Разьвітаньне з Радзімай

21 тыдзень на першым месцы ў гіт-парадзе Радыё Рокс

Песьня Вэранікі Кругловай з альбому “Я нарадзіўся тут” на вершы Сержука Сокалава-Воюша і музыку Палянэзу Агінскага пабіла ўсе рэкорды папулярнасьці. Яна трымаецца на першым месцы штотыднёвага гіт-параду Радыё Рокс 21 тыдзень запар, фактычна з Новага году. Сьледам за Палянэзам – спачатку на крок, потым на пяць крокаў ззаду – ішла песьня “Я нарадзіўся тут” з таго ж альбому. Але ўрэшце ня вытрымала націску новых песень і адстала.

 

“Разьвітаньне з Радзімай” – самы папулярны твор беларускае музыкі. Промні ягонае славы асьвятлялі ўсё, чаго краналіся. Беларускія кінэматаграфісты ў 1971 г. зьнялі дзіцячы ваенна-прыгодніцкі фільм “Палянэз Агінскага”, які сабраў 22,2 мільёны гледачоў і трапіў ува ўсесаюзныя лідэры кінапракату. Дый “Попел і алмаз” Анджэя Вайды, напэўна, не крануў бы так сэрцаў людзей у розных краінах сьвету, калі б не мэлёдыя Палянэзу.

А колькі кніжак было напісана пра Палянэз і пра ягонага аўтара! Там падрабязна распавядалася, як Міхал Клеафас Агінскі ў Слоніме (у маёнтку свайго стрыечнага дзядзькі Міхала Казіміра Агінскага) пісаў палянэз, а на двары грукаталі расейскія гарматы. Граф Агінскі пражыў жыцьцё, як у авантурным рамане. У 20 гадоў – пасол Сойму Рэчы Паспалітай. У 24 – польскі амбасадар у Англіі ды Нідэрляндах. Напярэдадні паўстаньня Касьцюшкі – скарбнік (то бок міністар фінансаў) Вялікага Княства. Пазьней – удзельнік паўстанцкага ўраду. Выгнаньнік. Нейкі час жыў у Канстантынопалі ў якасьці эмісара польскай эміграцыі. У 1802 г., пасьля таго, як цар абвясьціў амністыю, граф Агінскі вярнуўся на радзіму і асеў у сваім маёнтку ў Залесьсі пад Смургонямі. Неўзабаве ён ізноў апынаецца ў коле “вялікай палітыкі” – цяпер ужо ў Санкт-Пецярбургу. 20 гадоў ён быў сэнатарам Расейскай імпэрыі і дарадцам Аляксандра I. Увесь гэты час ён дарэмна дабіваўся адраджэньня літоўскай дзяржаўнасьці. Цар нават абяцаў увесьці на нашых землях экспэрымэнтальную канстытуцыю… Аднак усё скончылася ганеньнямі на масонаў, якія раней пачуваліся ў Імпэрыі ўтульна. Граф Агінскі, як і пераважная большасьць літоўскіх магнатаў, займаў высокую ступень у масонскай гіерархіі. З гэтае прычыны ён мусіў зьехаць за мяжу і апошнія 10 гадоў пражыў у Флярэнцыі.

Сама назва Палянэзу – “Разьвітаньне з Радзімай” – прыдуманая ўдзячнымі нашчадкамі. І знаёмая ўсім мэлёдыя – апрацоўка, зробленая Дзьмітрыем Рогаль-Лявіцкім (1898—1962), прафэсарам Маскоўскай кансэрваторыі, аўтарам некалькіх дапаможнікаў па аркестроўцы і фактычным аўтарам опэры “Тарас Бульба” Салаўёва-Сядога і яшчэ многіх твораў, прыпісваных буйным чыноўнікам, што кепска валодалі кампазытарскім рамяством. Славуты Палянэз ён апрацаваў, крыху падладзіўшы пад салённыя густы папярэдняга, XIX ст. Рогаль-Лявіцкі быў зачараваны Палянэзам з-за сваіх каранёў. Прафэсар нарадзіўся ў іркуцкіх рудніках, куды ягоных бацькоў адправілі пасьля паўстаньня 1863 г. Сапраўдная музыка Агінскага вядомая толькі спэцыялістам-музыказнаўцам. У аўтарскім варыянце Палянэз гучыць яшчэ больш гарманічна ды вытанчана. Варыянт Рогаль-Лявіцкага моцна спрошчаны.

