грозны, бурны сход!”. Аднак настрой дэлегатаў, што ляніва слухалі палымяны выступ, можна было хутчэй ахарактарызаваць цытатай з папулярнай у 80-я песьні пра зайцаў.

Ніл Гілевіч зьвярнуў увагу на тое, што беларускія пісьменьнікі імкнуцца пазьбягаць палітыкі, што, на ягоную думку, няслушна. Пісьменьнік мусіць ня толькі прыйсьці на прэзыдэнцкія выбары, ён мусіць пераконваць людзей у неабходным для краіны сыходзе. Гілевіч заклікаў калегаў не баяцца закранаць палітыку на зьезьдзе, прыняць рэзалюцыю пра палітычны стан у краіне і выказаць пратэст супраць страты нацыянальнага сувэрэнітэту.

Усьлед Анатоль Вярцінскі выказаў заклапочанасьць маральным і духоўным станам моладзі і заклікаў прыняць адпаведную дэклярацыю аб моладзі. Данута Бічэль-Загнетава прапанавала стварыць (як у расейскім тэлеклюбе знатакоў?) Акадэмію Бесьсьмяротных з 25 чалавек. Адразу паўстала пытаньне, дзе тая мяжа, што аддзяляе бесьсьмяротнага ад звычайнага сьмяротнага, і хто яе будзе вызначаць.

Арганізатары слушна зрабілі, не паставіўшы прывітаньняў да зьезду суцэльным блёкам. Паміж выступамі галоўных прамоўцаў яны глядзеліся жыва і наводзілі на задуменны лад. Першае прывітаньне было ад Лукашэнкі: “Пісьменьнік у нашай краіне заўсёды карыстаўся вялікай павагай. Для нас заўжды зьяўляюцца ўзорам вытанчаная лірыка Максіма Багдановіча, грамадзянскі патас тытанаў слова – Янкі Купалы і Якуба Коласа, эпічнасьць Івана Мележа, грамадзянская адказнасьць Івана Шамякіна, напружаны псыхалягізм ваеннай прозы Васіля Быкава, шырыня і філязафічнасьць паэзіі Максіма Танка і Аркадзя Куляшова, гістарычная праўдзівасьць і сьветлы рамантызм Уладзімера Караткевіча. Дзяржава і надалей будзе падтрымліваць таленавітых творцаў, шчырых носьбітаў нацыянальных традыцый, ствараць умовы для іх плённай працы. Мы ніколі не адрачомся ад сваіх каранёў, роднай беларускай мовы, культуры”.

Прывітаньне ад Васіля Быкава зачытаў Генадзь Бураўкін. Быкаў адзначыў, што на сёньня галоўная каштоўнасьць для чалавека – індывідуальная свабода. Ёй нельга ахвяраваць, як нельга ахвяраваць і нацыянальным сувэрэнітэтам. “Чэсныя” пісьменьнікі ніяк не адрэагавалі на гэтыя словы. Затое кіраўніцтва СП крыху пабэсьціла сяброў ПЭН-цэнтру, якія нібы дыскрэдытуюць Саюз пісьменьнікаў.

Алег Трусаў зачытаў прывітаньне ад імя ТБМ, якое збольшага паўтарала загалоўны артыкул у “Нашым слове”, прысьвечаны нядаўняму зьезду вышэйзгаданай арганізацыі. Усё тая ж тысяча гадоў мове, самая перадавая канстытуцыя, самае перадавое войска і велізарнае, на паў-Эўропы, Вялікае Княства Літоўскае.

Вольга Іпатава заклікала да дыялёгу з уладамі, скардзілася перад прысутнымі ў залі высокімі чыноўнікамі на недастатковае дзяржаўнае фінансаваньне СП і, разам з тым, выказала занепакоенасьць станам беларускай мовы, зьнікненьнем нацыянальна арыентаваных праграмаў зь дзяржаўнай тэлевізіі, дала адлуп Алесю Савіцкаму і “Народнай газэце” за брудныя інсынуацыі ў адрас СП. Іпатава папярэдзіла, што пісьменьнікі, каб выказаць свае думкі, пойдуць не на плошчу Бангалор, а на плошчу Незалежнасьці.

