“Наша Ніва” па-за дэкадай і перад дэкадай

Алесь Чобат

 

Сталася так, што быў я сярод першых аўтараў “другой “НН”. Была гэта трэцяя газэта па “Навінах” і “Свабодзе”. І мела быць лякаматывам “гэтага адраджэньня” — як “тая “НН”, братоў Луцкевічаў, была лякаматывам “таго”. Але час памяняўся, быў ужо другі Край, другі народ, быў “калхоз”, уладку апанавала “панямонская і падняпроўская інтэлігенцыя”. Аднак “НН” пражыла гэтую дэкаду, і мне б хацелася, каб яна пражыла яшчэ дэкаду, таму буду пісаць пра тое, што будзе.

Цяперашняй “НН” бракуе розных аўтараў, якія знаюцца ў нашай гісторыі і культуры. Свабода слова — вельмі складаная штука. Па-першае, маеш дапільнаваць, каб у газэце выказаўся любы чалавек, а па-другое, трэба сачыць, каб калегі-“аднадумцы” не лілі адно на аднаго памыі ў тым самым нумары, дый шчэ рукамі сваіх адданых чытачоў. Гэта было дзесяць гадоў таму, для таго існавалі пад камсамольскім дазволам “Талака”, “Паходня” etc.

На мой розум, газэта мае трымацца аднаго напрамку, але не навязваць чытачу адзінай слушнай дарогі. Камунізм паваліўся фізычна (пажары, патопы, аварыі), бо на Камчатцы і ў Туркмэніі былі “адзіныя нормы і правілы”.

У сусьветнай журналістыцы існуе розьніца паміж рэпарцёрам і журналістам. Першы бегае па Парыжы і зьбірае голыя факты, другі ў рэдакцыі альбо дома на падставе аналізу фактуры, назьбіранай дзясяткам калегаў, робіць адзін артыкул, дзе дае сваё бачаньне той фактуры. Пры гэтым ён можа не згадаць аніводнага факту: яго цікавіць тэндэнцыя грамадзтва, ягоная дынаміка, а ня тое, што Шарль забіў сякерай жонку суседа.

“НН” паспрабавала зрабіць тое самае, толькі з улікам нашай вясковай спэцыфікі, “свойскіх хлопцаў”. Вядома, нічога кепскага ў тым няма, што навукоўцы панесьлі ў “НН” мольлю не даедзенае за непатрэбай у нашых інстытутах. Але як жа гэта суха, казённа і сонна! І, дарагія мае, адкуль у вас бальшавіцкая катэгарычнасьць?! Кіньце вы той камсамол, бо ўжо старыя і сівыя, як Сашка Чобат...

“Другая “НН” зрабіла фатальную памылку, захацеўшы быць копіяй “першай”: Уласаў з Луцкевічам ня мелі выбару — гадоў дзьвесьце перад імі амаль што не было літаратуры. А да 91-га не адны “адраджэнцы”, БНР-аўцы ды СБМ-аўцы былі...

Мне здаецца, што ўсе мы не пад Лукашэнкавым, але пад Пазьняковым гіпнозам: БССР — адно зло, бальшавікі ўсё спляжылі, нацыя гіне, Ленін памёр ад пранцаў... Мы разам з вадой дзіця выліваем. Бо адраджэньне ня зробіш паводле Ўэлза, праз “машыну часу”; наперадзе — рэформы. Але рэфармаваць мы мусім БССР. А мы зьбіраемся лячыць хворага і, як у савецкай паліклініцы, па кабінэтах яго ганяем, паперкі пішам адзін другому, замест каб рэнтген зрабіць. Наша “вострая палеміка” — гэта сварка за тое, хто будзе гной з хаты выносіць, а хто побач стаяць і махаць рукамі. Добра было б, каб хоць “НН” кінула тую “палеміку”, “не цуралася” БССР.

“Прызнаўшы” БССР дэ-юрэ, някепска было б прызнаць яе ж дэ-факта. Напрыклад, мне бракуе ў “НН” інтэрвію і дыскусій з “афіцыёзам”. Бо Іван Шамякін ведае пра Беларусь больш за Сашку Чобата. Трэба мець час пайсьці і пагаварыць, папрасіць і пацярпець. Трэба выбіць з галавы пазьнякоўскі міт, што БССР — гэта нуль, а вось мы — пуп Беларусі, трэба пыхі “адраджэнскай” пазбыцца.

Пераклады — гэта добра, але “НН” друкуе ня аўтараў, а іх перакладчыкаў. Што ў каго пад рукой, тое нясуць: ад кунг-фу да гомасэксуалізму, ад мэдытацыі да геніталіяў. Дарэчы, цяпер у Польшчы, Нямеччыне, Швэцыі і далей пра Беларусь пачалі пісаць, і менавіта пра Беларусь, а ня толькі пра арышты з мардабоямі. Погляд збоку надзвычай карысны. Было б больш такіх, староньніх, аналізаў у “НН” — было б менш “вострай палемікі вакол Чобата”, “прадукта таталітаранага рэжыму”...

Дытырамбаў да дэкады “НН” і безь мяне насьпяваюць. Не пра тое пішу, што яна “кепская”, — пра тое, як бы яна была яшчэ лепшая. А ў астатнім мне вельмі прыемна бывае адабраць тэлефон і пачуць з “НН” мілы дзявочы голас. Бяз пыхі, злосьці і местачковасьці. Беларусь выратуюць жанчыны — гэта старая формула. І калі з “НН” табе тэлефануе прыемны, інтэлігентны голас, ёсьць шанец, што “НН” будзе жыць. Чаго ёй шчыра жадаю.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0