Ідэя напісаць словы да Палянэзу ўзьнікла яшчэ гадоў 18 таму, калі ў часе сяброўскае гулянкі Сяржук Сокалаў-Воюш зімправізаваў амаль цэлы куплет. Тая імправізацыя сканчалася словамі “гукі скрыпкі”, да чаго цяжка было адшукаць адпаведную рыфму. Усе гэтыя гады Сокалаў-Воюш працаваў над тэкстам Палянэзу, шукаючы гэтую ды іншыя рыфмы.

Кажуць, у ягонай кватэры ў Празе велічэзны стос чарнавікоў “Палянэзу” займае цэлую шуфляду ў пісьмовым стале, але да “скрыпкі” рыфмы не адшукаў.

Толькі калі прад’юсэр альбому “Я нарадзіўся тут” Алесь Суша летась зьвярнуўся да Воюша з просьбай перадаць тэкст вершу, напісанага пад музыку палянэзу, верш стварыўся. Нарадзіўся тэкст. А разам з тэкстам – песьня, якая сьціскае сэрца салодкім болем каханьня і пякучай пяшчоты.

Палянэз — не найлепшая песьня альбому “Я нарадзіўся тут”. Яе часта круцілі на радыё, а лепшыя за яе — не праходзілі цэнзуры з прычыны сваёй “нацыянальна-палітычнае недабранадзейнасьці”. Фэнамэнальны слухацкі посьпех “Разьвітаньня з Радзімай” падважвае стэрэатыпы аб тым, “якое мовы хоча народ”. Беларускамоўныя Радыё Рокс амаль ня слухаюць. Гэта тыя, хто гаворыць па-расейску, журацца аб сваёй Радзіме і галасуюць за песьню Кругловай… Мільёны зрусіфікаваных беларусаў сёньня перажываюць трагедыю разьвітаньня з самым дарагім для сэрца. Геній прад’юсэра Сушы, паэта Воюша і сьпявачкі Кругловай – у тым, што яны адчулі гэты нэрв часу.

Сэрца трымціць пры апошніх гуках Палянэзу, і марыцца як найхутчэй адчуць каварны камяк у горле ад пераможнай энэргіі, якою прасякнуты іншы твор з альбому “Я нарадзіўся тут” – марш на словы Арсеньневай “Беларусь, Беларусь залатая, За цябе, за цябе мы ідзём”.

Юлія Андрэева


Сяржук Сокалаў-Воюш

Разьвітаньне з Радзімай

Сонца праменьне стужкай вузкай
Ператкала помны вечар.
Край бацькоўскі, край мой беларускі,
Я табе кажу на разьвітаньне:
“Да спатканьня, да сустрэчы”.
Я табе кажу на разьвітаньне:
“Да спатканьня, да сустрэчы”.

Водар закінутага саду,
У небе зорка Мілавіца,
Таямніцы паркавых прысадаў
Пэўна, не аднойчы на чужыне
Будуць мроіцца і сьніцца.
Пэўна, не аднойчы на чужыне
Будуць мроіцца і сьніцца.

Прыпеў:
Зноў залунае наш штандар,
Палыхне ўначы пажар,
І паходнаю трубой
Зноў пакліча нас з табой на мужны бой
Мая Радзіма – край адзіны.
Да яго з выгнаньня
Шлях вяртаньня – шлях змаганьня.

Ростань на ростанях краіны.
Раніць думкі шлях абраны.
Прагне сэрца ў родныя мясьціны,
І Радзімы вобраз ажывае
Растрывожанаю ранай. 
І Радзімы вобраз ажывае
Растрывожанаю ранай.

Дахі мястэчак, стрэхі вёсак,
Вежы замкаў і палацаў,
Гонкіх храмаў звонкі адгалосак
Клічуць да сябе,
Бо немагчыма з гэтым краем разьвітацца.
Клічуць да сябе,
Бо немагчыма з гэтым краем разьвітацца.

Прыпеў.

Воі прагнуць волі,
Воля – сьвет і доля,
Броні звон ды коні,
Коні – кліч “Пагоні”.
Крочым з багны ночы,
З ночы шлях прарочы.

Прыпеў.

Золак, ахутаны туманам,
Далягляды ў барвах бэзу.
І гучаць нябёсныя арганы,
І жывуць у сэрцы,
І зьліваюцца ў гуках палянэзу. 
І жывуць у сэрцы,
І зьліваюцца ў гуках палянэзу.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0