Старшыня рэвізійнай камісіі Вячаслаў Стома ў сваім дакладзе вінаваціў мінулага лідэра СП Уладзімера Някляева ў прыўлашчаньні дзяржаўных сродкаў і раскраданьні маёмасьці. Сумы, якімі апэраваў Стома, уражвалі: сотні тысяч, мільёны раскрадзеных пісьменьніцкіх беларускіх рублёў. Праўда, недэнамінаваных. Бо калі перавесьці тыя рублі ў даляры, не такая ўжо і вялікая, нават па беларускіх мерках, сума. Але ўсё ж ня скрыня цьвікоў.

Някляеў, які сядзеў у прэзыдыюме, адмовіўся адказваць на “абсурдныя”, як ён сказаў, абвінавачаньні. Замест гэтага ён распавёў зьезду, як вырваў свой хворы зуб, а таксама заклікаў прысутных не схіляць галавы перад рэжымам, захоўваць пісьменьніцкі гонар, не падпісваць з уладай ніякіх дамоваў — усё адно падмануць — і адмовіўся браць удзел у выбарах старшыні Саюзу.

Крытыкаваў у сваім выступе сёньняшнюю ўладу, якая крок за крокам зьнішчае ўсё нацыянальнае, і Вячаслаў Адамчык. А вось Генадзь Пашкоў заклікаў пісьменьнікаў не паддавацца на брудныя правакацыі і працаваць дзеля будучыні краіны разам з уладай. Сяргей Законьнікаў не пагадзіўся, назваў становішча зь беларускай мовай у краіне “дрэнным” і нагадаў Генадзю Пашкову, што пагрозамі беларускіх пісьменьнікаў не запалохаць.

Аднак прамовы дастаткова эмацыйныя, водгуку ў душах слухачоў ня выклікалі: зьезд працякаў памяркоўна і талерантна. Нават Мікалай Чаргінец нікога не вінаваціў у нацыяналізьме, не прымушаў пакаяцца і нават запэўніў, што зробіць усё магчымае, каб закон аб беларускай мове быў праведзены ў жыцьцё.

Дадавалі млявасьці й выступы Генадзя Дыляна, прадстаўніка Міністэрства адукацыі, і Леаніда Гулякі, міністра культуры. Прамовы іхныя былі пабудаваныя на лічбах: посьпехі, посьпехі, посьпехі. Хто-ніхто з дэлегатаў нават прыснуў. Астатнія гаманілі між сабой, зьвяртаючы ўвагу на трыбуны толькі ў часе галасаваньня або нейкіх эксцэнтрычных выбрыкаў выступоўцаў.

Нават вылучэньне кандыдатаў на пасаду старшыні СП прайшло будзённа і мірна. Іван Шамякін сказаў, што старшынём мусіць стацца чалавек з валявым мужчынскім характарам, які добра разьбіраецца ў праблемах Чарнобыля, бо гэта для нас асноўнае пытаньне. І прапанаваў Міколу Мятліцкага. З партэру выгукнулі імя Міхася Скоблы. Васіль Быкаў у тэлефанаграме аддаў голас за Вольгу Іпатаву. Анатоль Сыс прапанаваў сваю кандыдатуру. Самавылучэньне Сыса абудзіла публіку, і пасыпаліся прапановы: Анатоль Бутэвіч, Генадзь Бураўкін, Іван Чарота, Генрых Далідовіч, Сяргей Законьнікаў. Пісьменьніцкая суполка “Духоўнае адраджэньне” (45 чалавек) высунула кандыдатуру Алеся Пісарыка. Сяргей Законьнікаў інтуіцыйна адчуў нядобрае і некалькі хвілінаў беспасьпяхова спрабаваў узьняць зь месца хоць аднаго “духоўнага адраджэнца”. Марна. Кандыдатура была адхіленая. Пакрыўджаны Пісарык хуценька зьнік з залі. А далей Бутэвіч, Бураўкін, Чарота, Далідовіч і Законьнікаў зьнялі кандыдатуры. Сыс не прайшоў “рэгістрацыі”.

Засталіся ў сьпісах толькі Мікола Мятліцкі ад партыі “памяркоўных” і Вольга Іпатава ад “нацыяналістаў”.

Акрамя гэтага, да абеду шчэ трэ было абраць 65 раднікаў у Раду. Гілевіч, Брыль, Шамякін, Навуменка адмовіліся браць удзел у Радзе. Не ўвайшлі й адыёзныя Скобелеў, Аўруцін ды Чаргінец.

