Беларусь праз 100 гадоў

 

Тэхнакратычная (анты)ўтопія

а пачатку XXIІ ст. дзевяць дзясятых жыхароў Беларусі будуць жыць у гарадах. Сталіцай застанецца Менск, які будзе аздоблены хмарачосамі й разрасьцецца да памераў сёньняшняга Менскага раёну. Вёскі пабуйнеюць, набудуць выгляд сучасных райцэнтраў. Паўсюдна лягуць добрыя дарогі.

На сёньняшні погляд, беларусы праз 100 гадоў будуць заможнымі людзьмі. Харчаваньне зробіцца больш танным і разнастайным. Вырашыцца й праблема жытла — дзякуючы тэхналёгіям таннага будаўніцтва. Хоць пра нейкую сацыяльную роўнасьць гаворка не ідзе. Палярызацыя грамадзтва станецца яшчэ выразьнейшая, чым сёньня, аднак не па палітычных або матэрыяльных крытэрах. Перавагу будуць мець здольныя, творчыя людзі. Багацьце набудзе інтэлектуальны эквівалент. Дый наяўныя грошы амаль цалкам зьменяцца на віртуальныя — якія-небудзь «умоўныя адзінкі».

Беларусь застанецца ў сёньняшніх межах, але незалежнасьці не захавае. Эканамічна яна зьвяжа свой лёс з Кітаем, які пашырыць уплыў на Захад. Паўстануць шматлікія кітайска-беларускія фірмы, у беларускіх гарадах зьявяцца кітайскія кварталы.

У Беларусі ўсталюецца тэхнакратычная ўлада, досыць аўтарытарная — прынамсі, без усенародных рэфэрэндумаў. Аднак узьдзейнічаць на масы яна будзе хутчэй праз хітрыкі, чым праз прымус. Сьмяротнае пакараньне застанецца для забойцаў. А апантаным дысыдэнтам-інтэлігентам улады, мабыць, прапануюць узяць зямельныя надзелы і будаваць там уласныя ўтопіі.

Мовай для агульнага карыстаньня будзе беларуская. Яе слоўны запас істотна павялічыцца за кошт польскіх, ангельскіх, кітайскіх словаў. На расейскамоўных праз 100 гадоў у Беларусі будуць глядзець так, як сёньня глядзяць на беларускамоўных.

У рэлігійнай сфэры запануюць новыя культы. Аб’ектамі ўшанаваньня стануцца энэргія ды інфармацыя. Аднак этычныя нормы застануцца хрысьціянска-гуманістычнымі. Цэрквы ж, найхутчэй, аб’яднаюцца ці будуць суіснаваць ціха-мірна: абы хоць якія вернікі прыходзілі. Бо вольны час станецца дэфіцытам: працаваць людзям давядзецца болей, чым цяпер — збольшага, у сфэры паслуг. Праўда, і чалавечае жыцьцё падоўжыцца. У ХХІ ст. мэдыкі і навукоўцы вынайдуць сродкі супраць СНІДу, пухлінаў, радыяцыйнага забруджаньня. Так што нашыя нашчадкі будуць здаравейшымі за нас. А вось ці больш шчасьлівымі — невядома. Застануцца і зайздрасьць, і хцівасьць.

Зьменшыцца абсяг жывой прыроды: лясы павысякаюць, зьнікнуць шмат якія рэкі і азёры. Адно што застануцца запаведнікі: па два-тры на вобласьць. Аднак, нягледзячы на добрыя дарогі, езьдзіць туды гарадзкія жыхары будуць нячаста, бо і дома клопатаў хопіць. Дый забаваў таксама. Індустрыя забаваў будзе адной з найбуйнейшых. Тэатры застануцца, але, па сутнасьці, наблізяцца да сёньняшняга цырку. Вобразы з гісторыі Беларусі знойдуць адлюстраваньне ў індустрыі відовішчаў, але наш час — наўрад ці. Ён будзе падавацца занадта мітусьлівым ды маркотным. Пра Лукашэнку, БНФ, камуністаў будуць ведаць хіба дзівакі-спэцыялісты. Людзі 2101 г. скіруюць свае высілкі найперш у будучыню, а не на захаваньне памяці пра мінулае.

Lupus Est


Новы праект “Нашае Нівы”

2101 год. Якой будзе Беларусь праз 100 гадоў? Якой будзе дзяржава і які дзяржаўны лад? Якімі будуць гарады? Які горад будзе сталіцай Беларусі? Якімі межы краіны? Што беларусы будуць есьці? Якімі будуць беларускія грошы? Якім транспарт? Якімі сродкі масавай інфармацыі? Якая літаратура будзе чытацца? Ці застануцца тэатры? Якія імёны будуць самымі папулярнымі? Якімі стануць лясы і рэкі? Ці можна будзе купацца ў забруджаных сёньня азёрах? Якія зьвяры зьнікнуць, якія новыя расьліны завядуцца? Што будзе з чарнобыльскай зонай? У якіх цэрквах будуць маліцца людзі? Што яны ведацьмуць пра 2001 год? Што будзе з намі?

Пачынаючы з 25 сакавіка штотыдня — мары і фантазіі пра будучыню Вечнай Беларусі, эсэ, прагнозы і футуралягічныя артыкулы ў новай рубрыцы “НН” — “Беларусь праз 100 гадоў”. З гэтага выйдзе цэлая кніга! Чакаем Вашых допісаў. Будзем загадваць.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0