І перад самым абедам дэлегаты прынялі пастанову, у якой выказалі заклапочанасьць лёсам беларускае незалежнасьці. Па абедзе частка пісьменьнікаў, з пачуцьцём выкананага абавязку, разышлася. Каля паловы засталося слухаць далей.

Ускалыхнуў пісьменьніцкую грамадзкасьць выступ віцэ-прэм’ера Міхаіла Дземчука. Ён заявіў, што пісьменьнікі мусяць займацца прыгожым пісьменствам, а палітыкай будуць займацца палітыкі. А на беларускую мову цяпер усё навокал пераводзіць ня мае сэнсу, бо тут патрэбныя новыя тэхналёгіі. Потым Дзямчук рытуальна плюнуў у заходні бок – маўляў, іхныя інвэстыцыі разам з грашыма нясуць бруд варожай культуры. Напрыканцы прамоўца разгарнуў перад прыгаломшанымі пісьменьнікамі маляўнічыя пэрспэктывы першага нацыянальнага тэлеканалу і годнага гадаваньня там беларускіх літаратурных і культурніцкіх праграмаў. Складалася ўражаньне, што чалавек прыехаў аднекуль неадсюль.

З выступоўцаў толькі Георгі Марчук зьвярнуў увагу на жудасны стан беларускіх дзяржаўных часопісаў і газэтаў. Усе астатнія захапляліся высокай мастацкай вартасьцю “Полымя”, “Крыніцы”, “Літаратуры і мастацтва”. “Нашу Ніву” за крытыку Саюзу пісьменьнікаў ушчувала Вольга Іпатава. Аднак юбілейны нумар “НН” чыталі ва ўсёй залі і нават прылюдна ў прэзыдыюме.

Перакладчык Лявон Баршчэўскі адрэзаў: “Пра палітыку, дзе кіруе хам, гаварыць нельга”, а пасьля даў пытлю папяровым “змагарам” за беларушчыну. Ён адзначыў, што адна справа змагацца за беларускую мову пяром, а другая – на вуліцы, калі за беларускае слова хапаюць на прыступках кансэрваторыі Віктара Скарабагатава і хлопцаў на стадыёне “Дынама”. Свой выступ Баршчэўскі скончыў наступным афарызмам: “Калі пісаць для народу, ніхто чытаць ня будзе, трэба пісаць для чытача”, а ня скардзіцца потым, што тыражы малыя і літаратура не раскупляецца.

Зьезд паціху каціўся да завяршэньня. Трымалі ўвагу толькі Анатоль Сыс і Ўладзімер Някляеў. Сыс час ад часу імкліва ўрываўся ў залю з калідору, пытаўся, хто найлепшы паэт Беларусі, і хуценька зьнікаў. Някляеў мэлянхалічна перасоўваўся па прэзыдыюме, падсаджваўся да калегаў, піў мінэральную ваду, усім сваім выглядам дэманструючы, што яму нецікава.

Прыканцы зьезд прыняў рэзалюцыю, у якой зноў выказаў заклапочанасьць станам беларускай мовы, абвесьціў Саюз пісьменьнікаў Беларусі непалітычнай грамадзкай арганізацыяй зь яркай грамадзянскай пазыцыяй і правам выступаць па розных пытаньнях надзённага і духоўнага жыцьця.

Старшынёй СП, як і варта было чакаць, сталася Вольга Іпатава. За яе былі пададзеныя 195 галасоў, за Мятліцкага – 127 (з 341). Пра настроі, што пануюць сярод пісьменьнікаў, сьведчыць той факт, што супраць уключэньня Быкава ў Раду Саюзу прагаласаваў 41 (!) пісьменьнік, а супраць уключэньня генэрала Чаргінца — 177.

Ад зьезду засталося складанае ўражаньне. Тое, што кожны з творцаў слухае толькі сябе, у лепшым выпадку суседа, не навіна. Напалохаў той момант, калі большасьць залі зааплядавала выказваньню аднаго з аратараў: калі няма грошай на выданьне кнігі, трэба ўзяць іх у камэрцыйных выдавецтваў, якія купаюцца ў гэтых грошах. Большасьць у Саюзе, гэтым аплоце беларускага нацыяналізму, складаюць носьбіты нацыяналізму бээсэсэраўскага. І відаць, гэта ня выправіцца ў найбліжэйшай будучыні, бо і самыя таленавітыя маладыя творцы, і самыя імпэтныя маладыя нацыяналісты Саюз пісьменьнікаў ігнаруюць.

Эдвард Людовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0